Суббота, 13 апреля 2024

Шчодрыя на ўсе сто! «Пружанскі малочны камбінат» заваяваў Гран-пры «Прадэкспа-2022» і паўдзельнічаў у выставе ў Грузіі

566

Хтосьці на памяць пра наведванне пэўнага горада прывозіць з сабой магніцік, хтосьці — кнігу ці іншы сувенір. Госці ж нашага горада ўсё часцей вяртаюцца дадому з сырамі — фірменнай прадукцыяй Пружанскага малочнага камбіната. Пацвярджаюць гэта прадаўцы магазінаў «Верас». У сваю чаргу, пакупнікі адзначаюць непаўторны смак, прымальныя цэны і выдатную якасць сыроў. Паказчык апошняй — узнагароды прадпрыемства, скарбонку якіх «Шчодрыя Пружаны» нядаўна яшчэ папоўнілі.

На прадпрыемстве, якое славіцца сырамі, сметанковым маслам, тварагом і іншымі відамі малочнай прадукцыі, не любяць выразу «чарговы дыплом». Усё таму, што кожная новая ўзнагарода для камбіната значная. Гэта вынік зладжанай работы ўсіх звёнаў вытворчасці — ад тэхнолагаў да тых, хто дастаўляе прадукцыю ў гандлёвыя кропкі.

Спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці Ганна Віцько, начальнік сыраробнага цэху Святлана Казак, вядучы спецыяліст па маркетынгу Іна Іванова, галоўны спецыяліст па збыце і забеспячэнні Людміла Туціна, вядучы спецыяліст па продажах Зоя Сахарэвіч, галоўны тэхнолаг Таццяна Шопік, як і дзясяткі іншых работнікаў «Пружанскага малочнага камбіната», ужо сёння працуюць над будучымі навінкамі.

У лістападзе работнікі «Пружанскага малочнага камбіната» паўдзельнічалі адразу ў двух буйных мерапрыемствах міжнароднага ўзроўню.

Першае прайшло ў сталіцы нашай краіны, гэта 28-я Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш «Прадэкспа-2022». На працягу чатырох дзён яе наведвальнікі маглі прадэгуставаць цвёрдыя, паўцвёрдыя і класічныя сыры з Пружан. Экспазіцыя мясцовага вытворцы вылучалася перш за ўсё сваім індывідуальным стылем, а сапраўдным сюрпрызам для гасцей стала навінка — сыр «MOLITER» пад гандлёвай маркай «VAN GOLD». Купіць яго можна і ў Пружанах.

— «MOLITER» — сыр з дабаўленнем соуса «Тартуфата», які гатуецца з труфеляў і шампіньёнаў. Мы — першыя ў Беларусі, хто распрацаваў такі від прадукцыі. З упэўненасцю магу сказаць, што аналагаў гэтаму сыру на айчынным рынку няма. Падчас выставы пачулі вялікую колькасць водгукаў і масу пытанняў: дзе набыць? Таму запрашаем у нашы магазіны «Верас» па вуліцах Палескай і Горына-Каляды, — кажа галоўны тэхнолаг Таццяна Шопік.

Сыры «Пружанскага малочнага камбіната».

У праграме выставы-кірмашу быў міжнародны дэгустацыйны конкурс якасці харчовай прадукцыі «Традыцыі. Якасць. Інавацыі». Наш малочны камбінат заявіў для ўдзелу ў ім адразу некалькі відаў сыроў. Аўтарытэтная камісія, у склад якой увайшлі прадстаўнікі інстытута мясамалочнай прамысловасці, Мінсельгасхарчу, выкладчыкі Белдзяржуніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, ацаніла іх на самым высокім узроўні.

Так, сыр «Тыквін» з гарбузовымі семкамі стаў лаўрэатам у намінацыі «Адкрыццё года».

Назва яшчэ аднаго сыру — «VAN GOLD SHEDEVR» — гаворыць сама за сябе: ён проста павінен спадабацца спажыўцу, а значыць, і журы. У выніку так і адбылося. Сыр набраў 97 (!) са 100 магчымых балаў. Па словах членаў дэгустацыйнай камісіі, гэта абсалютны рэкорд за ўвесь час правядзення конкурсу. Так блізка да максімальнай колькасці балаў не было яшчэ ні адно малочнае прадпрыемства Беларусі. Такім чынам, «VAN GOLD SHEDEVR» — адзіны сыр, які сёлета ўзяў запаветны Гран-пры. Гэта звышцвёрды сыр, тэрмін выспявання якога складае адзін год. Менавіта ў катэгорыі вытрыманых сыроў гэтаму прадукту і прысуджана перамога.

Дыпломы па выніках выстаў у Мінску і Тбілісі ўжо занялі годнае месца ў экспазіцыі ўзнагарод камбіната.

Такім чынам, з сёлетняй выставы «Прадэкспа» работнікі Пружанскага малочнага камбіната вярнуліся адразу з трыма дыпломамі. Яшчэ адзін — за ўдзел у выставе. Галоўнае, што пачулі — словы падзякі і шчырага захаплення.

Гучалі яны і ў Тбілісі. Сталіца Грузіі з 18 па 20 лістапада прымала міжнародную выставу сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці «Agro / Food / Drink / Tech Expo». Для Пружанскага малочнага камбіната гэтая паездка была з пазнакай «упершыню»: упершыню прадпрыемства дэманстравала сваю прадукцыю ў Грузіі і, адпаведна, упершыню ўдзельнічала ў такой выставе.

Як расказала галоўны спецыяліст па збыце і забеспячэнні Людміла Туціна, у рамках экспазіцыі «Made in Belarus» у наведвальнікаў выставы была магчымасць пазнаёміцца з прадукцыяй 24-х айчынных прадпрыемстваў. Высокай была ўвага да стэнда ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Па словах Людмілы Пятроўны, пакуль вытворца заключыў дамову толькі з адной сеткай грузінскіх магазінаў. Сёлета плануецца заключэнне яшчэ адной такой дамовы.

Плаўленыя сыры «Пружанскага малочнага камбіната».

— Дзелавыя кантакты — немалаважная частка падобных мерапрыемстваў. Мы ўбачылі, што нашай прадукцыяй цікавяцца, яшчэ раз упэўніліся, што яна можа канкурыраваць не толькі на рынку Беларусі. Таму, канечне, будзем і далей рухацца ў гэтым накірунку, — рэзюмавала Людміла Туціна.

Трэба сказаць, што асаблівую ўвагу да пружанскай экспазіцыі праявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Грузіі Анатолій Ліс. Былы старшыня Брэсцкага аблвыканкама цёпла вітаў прадстаўнікоў добра знаёмага рэгіёна, пагутарыў пра вытворчасць, рынкі збыту, ацаніў сыр «MOLITER» і пажадаў поспехаў. З выставы вярнуліся з дыпломам удзельніка і намерам развіваць міжнароднае партнёрства.

Нашы «Шчодрыя Пружаны».

Узнагароды для камбіната — прыемныя і значныя моманты, але ні ў якім разе не нагода для таго, каб расслабляцца. Сёння дружная каманда прадпрыемства працуе над навінкамі, якімі спажыўцоў плануюць здзіўляць ужо ў новым, 2023-м. Галоўныя прынцыпы пры гэтым — бездакорная якасць і такі ж смак, каб нашы і замежныя пакупнікі вярталіся ў магазіны па свежую прадукцыю «Шчодрых Пружан» пад маркай «Зроблена ў Беларусі».

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара