Суббота, 17 января 2026

«Шчодрыя Пружаны» = якасная прадукцыя! Прэмія Урада за дасягненні ў галіне якасці ўручана «Пружанскаму малочнаму камбінату» (+два відэарэпартажы)

554

Якасць, натуральнасць і смак, які запомніцца, — на гэтыя тры складнікі поспеху арыентуецца ў сваёй рабоце ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Сыры і іншая прадукцыя вытворцы карыстаецца нязменным попытам на айчынным рынку і смела канкурыруе на замежным. Высокай ацэнкі заслугоўвае «малочка» з Пружан і ад прафесіяналаў.

Пацверджаннем гэтаму служыць вялікая калекцыя ўзнагарод прадпрыемства. І, што важна, яна пастаянна папаўняецца новымі дыпломамі, кубкамі і медалямі.

Начальнік сыраробнага цэху Святлана Казак, інжынер-тэхнолаг Таццяна Наумчык, галоўны тэхнолаг Таццяна Шопік і вядучы інжынер па якасці Наталля Феранец.

На мінулым тыдні ў сталічным Палацы Рэспублікі былі ўручаны Прэміі Урада за дасягненні ў галіне якасці. Званне лаўрэата па выніках 2021-га года атрымалі 29 прадпрыемстваў і арганізацый краіны, 14 з якіх пацвердзілі яго паўторна. Запаветную статуэтку ўжо ў трэці раз прывезлі з Мінску і прадстаўнікі «Пружанскага малочнага камбіната». Узнагароду дырэктар акцыянернага таварыства Аляксандр Лось і галоўны спецыяліст па збыце і забеспячэнні Людміла Туціна атрымалі з рук намесніка Прэм’ер-міністра Юрыя Назарава.

Трэба падкрэсліць, што Юрый Віктаравіч вылучыў наша прадпрыемства як паспяховага экспарцёра. Справа ў тым, што да 80% сваёй прадукцыі малочны камбінат адпраўляе за мяжу. Па словах Людмілы Туцінай, значна выраслі аб’ёмы экспарту ў Кітай. Сёлета ўпершыню паставілі туды сухое абястлушчанае малако, зараз ідуць перамовы наконт паставак сухога цэльнага. Не забываюцца і пра мясцовага спажыўца: для пружанцаў працуюць фірменныя магазіны.

Словам, прэмія, якая ўручаецца за забеспячэнне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, аказваемых паслуг і выконваемых работ, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных эфектыўных метадаў менеджменту, — цалкам заслужаная. На працягу трох бліжэйшых гадоў малочны камбінат мае права выкарыстоўваць лагатып Прэміі на сваёй прадукцыі.

Павінен з’явіцца ён і на лінейцы сыроў «VAN GOLD» — унікальнай распрацоўцы і візітоўцы камбіната. Лінію па іх вытворчасці на прадпрыемстве летась пашырылі, пачаўшы выпускаць звышцвёрдыя сыры. Адзін з іх — «GRANO PRUGIANO» — дыпламант першай ступені народнага конкурсу-дэгустацыі «Чэмпіён смаку» ў рамках міжнароднай выставы «Белагра-2022». Асаблівасць сыру — аналага італьянскага пармезана — заключаецца ў працяглым тэрміне выспявання — 1,5 гады. Гэта самы вытрыманы сыр камбіната, першая яго партыя і ўзяла ўзнагароду. Пакуль жа вы чытаеце гэтыя радкі, у цэхах выспявае новая.

Усе навінкі і высокія дасягненні — гэта яшчэ і ўнёсак камбіната ў выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Падзяка ад Упраўлення спраў Прэзідэнта па выніках мінулага года нядаўна папоўніла скарбонку ўзнагарод вытворцы. Таму, як кажуць тут, трэба трымаць статус. А значыць, далей будуць працаваць над удасканаленнем асартыменту і развіццём вытворчасці пад маркай «Шчодрыя Пружаны», каб заўсёды чуць ад пакупнікоў і прафесіяналаў словы падзякі і высокай ацэнкі.

Сачыце за нашым YouTube-каналам! Хутка тут выйдзе сюжэт пра малочны камбінат. А сёння, 22 чэрвеня, у 19.45 або 22.55 уключайце тэлеканал «Беларусь 4. Брэст» і глядзіце праграму «Зямля і людзі» з аповедам пра вытворцу.

Уладзіслаў Шпарла, фота аўтара