Понедельник, 17 июня 2024

Школьнікі раёна пазмагаліся ў «Мазгабойні». Якія каманды сталі лепшымі?

245

Інтэлектуальныя гульні ад кантакт-студыі «Teens-фармат» набываюць папулярнасць сярод школьнікаў раёна. Мяркуйце самі: у мінулую суботу вясновы турнір «Мазгабойня» прайшоў ужо ў трэці раз. З улікам жа яшчэ адной гульні, на якую Палац культуры звычайна запрашае зімой, — «Дзе логіка?» і «Альберт-шоу па-беларуску» — гэта ўжо шостыя буйныя інтэлектуальныя баталіі.

Прыемна, што на запрашэнне кіраўніка ўзорнай кантакт-студыі «Teens-фармат» Анастасіі Ціхановіч прыняць удзел у тэатралізавана-інтэлектуальнай гульні штораз адклікаецца ўсё больш устаноў адукацыі. На гэты раз у дысказале Палаца культуры «паварушылі мазгамі» сем каманд: адразу дзве прадставіла пружанская гімназія, па адной — кожная з гарадскіх і Параслянская школы.

Невялікія змяненні адбыліся ў правілах гульні. Так, колькасць тураў скарацілі з шасці да пяці, але пытанні пакінулі самай рознай тэматыкі, часта яны выходзілі за межы школьнай праграмы. Праверылі і хуткасць рэагавання маладых людзей у туры «Так/Не», і веданне імі музычных і мастацкіх твораў, і арыентаванасць у многіх іншых пытаннях.

Цікавым выдаўся пяты тур, дзе камандзе, якая была ўпэўнена ў сваім адказе, давалася права падняць руку, і калі адказ верны, зарабіць сабе два балы, але пры гэтым «падарыць» па адным бале ўсім сваім сапернікам. Магчыма, таму напрыканцы тура адразу ў двух каманд — «Грэмлінаў» з СШ № 3 (кіраўнік — Алена Клімовіч) і «Фарсажу» з гімназіі (кіраўнік — Эла Мартынчук) — аказалася аднолькавая колькасць ачкоў. Усё вырашылі дадатковыя пытанні, пасля якіх інтэлектуальная зборная трэцяй школы «адбіла» сабе другое месца.

А вось абсалютным пераможцам «Мазгабойні» стаў «Бліцкрыг» з СШ № 5 (кіраўнік — Іна Папко). Ад уладальнікаў «серабра» яны адарваліся больш чым на 9 балаў, прычым лідарства захапілі літаральна з першага тура.

Пераможцы атрымалі дыпломы і прызы. Не пакінулі без заахвочвальных салодкіх падарункаў і ўдзельнікаў іншых каманд. Таксама не абышлося падчас турніру без музычных нумароў: пакуль журы падлічвала вынікі, сваімі песнямі ўсіх парадавалі Надзея Карташэвіч і Мілана Рудакоўская.

Наперадзе ў планах кантакт-студыі мноства цікавых мерапрыемстваў. І тут запэўнілі: інтэлектуальныя турніры абавязкова будуць, з нечаканымі пытаннямі і добрымі падарункамі для пераможцаў.

Уладзіслаў Шпарла.

Фота аўтара

Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_302554888 і https://ok.ru/budni/album/978415329160