Суббота, 15 февраля 2025

Шчаслівая сям’я Вакульскіх

856

Незалежна ад таго, на якім этапе жыццёвага шляху знаходзяцца людзі, сям’я заўсёды іграе для іх важную ролю. Гэта і нядзіўна, бо яна з’яўляецца натуральнай часткай існавання чалавецтва. Сям’я — гэта аснова грамадства. Яе немагчыма замяніць ні грашыма, ні кар’ерай, ні сябрамі. Могуць быць удалыя дні, могуць быць дрэнныя, але як прыемна, калі кожны вечар цябе нехта чакае. І гэтыя «нехта» — і ёсць насамрэч галоўныя людзі ў тваім жыцці.

Можна лічыць, што пачатак сям’і Андрэя і Вольгі Вакульскіх быў пакладзены ў адносна далёкім 2003 годзе. Менавіта тады, падчас рэспубліканскага свята-кірмашу «Дажынкі» яны пазнаёміліся. У 2006 годзе пара заключыла шлюб і занялася будаўніцтвам уласнага дома.

Жыццё ішло сваім ходам. У 2009 годзе нарадзілася дачка Дар’я, праз два гады — сын Аляксандр. З нараджэннем дзяцей, лічаць бацькі, сямейны быт нібы зайграў новымі фарбамі.

Вакульскія прызнаюцца, што не прытрымліваюцца нейкай канкрэтнай сістэмы выхавання дзяцей, маўляў, самае галоўнае, каб яны раслі ў любові і на добрым прыкладзе вучыліся ўзаемаразуменню і павазе адзін да аднаго. Аднак, як ад-значае бацька: «Імкнёмся выхоўваць так, каб у будучыні маглі імі ганарыцца».

Андрэй Васільевіч працуе аператарам ДПУ на Пружанскім малочным камбінаце, Вольга Васільеўна — вядучы спецыяліст у прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Пружанскім раёне. Хаця галавой сям’і лічыцца бацька, хатнія абавязкі тут размеркаваны пароўну. А дзеці з задавальненнем дапамагаюць маме і тату. Прымаюць удзел у выхаванні дзяцей і любімыя бабулі і дзядулі. Як і многія прадстаўнікі старэйшага пакалення, яны часам песцяць унукаў. Але ці ж гэта дрэнна?

У кожнага з членаў сям’і Вакульскіх ёсць свае любімыя заняткі і хобі. Даша любіць кулінарыю, а таксама маляваць і шыць. Аляксандр сур’ёзна захапляецца футболам. Ужо чацвёрты год хлопец наведвае ДЮСШ №1 г. Пружаны. Ёсць у сям’і і агульныя захапленні і спосабы весела бавіць час разам. Яны любяць ездзіць на веласіпедах на доўгія адлегласці і ў святы збірацца разам на пікнік і смажыць шашлыкі.

А вось навагоднія традыцыі тут падобныя да традыцый іншых сем‘яў Беларусі, такія знаёмыя і родныя для многіх. Вы ўжо здагадаліся? Так, Вакульскія любяць адзначаць Новы год у коле сям’і, разам упрыгожваюць дом, разам накрываюць на святочны стол, дораць адзін аднаму падарункі.

Здаецца, усё проста, і рэцэпт шчасця — таксама просты і нават банальны: сям’я — гэта тое дрэва, якое каранямі цвёрда трымаецца за зямлю і прырастае новымі галінкамі, гэта самае ўтульнае і цёплае месца на Зямлі, дзе вее спакоем, дабрабытам, дабрынёй і шчырасцю. І тут ты па-сапраўднаму шчаслівы. Зразумела, ва ўсіх здараюцца цяжкія перыяды, але так важна прайсці іх разам…

Сям’я Вакульскіх віншуе з Новым годам і з Нараджэннем Хрыстовым сваіх родных, блізкіх і ўвогуле ўсіх пружанцаў! Жадае моцнага здароўя і выканання самых запаветных жаданняў! Абдыміце сваіх родных і блізкіх — гэта бясцэнна!

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ. Фота аўтара