Фінал прэстыжнага творчага конкурсу «MILK FEST» сёлета зноў пройдзе з удзелам ААТ «Пружанскі малочны камбінат».
Другі год запар мясцовае прадпрыемства ўдзельнічае ў творчым конкурсе сярод работнікаў прадпрыемстваў-вытворцаў малочнай прадукцыі. Нагадаем, што летась менавіта Пружанскі малочны камбінат заваяваў гран-пры «MILK FEST — 2022». Вядучы інжынер Наталля Феранец тады прадставіла кампазіцыю «Краіна малака», якая з першых нот трапіла ў сэрцы як журы, так і іншых удзельнікаў, а таксама пружанцаў і ўвогуле беларусаў.
Трымаюць узровень мінулагоднія пераможцы і сёлета. Канцэпцыю песні і кліпа на гэты раз змянілі. Цяпер гэта не сольны выканаўца, а група. Песню «Шчодрыя Пружаны», якая, мяркуючы па ўсім, можа стаць сапраўдным гімнам прадпрыемства, выконваюць работнікі — аператары лініі вакуумнай упакоўкі сыру Іна Каляда і Ганна Касянюк, апаратчык вытворчасці сухіх малочных прадуктаў Міхаіл Ліцкевіч, а таксама машыніст расфасовачна-ўпаковачных машын Данііл Жытко. Усе, каго можна ўбачыць у кліпе і хто танцуе пад гукі «Macarena» — таксама работнікі камбіната.
А яшчэ з песні можна даведацца, якія сыры выпускае прадпрыемства і віртуальна пабываць на экскурсіі ў цэхах. Цікава? Тады глядзіце відэа на YouTube-канале «Пружанский молочный комбинат», а перажываць за нашых будзем ужо менш чым праз тыдзень, 26 кастрычніка, калі адбудзецца фінал.
Трымаем кулачкі!
Уладзіслаў Шпарла