Вторник, 18 марта 2025

Шчаслівая ўладальніца тэлевізара Вольга Таразевіч з Шарашэва: «40 гадоў выпісваю «раёнку» і раблю гэта не па звычцы, а свядома»

395

Як ужо даведаліся нашы чытачы, адзін з трох тэлевізараў, якія перадаў падпісчыкам газеты магазін «Стройка», застаўся ў Пружанах. Нават шляхам матэматычнага прагназавання можна было яшчэ да падвядзення вынікаў конкурсу ўпэўнена заявіць, што адным са шчасліўчыкаў будзе жыхар горада. Таму што амаль кожную другую паштоўку са складзенай карцінкай мы атрымалі менавіта ад гарадскіх чытачоў.

Нават шанец быў, што не адзін, а як мінімум два тэлевізары застануцца ў райцэнтры. Аднак удача распарадзілася інакш, бо палічыла, што і вяскоўцы маюць права на такую магчымасць. Асабліва тыя, хто моцна верыў у яе.

Так і атрымалася па словах жыхаркі г.п. Шарашэва Вольгі Таразевіч.

Вольга Мікалаеўна спачатку не магла справіцца са складаннем фрагментаў у правільную кампазіцыю. І нават думала закінуць усе злашчасныя кавалкі ў печку. А ў апошні момант стрымала свае эмоцыі і вырашыла яшчэ раз паспрабаваць. І нібыта хтосьці падтрымліваў яе руку ў перасоўванні фрагментаў, якія, нарэшце, склаліся ў адно цэлае.

— Ці рада, што трапіла ў лік шчасліўчыкаў? Скажу так: я не расчаравалася б, калі б у спісе не было майго прозвішча, — зазначае наша шарашэўская чытачка. — Каля

40 гадоў выпісваю «раёнку» і заўсёды раблю гэта не па звычцы, а свядома. Таму што мне падабаецца інфармацыя ў газеце, яе падача. Ведаю многіх людзей у раёне, а не толькі ў сваім пасёлку, дзе каля 40 гадоў адрабіла ў сферы райспажыўтаварыства. І таму часта сустракаю ў газетных артыкулах знаёмых. З-за гэта яшчэ цікавей чытаць «Раённыя будні».

І атрыманы тэлевізар для Вольгі Таразевіч стане дадатковым стымулам не здраджваць любімай газеце.

Алег Сідарэнка.

Фота Уладзіслава Шпарлы