Жыць, каб працаваць. Дадзеныя словы як нельга лепш характарызуюць працаўнікоў жніва, якіх ушаноўвалі на палетках філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга».
Заўсёды шчыра радуюся за тых людзей, якія ў маладосці абралі прафесію па душы і прысвяцілі ёй многа гадоў працоўнага стажу. Значыць, чалавек у такім выпадку з радасцю ідзе на працу і работа яго будзе прадуктыўнай. Гэтыя працаўнікі не ўяўляюць сябе на іншым месцы і, канечне, не патрабуюць да сябе асаблівай увагі. Але і не адзначыць іх сумленную працу таксама нельга. Гэта ж жывы прыклад таго, як трэба правільна, удумліва рабіць прафесійны выбар, каб на работу ісці як на свята.

У філіяле «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга» ўжо добрай традыцыяй стала ўшанаванне працаўнікоў, якія многа гадоў, бесперапынна шчыруюць на адным месцы. Вось і на мінулым тыдні прама на палетках гаспадаркі адзначалі работнікаў, якія як ніхто іншы ведаюць цану кожнаму жытняму каласку. Напачатку віншаванні прымалі старшыя камбайнеры Віктар Балдуй і Юрый Астапчык, у першага 38 гадоў бесперапыннага стажу на жніве, у другога — 17.

Ад Віктара Іванавіча ні на крок не адступіла і брыгадзір паляводчай брыгады Марыя Мазяр з такім жа працоўным стажам. Многа цёплых слоў за сумленную працу адрасавалі земляробам дырэктар сельгаставарыства Іван Ярашэвіч, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці Сяргей Цяцерын, старшыня раённай прафарганізацыі Таццяна Гаманчук і старшыня прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі Людміла Ярашэвіч.
Колькі перавёз зерня за 29 гадоў, вадзіцелю Віктару Янучэню ўжо і падлічыць цяжка. Пра іншае месца працы ён ніколі не думаў, проста стараўся сумленна выконваць свае абавязкі і атрымліваў ад гэтага асалоду. Дзякуй Вам, Віктар Мікалаевіч, за адданасць справе!

На працягу 27 гадоў удыхае падчас уборкі прыемны водар зерня старшы камбайнер Уладзімір Матвейчык. Работа не з лёгкіх, але якая пачэсная! Няхай жа, Уладзімір Яўгенавіч, Вам і Вашым калегам хапае сіл фізічных і маральных яшчэ на доўгія гады.
Шчырасць слоў, якія адрасаваліся работнікам філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга», падмацоўвалася каштоўнымі падарункамі.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі
Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_295209881 і https://ok.ru/budni/album/965406247048
