Вторник, 14 января 2025

Шчасце маці шасцярых дзетак Ірыны Міхалюк з Пружан — у моцнай і дружнай сям’і

491

Якія асацыяцыі ўзнікаюць у вашай галаве, калі вы чуеце слова «мама»? Цёплая ўсмешка, смачныя пірагі, цікавыя казкі… Здаецца, усё гэта аб’ядноўвае адно ключавое слова — любоў. І наша гісторыя менавіта пра гэтае моцнае пачуццё.

Маці шасцярых дзяцей Ірына Міхалюк нарадзілася ў далёкім Пермскім краі. Калі ёй было чатыры гады, сям’я пераехала ў Беларусь. Асноўнай прычынай змены месца жыхарства стаў неспрыяльны клімат: дзве дачкі вельмі часта хварэлі…

— Нашым новым домам стала вёска Папялёва. Мы трапілі ў дзікую прыроду Белавежскай пушчы. Свежае, чыстае паветра так і кружыла галаву! — настальгіруе Ірына Васільеўна і, апавядаючы пра змену прыроднага клімату, звяртае ўвагу на важнасць клімату… сямейнага.

Безумоўна, атмасфера ў сям’і моцна ўплывае на наша жыццё: яшчэ ў дзяцінстве на падсвядомым узроўні мы бяром стасункі сваіх бацькоў за прыклад і ў будучым самі прытрымліваемся такой мадэлі ўзаемаадносінаў.

— У нас была проста ўзорная сям’я, — кажа Ірына Міхалюк. — Бацькі жылі вельмі дружна, заўсёды дапамагалі адзін аднаму, была відавочная іх узаемная павага. І нам з сястрой яны паказалі прыклад здаровых адносін.

Вось якія моцныя сем’і будуюцца простымі людзьмі! Бацька нашай гераіні быў механізатарам, маці 25 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў, а потым на працягу 14 гадоў выхоўвала прыёмных дзяцей. Дарэчы, малодшая сястра Ірыны Васільеўны таксама шматдзетная маці: у яе трое дзетак.

— Памятаю забаўны выпадак. У шостым класе на ўроку рускай мовы мы пісалі слоўнікавы дыктант. Я вучылася добра, але з гэтым заданнем не справілася. Падвялі… аліменты! Я не разумела сэнсу гэтага слова. Згадала хімію і напісала: «элементы». Настаўніца тады сказала: «Ты ўпершыню чуеш гэтае слова, бо ў цябе сям’я добрая!»

Пасля заканчэння Папялёўскай школы Ірына Васільеўна вырашыла пайсці па слядах мамы і стаць настаўніцай. Мара здейснілася ў 2006 годзе: дзяўчына паспяхова скончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымала доўгачаканы дыплом.

У тым жа годзе здарылася яшчэ адна лёсавызначальная падзея — нарадзілася сям’я Міхалюк.

— Я пазнаёмілася са сваім мужам Дзмітрыем на вяселлі агульных сяброў. Выпадкова выйшла, што нас пасадзілі за адзін стол. Мы весяліліся, гутарылі, а ў канцы мерапрыемства абмяняліся нумарамі. Магчыма, мы проста раз’ехаліся б па сваіх гарадах і сёння вы не прыйшлі б да мяне ў госці, але здарылася наступнае…

Тут трэба адзначыць, што Міхалюкі — людзі веруючыя: яны з’яўляюцца хрысціянамі веры евангельскай. І іх сям’я, зазначае жанчына, была створана па Божым блаславенні.

— Як ужо пасля расказваў мой муж, аднойчы вечарам ён маліўся аб надзейнай будучыні і папрасіў у Бога, каб менавіта зараз яму патэлефанавала будучая жонка. І што вы думаеце, пазваніла я! Гэта на мяне зусім не падобна: я ніколі першая з хлопцамі гутаркі не пачынала, а тут іду па вуліцы, і раптам узнікае думка: «Трэба пазваніць Дзіме». Гэта быў дзіўны дыялог, я саромелася, не ведала, што казаць, а ён… зразумеў усё.

Атрымаўшы адказ ад Бога, Дзмітрый у хуткім часе прыехаў да Ірыны з кветкамі, цукеркамі і прапановай пачаць сустракацца. Праз чатыры месяцы пара ўзяла шлюб.

— Мы пачалі сустракацца толькі для таго, каб потым ажаніцца, а не проста так.

Пара прыехала на Пружаншчыну па мэтавым накіраванні жонкі і трапіла ў Мураву. Муж уладкаваўся вадзіцелем у мясцовую гаспадарку, жонка — выхавацелем у дзіцячым садку. Але працавала Ірына Васільеўна нядоўга: у 2007 годзе пайшла ў дэкрэтны адпачынак, які скончыўся… у маі 2022-га.

Калі ў сужэнцаў нарадзілася трое дзяцей, дзяржава дапамагла набыць дом у Аранчыцах. Потым на свет з’явілася яшчэ трое дзетак, і тады Міхалюкі пераехалі ў Пружаны.

Цяпер у сям’і гадуюцца тры хлопчыкі і тры дзяўчынкі. Рувім (незвычайнае яўрэйскае імя, якое абраў бацька, азначае «першынец»), Ульяна, Паша, Лёша і Каця вучацца ў СШ №5. Малодшая Надзя толькі пайшла ў дзіцячы сад:

— У садку цікава, а яшчэ там можна спаць, — кажа дзяўчынка.

Як мы цябе разумеем, маленькая Надзенька!

— Па характарах дзеці на мяне не падобныя. Я была ўжо занадта ціхая і сарамлівая. Таму мне хацелася, каб мае дзеці былі смялейшыя, не баяліся зносінаў, траплялі ў добрыя прыгоды. Тут чарговы раз дапамагла Божая воля: у нас усе дзеткі таварыскія і жвавыя, — заўважае маці.

Бацькі па-максімуму стараюцца займаць вольны час дзяцей карыснымі справамі. Амаль усе дзеці, дарэчы, ходзяць у школу мастацтваў. Два разы на тыдзень сям’я ў поўным складзе наведвае малітоўны дом. Між іншым, Ірына Васільеўна працуе там настаўніцай нядзельнай школы.

— Канешне, у нас бываюць рознагалоссі і спрэчкі, але ж гэта жыццё, яно не можа быць афарбавана ў выключна светлыя колеры. Бывае ўсякае, але мая сям’я ведае, што мы каманда. У нас з дзецьмі даверлівыя адносіны, яны не баяцца нашага асуджэння, прыходзяць за парадамі. Мне падабаецца, што старэйшыя дапамагаюць малодшым, перад «вонкавым ворагам» абараняюць адзін аднаго, хаця паміж сабой, бывае, сварацца. Ды што тут дзіўнага: мы з сястрой удзвюх насіліся вакол хаты, а іх — шасцёра! — смяецца Ірына Васільеўна.

Сям’я Міхалюк сапраўды каманда. У іх размеркаваны хатнія абавязкі. Устаноўлена дзяжурства па кухні, асноўны абавязак дзяжурнага — гэта мыццё посуду. Таксама кожны прыбірае свой пакой, сочыць за ўласнымі рэчамі. Дзякуючы зладжанасці ў вырашэнні бытавых пытанняў у Ірыны Васільеўны іншы раз з’яўляецца вольны час: яго жанчына прысвячае стварэнню кветак-банцікаў ў тэхніцы канзашы.

На пытанне пра тое, якія традыцыі існуюць у сям’і, гаспадыня адказала так:

— На выхадных мы любім гатаваць чабурэкі. Я раскатваю цеста, малодшыя дзеці лепяць, старэйшыя — смажаць. Норма для нас — штук сорак. Ды і яны разлятаюцца вельмі хутка!

А яшчэ мы вельмі ўрачыста святкуем дні нараджэнняў. Падрыхтоўка пачынаецца заўсёды загадзя, мы прадумваем кожную дробязь. Дзеці вельмі чакаюць гэты дзень, таму што ён сапраўды асаблівы, з усімі традыцыйнымі атрыбутамі выдатнага свята. Мне важна, каб кожнае дзіцё разумела, што ў такой вялікай сям’і яно не згубілася, што яно — асоба, а яго дзень нараджэння з’яўляецца самым галоўным святам.

Увогуле, Ірына Васільеўна прызнаецца, што лічыць сябе вельмі шчаслівым чалавекам.

— Рэдка калі ў мяне бывае кепскі настрой, стараюся быць заўсёды на пазітыве. Дзякуючы Богу ў мяне ёсць цудоўная сям’я, якой я вельмі моцна даражу. У маім жыцці сапраўды шмат любові, дык чаго ж хандрыць?

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік