Пятница, 13 декабря 2024

«SHAWUHA» прапануе кліентам «хуткую», але пры гэтым здаровую ежу. Прадпрымальнік Антон Грышкевіч расказаў пра сваю справу

860

Ёсць нямала народных мудрасцей пра карысць працы, таксама як і пра ляноту. Сапраўды, да справы можна ставіцца па-рознаму. Напрыклад, адзін будзе працяглы час, нібы той ляжачы камень у прымаўцы, чакаць прапаноў з добрым заробкам і з мінімумам абавязкаў. А іншы пачынае з малога, паступова зарабляючы аўтарытэт, вопыт і, зразумела, паляпшаючы свой дабрабыт.

Менавіта для такой катэгорыі людзей у нашай краіне працяглы час дзейнічае праграма падтрымкі занятасці насельніцтва. Са спецыяльнага фонду выдзяляюцца матэрыяльныя рэсурсы на арганізацыю сваёй справы для тых, хто адчуў цягу да прадпрымальніцкай дзейнасці. І праграма паспяхова дзейнічае, што бачна нават па раённай статыстыцы. Але гэта толькі лічбы, а за імі – сапраўдныя гісторыі пружанцаў, у тым ліку і Антона Грышкевіча.

Так склалася, што Антон Пятровіч аказаўся беспрацоўным. Некаторы час ён спрабаваў знайсці іншую работу, але безвынікова. Задумацца аб змяненні падыходаў да сваёй занятасці прымусіў прыклад сястры.

Каля пяці гадоў таму яна вырашыла адкрыць свой бізнес і звярнулася па дапамогу ў службу занятасці, расказвае прадпрымальнік. Дзякуючы праграме субсідзіравання, атрымала фінансавую дапамогу, што дало штуршок да пачатку прадпрымальніцкай дзейнасці.

Зразумела, што сума субсідыі, якая, дарэчы, не вяртаецца, не можа стаць стартавым капіталам. Як зазначае мой субяседнік, не варта разлічваць на тое, што выдзеленых грошай хопіць для пачатку справы «з нуля». Хаця і гэта падтрымка аказваецца далёка не лішняя.

У той жа час больш адчувальнай дапамогай Антон Пятровіч лічыць спецыяльнае навучанне тых, хто вырашыў адкрыць сваю справу. Напрыклад, яму дапамаглі першапачатковую ідэю ператварыць у сапраўдны бізнес-план, які стаў падмуркам для першых крокаў.

А задумка тычылася адкрыцця кропкі грамадскага харчавання. Ці як прынята гаварыць зараз «пункта хуткай ежы».

Сучаснае жыццё стала настолькі імклівым, што 24-х гадзін у сутках многім не хапае для вырашэння надзённых спраў. З-за гэтага многія адмаўляюцца ад былых традыцый харчавання з комплексным сталом і ўдумлівым прыёмам ежы. Нават скарачаюць абавязковую праграму «сняданак-абед-вячэра», імкнуцца «на хаду» нешта з’есці. Вось на гэта і абапіралася мая ідэя адкрыцця кропкі грамадскага харчавання.

Вось толькі да яе ажыццяўлення Антон Грышкевіч падышоў прадумана. Ён вырашыў арыентавацца не на розныя фастфуды з замарожаных інгрэдыентаў, а прапанаваць сваім кліентам здаровую ежу, хаця і таксама «хуткую». У свой час яму давялося паездзіць па розных краях і азнаёміцца з прапановамі мясцовых народных кухняў.

На жаль, сярод беларускіх традыцыйных не знайшоў такіх страў, якія можна «ўзяць у дарогу». А вось блізкаўсходняя шаўрма ці шаверма, якая апошнім часам паступова заваёўвае папулярнасць і ў нас, як аказалася, выдатна адказвае ўсім патрабаванням. Для яе гатавання патрэбны натуральныя прадукты і пэўнае кулінарнае майстэрства.

На прыгатаванне такой стравы і арыентаваў сваю справу Антон Грышкевіч, нават назву сваёй кропкі ўзяў аналагічную, хаця і з маладзёжнага слэнгу. Апошні ўжо даўно, напэўна, з-за той жа жыццёвай спешкі, выкарыстоўвае скарачэнне слоў.  Напрыклад, шаўрма даўно ў маладых людзей называецца «шава» ці «шавуха». Так на вуліцы Савецкай паўгода таму адкрылася «SHAWUHA», дзе прапануецца толькі што прыгатаваны гарачы перакус.

Магчыма, хтосьці скажа, што мала прапанаваць карыснае, трэба прыцягваць кліентаў. І будзе мець рацыю, бо, на жаль, ёсць і прыклады пралікаў з няўдалымі бізнес-спробамі.

У сітуацыі Антона Грышкевіча надзею выклікае яго стаўленне да сваёй справы. Як гаварылася раней, стаўку ён зрабіў на патрэбы сучаснага пакалення.

Па-другое, ён гатуе… для сябе. Менавіта так прадпрымальнік называе абраны падыход: маўляў, калі мне смачна гэта з‘есці, значыць, спадабаецца і іншым. У прыватнасці, давялося чуць, што «SHAWUHA» прапануе даволі смачную каву.

Тут ніякага сакрэту, проста мы яе гатуем са 100-працэнтнай арабікі свежага абсмажвання. Працяглы час выбіралі якаснага пастаўшчыка, без усялякай «хіміі» ці «эрзацаў». Нам напой спадабаўся, і толькі такі мы прапануем кліентам.

І, нарэшце, распрацавалі даступны сэрвіс. У прыватнасці, заказчыку не трэба чакаць, калі повар прыгатуе яму жаданае. Можна звярнуцца загадзя па тэлефоне і пакінуць заказ на вызначаны час. А можна зайсці і ўзяць спецыяльны маячок-пэйджар і пайсці па сваіх справах. У вызначаны час прыбор дасць сігнал гатоўнасці. Таксама побач з установай харчавання стварылі летнюю пляцоўку, дзе можна смачна перакусіць шаўрмой з кубачкам кавы.

Ці атрымалася ў Антона Грышкевіча за першыя паўгода знайсці «свайго» спажыўца? А можа былі мінуты шкадавання?

У сярэднім за дзень мы абслугоўваем зараз да 200 наведвальнікаў, што сведчыць пра попыт на нашы паслугі. Бывае, што адзін чалавек заказвае 10 вялікіх або 15 сярэдніх «шавух». А наконт шкадавання, прызнаюся, што нярэдка такія думкі ўзнікалі: шкадаваў, што раней не заняўся такой справай.

У якасці парады іншым Антон Грышкевіч раіць не чакаць «з мора пагоды», не стрымліваць сябе. Лепш нешта зрабіць, каб пераканацца ў правільнасці або памылковасці выбранага накірунку, чым загадзя палохацца: а раптам не атрымаецца?

Тым больш, што штуршок у выглядзе дзяржаўнай субсідыі даступны для ўсіх. Напрыклад, частку абсталявання малады прадпрымальнік набыў менавіта за выдзеленыя сродкі. Разам з гэтым з’явілася ўпэўненасць у правільнасці выбару. І не толькі для сябе: напрыклад, задумка Антона пасадзейнічала занятасці яшчэ тром работнікам.

Безумоўна, у маладога прадпрымальніка ёсць і планы на перспектыву, з будучым ростам і адкрыццём новых кропак грамадскага харчавання. Што ж, добра вядомы брэнд «Макдональдс» таксама пачынаўся як прыдарожная закусачная…

Алег Сідарэнка. Фота аўтара