
Аказваецца, што шахматы — гэта адна з самых папулярных інтэлектуальных гульняў на Пружаншчыне.
Чаму аказваецца? Справа ў тым, што пасля публікацыі вынікаў шахматна-шашачнага турніру памяці А.М. Чавусава на прызы газеты «Раённыя будні», дзе мы зрабілі рэпліку, што не гуляюць нашы дзеці ў шахматы, бо няма каму іх гэтаму навучыць, у рэдакцыю патэлефанаваў жыхар Брэста Лявонцій Тупік. У голасе Лявонція Васільевіча гучалі ноткі і падзякі, і абурэння. Дзякаваў ён за тое, што пішам пра шахматы, праводзім турніры , удзяляем увагу гэтай гульні, абураўся за кінутую фразу, што шахматы не карыстаюцца папулярнасцю ў раёне, асабліва сярод школьнікаў.
— Вы прыходзьце заўтра на турнір у СШ №4 і пабачыце, колькі дзяцей, улюблёных у шахматы, — прапанаваў на тым канцы тэлефоннага проваду мой суразмоўца. — А пакуль кіну спасылку на ютуб-канал, дзе шмат інфармацыі пра развіццё шахмат у Пружанскім раёне.
Мы абмяняліся нумарамі тэлефонаў, і неўзабаве прыходзіць мне паведамленне са спасылкамі на ютуб-канал DenChess. У першай сын Лявонція Васільевіча Дзяніс расказвае, як быў арганізаваны і праходзіў першы жывы турнір сярод школьнікаў 2-5 класаў Мокраўскай школы на прызы канала. Затым былі другі і трэці. Нават праводзіўся суперфінал сярод школьнікаў Пружанскага раёна ўсё ў той жа школе. Аказваецца, што сталіца шахмат Пружаншчыны — вёска Мокрае. А гуру шахмат — настаўніца замежнай мовы Вольга Васільеўна Грыгар’ян — сястра Лявонція Васільевіча. Адкуль у гэтых паважаных людзей такая любоў да інтэлектуальнай гульні? Аб гэтым расказаў мне Лявонцій Тупік пры сустрэчы на турніры, які праводзіўся напярэдадні Новага года сярод сельскіх і гарадскіх школ. У другім корпусе навучальнай установы паветра было даволі густым, але не ад колькасці ўдзельнікаў турніру, а ад думак, ідэй, камбінацый у партыях. У калідоры, дзе адно з ганаровых месцаў займаў камплект узнагарод ад канала DenChess, было шумна, а ў класах, дзе ішлі баталіі на шахматных дошках, — ціха. Будучыя магчымыя грасмейстары былі сканцэнтраваны на гульні, за якой са строгасцю сачылі суддзі — Вольга Грыгар‘ян, Лявонцій і Дзяніс Тупікі. Дарэчы, апошні вёў здымкі працэсу для справаздачы на сваім канале. «Хварэў» за сваю каманду дырэктар Мокраўскай школы Алег Бзот.
Лявонцій Васільевіч быў маім правадыром у гэты захапляючы свет камбінацый, дэбютаў, стратэгій. Паказаў мне інтэрактыўную дошку, за якой ішла гульня. Працэс можна было назіраць, навёўшы гаджэт на кюар-код. Адразу ж на экране з’яўляліся 64 клеткі з фігурамі. Сачыць за гульнёй у рэжыме анлайн было цікава.
На пытанне, «як прыйшло захапленне шахматамі», Лявонцій Тупік адказаў, што тата прывучыў.
— Сам жа мой бацька пачаў гуляць вельмі даўно — 55 год таму. Вучыўся ён тады ў пачатковай школе вёскі Крупа, куды завезлі спартыўны інвентар, у тым ліку шахматы і шашкі. Старэйшыя школьнікі разабралі мячы і іншыя прылады для рухомых відаў спорту, малодшым дасталіся шашкі і шахматы. Сярод іх быў і мой тата — Васілій Лявонцьевіч. Разам з аднакласнікам Віктарам Жуком давялося разбірацца з гэтай складанай гульнёй. У іх усё атрымалася. Шукалі кнігі па шахматах, распытвалі знаёмых. І пайшло. У выніку сталі складальнікамі цікавых камбінацый, задач, нават друкаваліся ў спецыяльных часопісах, у тым ліку замежных. Бацька прывіў любоў да шахмат мне, маёй сястры Вользе. Пасля гэтае захапленне мы перадалі нашым дзецям. Мой сын — фанат шахмат. Можна сказаць, што гэтыя турніры Дзяніс і арганізаваў. Вольгі Васільеўны сын Данііл таксама займаецца, ужо атрымаў паўгода назад трэці разрад, — расказвае Лявонцій Васільевіч.
Прааналізаваўшы сітуацыю з развіццём шахмат у Пружанскім раёне, сям‘я Тупікаў і Грыгар’янаў вырашылі, што трэба прыкласці ўсе намаганні, каб адрадзіць гульню і паставіць яе на высокі ўзровень. Першыя вынікі ўжо ёсць. Некаторыя са школьнікаў, а больш гэта тычыцца Мокраўскай школы, атрымліваюць званні, заваёўваюць месцы, напрыклад — шостае ў абласным турніры. Вялікая заслуга ў гэтым Вольгі Грыгар’ян. Ды і для Лявонція Тупіка вельмі важны бляск дзіцячых вачэй ад захаплення працэсам, вынікамі гульні.
Пагутарыў з разраднікам па шахматах Даніілам Грыгар’янам (на здымку ўверсе). Хлопчык расказаў, што вельмі захапляецца шахматамі, гуляе даўно, навучыла мама.
У выніку турніру, на якім удалося пабываць, сярод сельскіх школ першымі былі мокраўскія вучні, сярод гарадскіх першынствавалі вучні з СШ №3.
Як мне расказаў дырэктар Мокраўскай школы Алег Бзот, Шарашэўская школа таксама займаецца шахматамі. Развівае іх настаўнік Міхаіл Хвісюк. Што ж, дабяромся мы і да Шарашэва, пагутарым і з Міхаілам Міхайлавічам.
Пакуль жа раблю выснову, што шахматы на Пружаншчыне жывуць, развіваюцца і будуць карыстацца папулярнасцю. Падтрымаем, каб не паставілі нам «дзіцячы» мат у тры хады?
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара
