Понедельник, 13 января 2025

Шчасце быць любімым! У ЗАГСе ўшанавалі юбіляраў сямейнага жыцця

1 741

Добрай традыцыяй у аддзеле ЗАГС стала ўшанаванне юбіляраў сямейнага жыцця. Пар, якіх сабралі на гэты раз, віншавалі з Міжнародным днём сям’і.

Усе госці ўтульнай залы ЗАГСа з розным стажам сямейнага жыцця: «ружовым», «шкляным», «сярэбраным», «жамчужным»… І кожная пара са сваімі сакрэтамі сямейнага шчасця.

Самай маладой парай аказалася сям’я Аляксандра і Веранікі Кадэшкаў: у лютым яны адзначылі першую гадавіну сумеснага жыцця – паркалёвае вяселле. Маладыя людзі расказалі, як за гэты год памянялася іх жыццё. Паводле іх слоў, у мужа і жонкі шмат агульнага, у тым ліку і прафесійная дзейнасць – абодва бухгалтары.

Па перакананні Святланы і Аляксандра Грыгарчукоў самыя патрэбныя рэчы ў сямейным жыцці — разуменне і павага. Зразумела, толькі ўзаемныя. А яны ведаюць, што гавораць: усё-такі 20 гадоў разам. Свой палац узаемаадносін, любові і вернасці яны ўзводзілі вельмі скрупулёзна і педантычна.

Дзмітрый і Вольга Мацяшы вось ужо 15 гадоў разам. «У сямейным жыцці ёсць не толькі «салодкія» моманты, – шчыра прызналіся яны. – Але, калі захоўваюцца шчырыя пачуцці, жаданне пераступаць праз свае амбіцыі і лічыцца з меркаваннем партнёра, усе спрэчныя моманты, калі і з’яўляюцца, не заўважаюцца. Вось і ўвесь наш сакрэт».

Яшчэ больш у шлюбе – 25 гадоў – Алег і Людміла Пракопчыкі. Нягледзячы на тое, што мінула столькі часу, адчуванне такое, што гэта было ўчора. Муж і жонка разам успаміналі, як пазнаёміліся і чаму вырашылі звязаць сябе сямейнымі абавязкамі.

Можна толькі пазайздросціць мужу і жонцы, якія і праз трыццаць гадоў сумеснага жыцця вельмі цёпла ставяцца адзін да аднаго. Жамчужнае вяселле сёлета адзначаюць Іна і Руслан Валенцюкі. «Ці памянялі б мы нешта, каб магчыма была магчымасць пачаць усё з чыстага ліста? Абсалютна нічога, – упэўнена зазначылі юбіляры. – Нягледзячы на цяжкасці, без якіх не абыходзіцца сямейнае жыццё, мы па-ранейшаму шануем адзін аднаго… Толькі разам — і ніяк па-другому». А маладым парам Іна Антонаўна і Руслан Мікалаевіч далі слушную параду ніколі не спяшацца пры прыняцці рашэнняў і здзяйсненні ўчынкаў.

Гэтая сустрэча сямейных пар прымусіла Святлану і Аляксандра Гукоў азірнуцца ў мінулае. А яно ў іх агульнае ўжо 35 гадоў. Каб не забыць абсалютна ніякіх момантаў, Святлана Яраславаўна з юных гадоў вядзе дзённік. Але такія важныя моманты, як знаёмства, вяселле, нараджэнне дзяцей, безумоўна, заўхоўваюцца і ў памяці. Муж і жонка прызналіся, што іх аб’яднала агульнае захапленне. «Мы разам вучыліся і былі апантаны турызмам. І не больш таго. Але мае адносіны да блізкага сябра рэзка памяняліся пасля паходу ў горы Каўказа: менавіта тады я зразумела, што Саша – той чалавек, на якога можна разлічваць у любой жыццёвай сітуацыі», – прызналася жанчына. Прыкладам узорнага сямейнага жыцця для Гукоў сталі іх суседзі – пара, якая дала ім самыя карысныя ўрокі і навучыла жыццёвай мудрасці.

Акрамя таго, у той дзень былі ўшанаваны яшчэ дзве пары: Вадзіма і Лізаветы Русецкіх, а таксама Дзмітрыя і Валянціны Сачэўкаў, якія разам ужо пяць і дзесяць гадоў адпаведна.

…Пад гукі вальса пары кружыліся ў зале, згадваючы свой першы вясельны танец. Па традыцыі гасцей папрасілі пакінуць свае подпісы ў кнізе юбіляраў. Акрамя віншаванняў, прыемных слоў і музычных падарункаў, якія адрасавалі загадчыца аддзела ЗАГС Наталля Цібароўская, вядучыя і самадзейныя артысты, удзельнікі вечара атрымалі памятныя падарункі.

Падрыхтавала Марына Вакульская. Фота Кацярыны Масік