Дабрачынная акцыя “Добрае сэрца”, якую арганізавалі вучні Шарашоўскай СШ, завяршылася яшчэ ў снежні. Але прыклад юных шарашэўцаў, магчыма, натхніць некага яшчэ. Таму, хоць і са спазненнем, мы вырашылі пра яе расказаць.
На працягу двух тыдняў актывісты Анастасія Кацко і Кацярына Драгамір збіралі сухі корм, крупы, мыйныя сродкі і цацкі для хвастатых падапечных кобрынскага прытулку. Каб прыцягнуць больш увагі, Саша Ліневіч і Вера Андрэйчанкава намалявалі плакаты. У выніку агульнымі намаганнямі школьнікі назбіралі і грошай, і некалькі пакетаў корму. У адзін з выхадных дзён Каця і Насця разам за настаўніцай Веранікай Жогал накіраваліся ў Кобрын (на здымку).
Зразумела, што падарункам там вельмі ўзрадаваліся. У знак удзячнасці для дзяўчынак правялі экскурсію. У той раз давялося пазнаёміцца з сабакамі, якія жывуць у вальерах, таму неабыякавыя школьніцы ўжо плануюць, што ў наступную паездку наведаюць катоў. Дзяўчынкі і настаўніца адзначаюць, што ўсе жывёлы ў прытулку дагледжаныя, у вальерах чыста. Тым не менш, валанцёры пастаянна шукаюць ім гаспадароў. Выбраць сабе сябра можна на сайце прытулку: https://sos-kobrin.by/catalog/dogs.
Засмучае ўсіх удзельнікаў акцыі іншае. У Шарашэве таксама ёсць шмат жывёл, у якіх няма гаспадароў. У вяскоўцаў усё яшчэ не прынята кастрыраваць ці стэрылізаваць сваіх выхаванцаў. А ад непажаданага патомства пазбаўляюцца проста: побач лес…
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.