На тэрыторыі Сухопальскага сельвыканкама на дадзены момант знаходзіцца дзве навучальныя ўстановы: ДУА «Мураўская СШ» і ДУА «Сухопальскі ВПК д/с-СШ». Карэспандэнты пацікавіліся ў дырэктараў гэтых школ пра ўзаемадзеянне з сельвыканкамам і грамадскую работу саміх устаноў.
Дырэктар Сухопальскай школы Валерый Літвінюк, які, дарэчы, з’яўляецца членам сельвыканкама, адзначыў, што сувязь падтрымліваецца пастаянная. Разам наведваюць сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы і на патранатным суправаджэнні, пры гэтым сельвыканкам ніколі не адмаўляе ў выдзяленні транспарту для гэтых мэт. Кожны бок разумее важнасць дадзенай работы, у першую чаргу, для дзяцей і іх будучыні. Міхаіл Мартынаў, у сваю чаргу, уваходзіць у савет школы, з’яўляецца членам савета прафілактыкі. Гэтае ўзаемадзеянне дае магчымасць бачыць праблему ўсебакова, адразу прымаць канкрэтныя рашэнні і дапамагаць, калі гэтага патрабуюць абставіны. Святы і ўрачыстасці стараюцца таксама арганізоўваць разам, у тым ліку і ўскладанне вянкоў да помніка савецкім воінам. У сваю чаргу, Валерый Валяр’янавіч не прапускае пасяджэнняў, якія ладзяцца ў сельвыканкаме. Падчас іх разглядаюцца надзённыя пытанні сельсавета і будуюцца планы наперад, што дае магчымасць бачыць перспектыву.
Алена Хоміч, дырэктар Мураўскай СШ, далучаецца да слоў Валерыя Літвінюка наконт узаемадзеяння з Сухопальскім сельвыканкамам і дадае, што паразуменне паміж людзьмі яшчэ ніколі не прыносіла шкоды, а дапамога іншым давала магчымасць паверыць апошнім у свае сілы, стаць на правільны шлях. Дарэчы, на базе Мураўскай СШ функцыянуюць валанцёрскі атрад і атрад міласэрнасці, якія займаюцца пачэснай справай — дапамогай пажылым людзям, якія ў сілу абставін засталіся адны і здароўе якіх не дазваляе выконваць самастойна хатнюю работу.
А яшчэ адметнасцю гэтай установы з’яўляюцца вялікая колькасць вельмі прыгожых кветак як знадворку, так і знутры школы, адметныя архітэктурныя канструкцыі перад уваходам. Важна, што зарабляюць на ўпрыгожанні ў школе самі: ёсць свой агарод, дзе садзяць у тым ліку і маліну, дапамагае ААТ «Мурава» ў вырошчванні бульбы, якая таксама потым рэалізуецца. З упэўненасцю можна сказаць, што ўся гэтая прыгажосць з’яўляецца візітнай карткай аг. Мурава.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік