Альбіна Пінчук прызнаецца: яшчэ школьніцай настолькі любіла гатаваць, што звязаць сваё прафесійнае жыццё з поварскай справай стала яе дзіцячай марай. Увасобіць яе ў жыццё ўдалося ў Баранавіцкім тэхналагічным каледжы, дзе яна атрымала спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага грамадскага харчавання.
Вось ужо другі год як Альбіна Андрэеўна працуе шэф-поварам у Параслянскай школе. Разам яшчэ з трыма работніцамі школьнай сталоўкі штодзень яна клапоціцца пра тое, каб больш за дзве сотні дзяцей былі не проста сытымі, але і задаволенымі тым, што ім прапануюць на абед. А дзецям сёння вельмі складана дагадзіць, як падкрэслівае малады шэф-повар: у іх яшчэ не сфарміраваліся густы і куды больш даспадобы розныя фаст-фуды і іншыя шкодныя прадукты. Але Альбіна Андрэеўна знайшла выйсце: з улікам патрабаванняў да школьнага харчавання, неабходных нормаў бялкоў, тлушчу і вугляводаў яна склала сваё меню, якое з’яўляецца карысным для падрастаючага арганізма. Але, галоўнае, стравы, прыгатаваныя шэф-поварам, надзвычай смачныя і разнастайныя.
— Увогуле на школьных поварах ляжыць надзвычай вялікая адказнасць, — лічыць Альбіна Пінчук. — Бясспрэчна, у школу дзеці, у першую чаргу, ідуць па веды, але, каб яны лепш засвойваліся, трэба арганізаваць для іх правільнае харчаванне.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).