11 снежня першую гадавіну свайго існавання адзначыў храм Іконы Божай Маці «Спаручніца грэшных» у аграгарадку Шчарчова.
Нагадаем, што 11 снежня 2021 года адбылася архіерэйская служба з нагоды асвячэння гэтага храма. Правёў чын вялікага асвячэння і адслужыў Боскую літургію архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Таксама былі асвечаны ўстаноўлены на пагосце паклонны крыж і камень з памятнымі датамі. Зразумела, будаўніцтва царквы было справай не аднаго дня і не аднаго чалавека. Дапамагалі здзейсніцца мары прыхаджане, шматлікія ахвяравальнікі, мецэнаты. Уладыка Іаан уручыў шэрагу з іх граматы Патрыяршага Экзарха, Архіерэйскія граматы і падзякі. Настаяцель царквы іерэй Георгій Хадыніцкі і сёння згадвае ўсіх гэтых людзей добрым словам і малітвай.
Храм стаў не толькі самым маладым у благачынні, але і першым у гэтым населеным пункце. Яго будаўніцтва дало магчымасць мясцовым вернікам наведваць богаслужэнні, не ад‘язджаючы далёка ад дому, а айцу Георгію актыўна весці духоўна-асветніцкую работу з дарослымі і, што вельмі актуальна зараз, з падрастаючым пакаленнем.
Напрыклад, за кароткі час сталі традыцыйнымі сустрэчы святара з навучэнцамі Шчарчоўскай школы, гутаркі маральна-выхаваўчага характару. А летам айцец Георгій разам са старшакласнікамі нават прымаў удзел у трохдзённым паходзе на возера Сялец у Бярозаўскім раёне.
Ірына Сядова