Максімальна простыя ўмовы і максімальна смачныя падарункі! Так коратка можна апісаць конкурс «Шчодры пачастунак», які раённая газета разам з ААТ «Пружанскі малочны камбінат» правяла ў нашым Instagram-акаўнце. Вынікі падведзены, пераможцы вызначаны, падарункі ўручаны. Самы час расказаць пра тых, каму ўсміхнулася ўдача.
Нагадаем: каб стаць прэтэндэнтам на падарунак, неабходна было з’яўляцца падпісчыкам нашай старонкі @budni.by і старонкі малочнага вытворцы @prjmilk_, а таксама лайкнуць конкурсны пост. Колькасць «лайкаў», прызнаемся шчыра, прыемна ўразіла і супрацоўнікаў рэдакцыі, і работнікаў камбіната. Усяго ў конкурсе прыняло ўдзел 773 чалавекі, а пост з сырам, сметанковым маслам і плаўленымі сырамі — прызамі для пераможцаў — стаў самым папулярным у Instagram не толькі ў верасні, але і ўвогуле за апошнія некалькі месяцаў.
Пераможцаў конкурсу вызначалі з дапамогай спецыяльнага сэрвісу, які выпадковым чынам выбраў шчасліўчыкаў. Іх мы разам з работнікамі пружанскай «малочкі» запрасілі непасрэдна на камбінат. Тут, у фае прадпрыемства, дзе выстаўлены найбольш значныя ўзнагароды, і адбылося ўручэнне падарункаў.
Самай першай завітала сям’я Санукевіч з Казлоў. І гэта зусім нядзіўна, калі ўспомніць нядаўні сюжэт па тэлебачанні пра «Саню 1». Тое, што Аляксандр, вадзіцель ААТ «Жураўлінае», імкнецца ва ўсім быць першым, мы ўжо зразумелі. Але ж і яго жонка Наталля — начальнік МТК «Клепачы» (цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку) — стараецца падтрымліваць лідарства. Жанчына прызналася, што друкаваную версію нашага выдання ў сям‘і выпісваюць заўсёды, сочаць за сельгаснавінамі, радуюцца, калі бачаць на старонках партрэты сяброў і знаёмых. Кажа, што калі ўбачыла запрашэнне да конкурсу, адразу зразумела: будзе ўдзельнічаць. І інтуіцыя падказвала, што варта спадзявацца на ўдачу. Так і атрымалася!
Наталля Генадзьеўна прыйшла па падарунак разам з дачушкай Аляксандрай. Усяго ж у сям’і чацвёра дзетак! Старэйшаму Дзмітрыю нядаўна споўнілася 15, маленькай Дашы ўсяго 11 месяцаў. Падрастае і яшчэ адзін памочнік — сыночак Дзяніс.
Па словах Наталлі, вельмі сумавала сям’я па пружанскаму малаку. Цяпер яго набываюць рэгулярна. А ў асабістым ТОПе мужа — якраз плаўленыя сыры.
Санукевічы шчыра падзякавалі малочнаму камбінату і «Раённым будням» за конкурс, пажадалі працвітання.
Другое месца і пяць пачкаўсметанковага масла адправіліся нашай падпісчыцы Ганне Чарняк з Пружан. За падарункам прыйшла яе дачка Юлія. І тут, як аказалася, усё дарэчы: пружанскае масла ў сям‘і выкарыстоўваюць падчас прыгатавання бліноў. А рэцэптаў мама, якая працуе памочнікам выхавацеля д/с №4 г. Пружаны, ведае шмат. Сама ж дзяўчынка вучыцца ў чацвёртай школе. Кажа, што «раёнку» выпісвае бабуля, але чытае ўся сям’я. Часам са свежым нумарам школьніца адпраўляецца на інфармацыйную гадзіну. Што да малочнага камбіната, то ў пералік любімых прадуктаў уваходзяць сыры і малако. Каб нічога не прапусціць, Юля паабяцала, што разам з мамай будзе сачыць за акаўнтамі газеты і камбіната.
Цікава, што таксама ў дзіцячым садку, праўда, поварам, працуе і Ірына Ждановіч з аг. Мурава — абсалютная пераможца конкурсу. На малочным камбінаце жанчыне ўручылі сыры «VAN GOLD».
За Instagram-старонкамі газеты і «Пружанскага малочнага камбіната» Ірына сочыць даўно. Таму, гартаючы стужку навін, паставіла «лайк» з думкай: а раптам. Але перамога, прызнаецца наша падпісчыца, стала для яе поўнай нечаканасцю. Фартуна аказалася на баку жанчыны. Магчыма таму, што яна сапраўдны фанат сыроў пружанскай «малочкі». Прызнаецца, што заўсёды радуецца навінкам і вельмі чакае іх. А вось сынок палюбіў шакаладнае масла «Шчодрыя Пружаны». Яно цяпер заўсёды ў прадуктовым кошыку сям‘і.
Вялікі дзякуй усім падпісчыкам за ўдзел, малочнаму камбінату — за дапамогу і класныя падарункі! Заставайцеся з намі і, калі сочыце за нашымі інтэрнэт-рэсурсамі, не забывайцеся пра друкаваную версію. Мы ж пастараемся і надалей здзіўляць!
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара