Даводзіцца часта сустракацца з незнаёмымі людзьмі. І пры сустрэчы ў большасці выпадкаў адразу вызначаеш, што за чалавек перад табой, ці адкрыты ён для размовы. Тое ж можна сказаць і пра сем’і: разуменне, згода паміж мужам і жонкай, любоў да дзяцей бачны па ўсмешках, паводзінах, нават па няўлоўных рухах…

Пераступаем парог дома сям’і Аляксандра і Кацярыны Венска з аг. Стараволя. Ужо з першых крокаў робім вывад: гаспадыня тут з рукамі, усюды чысціня і парадак. Такі ж і гаспадар: і падворак, і знешні выгляд дома — дагледжана ўсё, што ў зоне яго адказнасці.
Сям’я Аляксандра і Кацярыны ўтварылася ў 2003 годзе.
— А як жа было не закахацца ў такую прыгожую дзяўчыну? — успамінае знаёмства з будучай жонкай Аляксандр.
— Галоўнае ж тое, што мы абое разумелі: сямейнае шчасце не будзе поўным без дзетак, — дадае гаспадыня.
Першай з’явілася на свет Вераніка, якая цяпер вучыцца ў Слонімскім медыцынскім каледжы, а па прыездзе дадому заўсёды гатова прыйсці на дапамогу любімай матулі, што само па сабе сведчыць пра правільнае выхаванне дзетак у гэтай сям’і. Другім нарадзіўся Іван — татаў памочнік, які зараз вучыцца ў 8 класе СШ № 4 г. Пружаны. Хлопец апраўдвае надзеі бацькі, чым Аляксандр вельмі ганарыцца. І што, гэта ўсё? Не, даражэнькія! Дзетак многа не бывае. Апошняй бусел прынёс Стэфанію (на здымку), усмешлівую і гуллівую дзяўчынку, з якой і знаходзіцца цяпер мама Кацярына ў дэкрэтным адпачынку. А так працуе асемянатарам у ААТ «Велікасельскае Агра». Побач і муж, ён у гаспадарцы трактарыст-машыніст.
Ніхто не гаворыць, што выхоўваць трох дзетак лёгка, але ніякіх нараканняў на свой лёс ад Аляксандра і Кацярыны мы не чулі, і гэта пры тым, што сям’я мае немалую падсобную гаспадарку. Людзі цяпер і адной каровы трымаць не хочуць, кажуць, што складана, а ў Аляксандра і Кацярыны Венска іх ажно тры, дадайце свіней, курэй. І як пасля такога гэтых людзей можна назваць гультаямі? А ніколі! Гэта сапраўдны прыклад для астатніх, як трэба жыць і працаваць.
Ад душы радуешся за такія сем’і. Ва ўзаемаадносінах — пяшчота і замілаванне, разуменне і ласка. У выхаванні дзяцей — мудрасць і цярпенне, справядлівасць і любоў. Няхай усім Венска заўсёды спадарожнічае ўдача, хай іх усе мары спраўдзяцца, дабра і згоды жадаем на доўгія гады.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік