Згадзіцеся, жыццё кожнага з нас без выключэння непарыўна звязана з працай: і тут маецца на ўвазе праца не толькі па прафесіі, але і шчыраванне на сваім прысядзібным участку, клопаты гаспадара і гаспадыні, работа над сабой, над сваім характарам і самаўдасканаленнем… Але вялікім каштоўным здабыткам і ўніверсальным сродкам руху наперад з’яўляецца толькі праца мірная, стваральная. Тады яна будзе так проста, нязмушана рабіць нас шчаслівымі, патрэбнымі.
А вось падчас нядаўняга рэспубліканскага суботніка жыхары Пружаншчыны ўпэўніліся яшчэ ў адной пазітыўнай уласцівасці сумеснай працы: яна як нельга лепш аб’ядноўвае, згуртоўвае, збліжае людзей. І як жа здорава, калі побач з дарослымі працуюць і дзеткі!
Вось і актыўная трохгадовая дзяўчынка Ксенія Клім, выхаванка ДУА «Дзіцячы сад №3 г. Пружаны», разам са сваёй мамай прыйшла на суботнік. Няма сумненняў, што работнікам Пружанскай раённай дзяржінспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, дзе працуе мама дзяўчынкі Алена Клім, шчыравалася на суботніку асабліва радасна! Радасна ад таго, што праца ладзілася, што сонейка свяціла, што звінеў дзіцячы смех!
Няхай жа заўсёды, нашы шаноўныя чытачы, ваша праца будзе такой жа шчырай і мірнай!
З Першамаем, сябры!
Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік