Гасціннасць з’яўляецца адной з ключавых якасцяў беларусаў, і гэта хутка прыкмячаюць іншаземцы. Сапраўды, у наш нацыянальны код быццам бы ўпісана ветлівасць і чуласць у адносінах да іншых людзей. Пераступіўшы парог хаты шматдзетнай сям’і Журык з Пружан, мы ў чарговы раз пераканаліся ў шчырай гасціннасці нашых землякоў.
Нас чакаў сапраўды святочны стол з усімі яго лепшымі атрыбутамі. Канечне, торт, цукеркі, печыва, садавіна спачатку нас збянтэжылі (мы ж на працы!), але гаспадары былі настолькі непасрэдныя ў сваім жаданні зрабіць для гасцей прыемнае, што хутка няёмкасць прайшла і пачалася простая, нязмушаная гутарка.
У лістападзе сям’і Аляксандра і Таццяны Журык споўніцца 20 год. І хоць першая сустрэча будучых мужа і жонкі адбылася ўжо вельмі даўно, успаміны пра тое сужэнцы беражліва захоўваюць і па сённяшні дзень.
Пазнаёмілася пара на дыскатэцы.
– На тых танцах Саша быў самы прыгожанькі, – усміхаецца жанчына. – Спачатку ўсе мы звяртаем ўвагу на знешнасць, эфектныя заляцанні, а ўжо пазней – на ўчынкі. Калі будучы муж пачаў «раскрывацца», я зразумела, наколькі мне пашанцавала. Ён добры, спагадлівы чалавек.
– Узаемная сімпатыя ўзнікла адразу. Час паказаў мяккі характар, выхаванасць, добрыя манеры маёй абранніцы. Хутка зразумеў, што такая дзяўчына можа стаць цудоўнай мамай для дзяцей. Ды што тут утойваць: мяне паглынула каханне, і пачуцці не слабеюць па гэты дзень, – кажа Аляксандр Адамавіч.
За гэты час у сям’і нарадзілася пяць дзяцей. Першай была Аліна, якая зараз вучыцца на другім курсе БДТУ. З-за насычанай, няпростай вучобы будучы інжынер рэдка бывае дома.
– Вельмі сумуем… Ратуе відэасувязь, – уздыхае маці.
Прыметнай падтрымкай бацькоў з’яўляюцца сын Максім, навучэнец Пружанскага каледжа, і дачка Крысціна, дзевяцікласніца СШ № 1, якія з задавальненнем даглядаюць малых: шасцігадовую Сашу і чатырохгадовага Мішу.
– У нашых дзяцей ёсць агульныя рысы характару, але кожны з іх – самадастатковая асоба. Дзеці ў нас адказныя, мы смела давяраем усім, – заўважыла Таццяна Анатольеўна.
Падчас размовы было вельмі міла назіраць, як Максім цешыўся з выпацканым тортам Мішам. Самы малодшы член сям’і быў безапеляцыйна прызнаны намі галоўным героем вечара. Таццяна Анатольеўна адзначыла, што маленькі гарэза заўсёды прыцягвае ўвагу да сабе і дорыць масу пазітыву любой кампаніі, у якую трапляе.
– Часам паназіраю за дзецьмі з боку – і застаюся спакойным. Іх калектыў сапраўды зладжаны і трывалы. Старэйшыя заўсёды рады дапамагчы. Гэта добра выхоўвае, прывівае клапатлівае стаўленне да блізкіх, – зазначае гаспадар дома.
– У той жа час нам, бацькам, важна нікога не абдзяліць увагай, знайсці час для кожнага. Мы з Сашам стараемся адразу рэагаваць на засмучаны стан дзяцей, хутка высветліць прычыну турбот і знайсці выйсце з сітуацыі. Хаця, бывае, хочацца і адгарадзіцца ад усіх і пабыць у адзіноце… А потым чуеш гучны дзіцячы смех – і ўсмешка міжволі з’яўляецца на вуснах, – кажа шматдзетная маці.
Канечне, нарадзіць і выхоўваць дзетак, ды яшчэ і пяцёра, – надзвычай складаная і адказная праца. За яе аператару лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі ГВУП «Белавежскія віны» Таццяне Журык быў уручаны ордэн Маці.
Трэба сказаць, што ў Журыкаў сямейныя каштоўнасці ў прыярытэце. Сам Аляксандр Адамавіч зазначае, што моцную, надзейную сям’ю будаваў, беручы за аснову дзіцячыя ўспаміны.
– Я сам са шматдзетнай сям’і, і мне вельмі падабалася, што можна не тоячыся пагутарыць з роднымі людзьмі. Зносіны са сваякамі заўсёды больш шчырыя, сапраўдныя. Хацелася, каб так было і ў маіх дзяцей, – усміхаецца бацька.
– Каштоўнасць сям’і ў тым, што яна, як правіла, застаецца з табой назаўсёды. Калі сяброў можна згубіць па розных прычынах накшталт пераезду ці змены поглядаў, то са сваякамі такія непрыемныя сітуацыі адбываюцца радзей, – падтрымлівае мужа Таццяна Журык.
Слухаючы разважанні сужэнцаў, пераконваюся: Аляксандр і Таццяна ў сапраўдным тандэме, паміж імі – узаемапаразуменне. Праяўляецца гэта і ў тым, што, па магчымасці, Аляксандр дапамагае жонцы прыбіраць, гатаваць, трымаць дом у належным стане. Дзеці ж з задавальненнем бяруць прыклад з таты. А мама вельмі ўдзячная членам сваёй сям’і за тое, што раздзяляюць з ёй усе гаспадарскія клопаты.
– Засмучае, што мая праца вымушае нас разлучацца на дзён 20-30, але ўсё непрыемнае ў рэшце рэшт заканчваецца, і наступаюць максімальна радасныя сустрэчы. Калі чакаюць жонка, дзеці – гэта натхняе, падтрымлівае, – дзеліцца Аляксандр Адамавіч.
Шматдзетная сям’я вельмі цэніць час, праведзены разам. Да слова, усе Журыкі любяць прыроду, паважаюць «ціхае паляванне», а бацькі захапляюцца рыбалкай.
– Летам падарожнічаем па Беларусі. Часам у поўным складзе выбіраемся «пакарміць камароў» у лес. Разам ходзім у грыбы, збіраем і ягады, з якімі потым робім варэнікі. Асабліва ў нас вітаюцца з чарніцамі. А якія наша мама пячэ пірагі! Гэта трэба каштаваць, інакш не патлумачыш, – расказвае мужчына.
Дзеці з захапленнем заківалі ў знак згоды з бацькам, а малодшыя Саша і Міша пачалі неверагодна красамоўна апісваць кулінарны талент матулі. Дарэчы, на пачатку сустрэчы яны крыху саромеліся, а напрыканцы далі сабе волю. Як і належыць дзецям, шмат смяяліся і гулялі, а на развітанне запрасілі ў госці яшчэ раз. Што казаць, гасціннасць у сям’і Журык у крыві!
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік