У пятніцу, а шостай раніцы, калі Пружаны толькі прачыналіся і рыхтаваліся да новага працоўнага дня, каля ваенкамата было шумна. Шаснаццаць юнакоў з розных куткоў раёна развітваліся са сваімі роднымі і блізкімі людзьмі — для іх надышоў час стаць у армейскі строй. Пажадаць «лёгкіх ботаў» будучым салдатам вырашылі і журналісты «раёнкі».

Перад ад’ездам маладыя людзі прайшлі адпаведны інструктаж, запоўнілі анкеты, паставілі подпісы ў ведамасці за ваенныя білеты, атрымалі памяткі, як і што рабіць на выпадак узнікнення форс-мажорных абставін. І на ўсялякі выпадак яшчэ раз праверылі свае заплечнікі, дзе ў абавязковым парадку павінны былі ляжаць не толькі пашпарты і вокладкі для ваенных білетаў, але і — рэаліі дня — медыцынскія маскі і антысептыкі, а яшчэ цёплыя шкарпэткі ад бабулі, крэм для абутку ад таты і піражкі ад матулі…

Са словамі падтрымкі і пажаданнем шчаслівай дарогі да хлопцаў звярнуўся клірык Свята-Аляксандра-Неўскага сабора іерэй Дыянісій Папоў, які не па чутках ведае, што такое вайсковая служба.

— Званне абаронцы Айчыны — гонар для любога мужчыны! Старайцеся яму адпавядаць. У нейкім родзе вам пашчасціла, паколькі ў Беларусі, дзякуй Богу, няма «гарачых кропак». Жадаю добрых камандзіраў, прыстойных саслужыўцаў, аптымізму, бадзёрасці духу і Божай ласкі, — зазначыў святар і блаславіў усіх.

Мы папрасілі некаторых бацькоў падзяліцца сваімі ўражаннямі ад хвалюючай падзеі.
— Ганаруся сынам! — з задавальненнем адказаў Аляксандр Пракопчык з аг.Лінова. — Веру, што ён стане годным прадаўжальнікам справы дзядулі, які служыў на Паўночным флоце, у марскіх пагранвойсках. Будзе раўняцца і на старэйшага брата Яўгена, які восем гадоў таму нёс службу на заставе імя Кіжаватава ў Брэсцкай крэпасці, і спецыяльна прыехаў, каб паціснуць моцную руку Рыгора. Вядома, найбольш хвалюецца наша матуля: як-ніяк сына на граніцу адпраўляем у дастаткова неспакойны час, але спадзяёмся, што ўсё будзе добра. Армія — гэта школа выхавання адказнасці і ўзаемадапамогі. Упэўнены, што сын адслужыць годна і вернецца ўжо сапраўдным мужчынам.

Цікава, што на гэты конт думае сам салдат Рыгор, які, да слова, да гэтага часу паспеў скончыць універсітэт і два месяцы адпрацаваць у піянерскім лагеры «Зубраня», дзе ў яго атрадзе былі дзеці-сірыйцы, бацькі якіх загінулі ў выніку баявых дзеянняў. Таму малады чалавек ужо ведае сапраўдны кошт жыцця.
— Перш за ўсё, я ведаю слова «трэба»! Вядома, выдатна разумею, што служба ў войску, тым больш, у пагранічным, — гэта не прагулка па лесе. Але цяжкасцей я не баюся, дарэчы, побач будзе служыць аднакласнік. Год, спадзяюся, пройдзе хутка. Не хвалюйцеся, землякі, не падвяду…

Пагутарылі і з начальнікам групы прызыву раённага ваеннага камісарыята старшым лейтэнантам Андрэем Якімовічам, які зазначыў, што сёлета, у жніўні-лістападзе, ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і фарміраванні наш раён накіраваў семдзесят чалавек.
— Упэўнены, усе роды войскаў, у тым ліку пагранічныя, атрымаюць з Пружаншчыны годнае папаўненне. Нашы хлопцы адказныя, ніякіх непаразуменняў у нас з імі не было, таму наступныя год-паўтара пройдуць для іх з карысцю. Чакаю ад салдатаў фотаздымкаў на фоне разгорнутага баявога сцяга, якія ўпрыгожаць нашу ганаровую фотагалерэю «Годна служаць землякі», — кажа афіцэр.

— Абавязкова дашлём! – у адзін голас адказваюць маладыя людзі, развітваюцца з усімі і ідуць у аўтобус, які завязе іх на абласны зборны пункт.

Першым месцам тэрміновай ваеннай службы для апошніх восеньскіх прызыўнікоў з Пружаншчыны стане «вучэбка» Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Дзяржынскага. Праз месяц-паўтара навабранцаў размяркуюць па розных часцях і заставах Брэстчыны.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік
Больш фота тут: https://vk.com/album-23306785_281657891