Четверг, 19 июня 2025

Шлюбы, разводы, нараджэнні і імёны: вынікі 2022-га ад ЗАГСа

1 016

Кожную сераду ў свежым нумары «раёнкі» мы публікуем інфармацыю ад аддзела ЗАГС. Пасля дубліруем яе ў наш Viber-канал. Мяркуючы па водгуках чытачоў, гэтыя звесткі па-сапраўднаму цікавяць людзей, многія чытачы пачынаюць знаёмства з выпускам з прагляду віншаванняў, спачуванняў і зводкі ад ЗАГСа.

Вось толькі ёсць тут адзін нюанс: у інфармацыі ад аддзела запісу грамадзянскіх актаў мы даём прозвішчы і імёны толькі тых людзей, якія на гэта пагадзіліся. А колькі ўсяго было шлюбаў у раёне ў 2022-м? У якім узросце хлопцы станавіліся жаніхамі, а дзяўчаты — нявестамі? Якія імёны дзяцей сталі самымі папулярнымі? Пра гэта і не толькі наша размова з начальнікам аддзела ЗАГС Пружанскага райвыканкама Наталляй Цібароўскай.

— Наталля Радзівонаўна, як часта жыхары раёна ў мінулым годзе звярталіся ў ЗАГС?

— Усяго за мінулы год з заявамі аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур звярнуўся 4001 грамадзянін. І не заўсёды гэта жыхары Пружанскага раёна: нярэдка пэўныя пытанні ўзнікаюць у іх сваякоў і блізкіх родзічаў, якія жывуць у іншых раёнах краіны.

У цэлым за 2022-гі наш аддзел выдаў 4710 дакументаў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. Маюцца на ўвазе пасведчанні аб нараджэнні і смерці, рэгістрацыі і скасаванні шлюбу, іншыя дакументы.

— Давайце падрабязней спынімся на шлюбах. Ці карыстаюцца папулярнасцю ўрачыстыя рэгістрацыі і ў якім узросце пружанцы вырашаюцца на адказны крок — стварэнне сям’і?

— Улічваючы, што летась мы правялі 198 урачыстых рэгістрацый у ЗАГСе, то адназначна так, карыстаюцца. Упершыню ўступілі ў шлюб 181 жаніх і нявеста. Сярэдні шлюбны ўзрост з года ў год павышаецца. Летась ён склаў 30 гадоў для мужчын і 29 — для жанчын. Для шасці непаўналетніх нявест узрост уступлення ў шлюб быў зніжаны па прычыне цяжарнасці.

З заявамі на рэгістрацыю шлюбу ў ЗАГС прыходзілі не толькі грамадзяне нашай краіны. Летась адбылося 10 рэгістрацый шлюбаў паміж пружанцамі і грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Польшча і нават Малайзіі.

На жаль, мелі месца і разводы. Сярэдні ўзрост скасавання шлюбаў склаў 40 гадоў для жанчын і 41 год — для моцнай паловы чалавецтва. Усяго ж у 2022 годзе ў раёне зарэгістравана 1485 актаў грамадзянскага стану.

— Колькі маленькіх нованароджаных грамадзян было зарэгістравана летась?

— У мінулым годзе ў нашым аддзеле зарэгістравана 158 хлопчыкаў і 153 дзяўчынкі. Па заявах маці, якія не знаходзяцца ў шлюбе, адбылося 40 рэгістрацый. Пры гэтым 95 дзетак былі першымі па ліку ў сям’і, 105 малых — другімі, 70 — трэцімі, 22 — чацвёртымі, 11 — пятымі і сямёра — шостымі! А гэта не можа не радаваць. Сярэдні ўзрост матуль па выніках года склаў 28 гадоў, татамі пружанцы становяцца ў 31 год.’

— А як называюць бацькі сваіх дзетак? Якія імёны з’яўляюцца самымі частымі і, калі так можна сказаць, экзатычнымі?

— Самымі распаўсю-джанымі сярод хлопчыкаў у мінулым годзе сталі імёны Аляксандр, Арцём, Дзмітрый, Максім, Мацвей, Міхаіл, Яраслаў, Арсеній і Данііл. Дзяўчынак часцей за ўсё называлі Соф’ямі, Ганнамі, Міра-славамі, Варварамі, Ульянамі, Алісамі, Дар’ямі, Ксеніямі і Марыямі.

Што да рэдкіх імёнаў, то сярод хлопчыкаў гэта Артур, Багдан, Усяслаў, Дамір, Роберт, Расціслаў, Святаслаў, Цімафей і Фадзей. Спіс экзатычных імёнаў сярод дзяўчынак куды шырэйшы. Сюды ўвайшлі, напрыклад, некалі папулярныя імёны Уладзі-слава і Марыяна. Акрамя іх, жыхары раёна называлі сваіх дачок імёнамі Аміна, Алівія, Антаніна, Багдана, Васіліса, Дарына, Дамініка, Доня, Каміла, Лія, Майя, Мія, Меланія, Серафіма, Эльміра і Ясенія.

— Напрыканцы выдзеліце, калі ласка, самыя значныя і запамінальныя асабіста для вас мера-прыемствы, якія ЗАГС правёў у мінулым годзе.

— Мінулы год стаў для нас асаблівым у сувязі са 105-годдзем з дня ўтварэння органаў запісаў актаў грамадзянскага стану. Вялікая колькасць мерапрыемстваў была прымеркавана да гэтай даты. Напрыклад, рэгулярнымі сталі сустрэчы з навучэнцамі каледжа. З імі мы праводзілі мерапрыемства «Дарогамі памяці» на тэму генацыду, мерапрыемства да Дня Перамогі, у якім паўдзельнічаў таксама хор царквы з в. Новыя Засімавічы, мерапрыемства да Дня памяці святых Пятра і Фяўроніі, на якое мы запрасілі хор «Амафор», і іншыя.

Асабліва запомнілася свята, прымеркаванае да Дня сям’і, падчас якога правялі рэгістрацыю 11-ці пар юбіляраў сямейнага жыцця. Таксама наведванне разам з маладымі сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў Сонечным. Гэта было якраз у Дзень абароны дзяцей, хлопчыкі і дзяўчынкі тады атрымалі падарункі. Якія мы ўручалі і жанчынам, якія сталі матулямі ў Дзень маці. Насамрэч, мерапрыемстваў было сапраўды многа. Думаю, што лепшыя з іх мы працягнем і сёлета.

Няхай у новым годзе ўсе пружанскія сем’і будуць шчаслівымі, бацькі і дзеткі — здаровымі, а скасаваных шлюбаў будзе як мага менш.

Гутарыў Уладзіслаў Шпарла