За некалькі гадоў дзеяння праект «Настаўнік для Беларусі», пра які «раёнка» расказала год таму на прыкладзе яго ўдзельніцы з Пружанскага раёна — настаўніцы англійскай мовы СШ №1 Алены Трафімчук, набыў новыя адметнасці.
Тыя педагогі, хто прыняў удзел у сацыяльнай праграме, выступілі з ініцыятывай правядзення майстар-класаў. Дакладней, такая ідэя нарадзілася не ў саміх настаўнікаў, а ў іх вучняў, якія здолелі па новых методыках паспяхова засвоіць шэраг школьных і пазашкольных дысцыплін. Відавочна, ім захацелася пахваліцца сваімі дасягненнямі і падказаць іншым найбольш простыя шляхі да вяршынь майстэрства.
Першымі арганізаваць такія мерапрыемствы прапанавалі педагогі і вучні мінскай прыватнай школы «Апельсін». На іх «кліч», пакінуты на форуме праекта «Настаўнік для Беларусі», адгукнулася СШ № 1 г. Пружаны, куды і запрасілі каманду «майстроў».
Як зазначае сазаснавальнік новага кірунку праекта Сяргей Бародзіч, адметнасць майстар-класаў у тым, што навучанне вядуць самі дзеці, а настаўнікі іх толькі падтрымліваюць, вырашаюць арганізацыйныя пытанні, аказваюць метадычную дапамогу. Так, у мінулую суботу на базе СШ № 1 былі арганізаваны заняткі па роспісе па тканіне, посткросінгу, чытанні ў фармаце WEB 2.0, акцёрскім майстэрстве, фінансавай адукаванасці, фатаграфіі і нават авалоданні ігрой на гітары і азбукай Морзэ. Усяго ўтварылася больш за паўтара дзясятка факультатываў, на якія пружанскія вучні запісваліся вельмі актыўна.
Між тым, мэта новага кірунку сацыяльнай праграмы, як зазначыла яшчэ адзін яго сазаснавальнік Ала Галубковіч, заключаецца не толькі ў пашырэнні здольнасцей, ведаў і ўменняў дзяцей з беларускіх рэгіёнаў. Гэта яшчэ падтрыманне зносін паміж вучнямі з розных куткоў краіны, абмен ідэямі. А ў дадатак — прыклад таго, што з падобнай ініцыятывай могуць выступіць любыя іншыя школьнікі, якія самі пасля праходжання цікавага, крэатыўнага навучання таксама захочуць арганізаваць майстар-класы для равеснікаў з суседніх раёнаў. Магчыма, у будучым праграма перарасце ў своеасаблівы «вучнёўскі рух», які таксама будзе спрыяць удасканаленню працэсу адукацыі ў Беларусі.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік