Пятница, 13 июня 2025

Школы к новому учебному году готовы. А вы?

1 674

Канікулы – час адпачынку толькі для школьнікаў. І ў аддзеле па адукацыі, і ў школах жыццё кіпіць і ў летнія месяцы. За гэты час трэба паспець падрыхтаваць установы да новага навучальнага года, прааналізаваць мінулагоднія дасягненні і, калі трэба, зрабіць работу над памылкамі. Літаральна праз некалькі дзён навучальныя ўстановы раёна расчыняць дзверы і прымуць вучняў. Ці ўсё гатова да навучальнага працэсу, якіх новаўвядзенняў чакаць і якімі ж сталі вынікі ўступнай кампаніі?
Гэтыя і іншыя пытанні мы задалі начальніку аддзела па адукацыі райвыканкама І.А. Казарэз.
— Ірына Анатольеўна, давайце пачнём з падвядзення вынікаў мінулага навучальнага года.
— 10 з 310 выпускнікоў скончылі школу з залатым медалём. 21 вучань з 424 атрымаў пасведчанне аб базавай адукацыі з адзнакай. У нашай скарбонцы 11 дыпломаў абласных прадметных алімпіяд. Вучаніца СШ №5 Лізавета Люсцібер атрымала дыплом рэспубліканскай алімпіяды (настаўнік В.М. Жук). Па выніках абласных канферэнцый-конкурсаў даследчых работ нашы вучні і настаўнікі атрымалі 10 дыпломаў. Гімназістка Анастасія Балабушка (настаўніца М.В. Бугаева) узнагароджана дыпломам ІІ ступені.На жаль, сёлета ў раёне няма ні аднаго вучня, які б на цэнтралізаваным тэсціраванні дасягнуў адзнакі ў 100 балаў. Хаця па краіне такіх дзяцей 300. Магчыма, на гэта паўплывала новая сістэма падліку балаў, а магчыма, недапрацавалі настаўнікі. Два папярэднія гады па выніках ЦТ мы ўтрымлівалі чацвёртае месца ў вобласці, у гэтым го-дзе – восьмае. Па такіх прадметах, як беларуская мова, біялогія, англійская мова, нямецкая мова і гісторыя Беларусі, наш паказчык пяты ў вобласці. Як і ў папярэднія гады, вышэйшы сярэдні бал — у выпускнікоў гімназіі.
— Я магу памыляцца, але мне здаецца, што большасць “стобальнікаў” карысталася паслугамі рэпетытараў.
— Я б сказала – дадатковымі паслугамі. Падрыхтоўка да ЦТ вельмі адказная справа, і вучню вельмі складана справіцца з ёю самастойна. Абавязкова патрэбна дапамога вопытнага настаўніка. Для гэтага ў нашых школах ёсць факультатывы, стымулюючыя і платныя заняткі. На карысць вучняў працуе і профільнае навучанне. Тут таксама вельмі важна выбраць патрэбны профіль і адказна ставіцца да вучобы.


Дарэчы, ёсць яшчэ адзін момант, які значна псуе сярэдні паказчык. Многія вучні ідуць здаваць ЦТ без пэўнай падрыхтоўкі, спадзяючыся толькі на ўдачу. Вельмі важна, каб настаўнікі і бацькі ў старэйшых класах дапамаглі дзіцяці разабрацца ў сваіх схільнасцях і магчымасцях. І нават, калі гэта патрэбна, прыняць рашэнне не здаваць ЦТ, а адразу паступаць ва ўстанову прафесійнай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі.


— Але, як сведчыць статыстыка, з кожным годам не менш, а больш выпускнікоў Пружаншчыны становяцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў.
— Так, 50,3% нашых выпускнікоў сталі студэнтамі (у мінулыя гады гэты паказчык быў 49,2% і 47,1%). Пры гэтым, мяне вельмі радуе, што і прахадныя балы сталі вышэйшымі. Напрыклад, у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка на прэстыжныя спецыяльнасці можна было паступіць, набраўшы 320 балаў і болей. Гэта значыць, што ВНУ з большай верагоднасцю падрыхтуюць годных спецыялістаў.
— Што тычыцца спецыялістаў. Хто сёлета папоўніць настаўніцкія шэрагі раёна?


— Сваё першае працоўнае месца ў нашым раёне ўжо атрымала 17 маладых настаўнікаў. Дзесяць з іх прыступяць да работы ў сельскіх школах.
Тут у нас ёсць пэўная нагода для гонару: 71% маладых спецыялістаў, якія прыбылі да нас у 2015 годзе, пасля двухгадовай адпрацоўкі замацаваліся на сваіх працоўных месцах. З папаўнення 2016 года на Пружаншчыне засталося 65% маладых настаўнікаў.


— Ірына Анатольеўна, ці ўсе ўстановы адукацыі ўжо гатовы да пачатку навучальнага года?
— Так, усе. Засталіся толькі дробныя пытанні, якія, зразумела, будуць вырашаны да 2 верасня. Сёлета былі праведзены значныя работы ў чатырох установах адукацыі Ружаншчыны: двух дзіцячых садках, школе і шматпрофільным цэнтры. У СШ №1 праведзены капітальны рамонт харчблока. Рамонтныя работы закранулі іншыя ўстановы, але не былі такімі значнымі. Аддзел адукацыі набыў яшчэ адзін аўтобус, такім чынам, для падвозу 820 дзяцей цяпер выкарыстоўваецца 19 аўтобусаў. На 66 тысяч рублёў набыта вучэбнае, гульнёвае і спартыўнае абсталяванне.


Спадзяюся, што нашы вучні выдатна адпачылі за тры месяцы і ўжо чакаюць моманту, калі зноў сядуць за парты. У сучасным свеце, дзе ўсё змяняецца з неверагоднай хуткасцю, а аб’ём ведаў падвойваецца кожнае дзесяцігоддзе, вельмі важна навучыцца вучыцца.
На здымках: У аўторак у Палацы культуры прайшла штогадовая пленарная нарада педагагічных работнікаў раёна. Спецыялісты сабраліся на традыцыйную сустрэчу, каб абмеркаваць вынікі сумеснай работы і вызначыць накірункі далейшага развіцця сістэмы адукацыі раёна. Прыняў удзел у канферэнцыі і старшыня райвыканкама Ю.Ю. Бісун; маладыя спецыялісты Надзея Салдаценка, Крысціна Леўчанка і Марына Клімец папоўняць настаўніцкія шэрагі Ружаншчыны, а Ілья Янушка будзе выкладаць гісторыю ў СШ №5.
Нагадаем, што сёлета ў школах раёна будзе навучацца 4810 вучняў, 531 з іх — першакласнікі.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.