У мінулую суботу ў Духоўна-патрыятычным комплексе г. Бярозы прайшла ўрачыстая цырымонія прыняцця ваеннай прысягі навабранцамі восеньскага прызыву.

На плошчы сабралася каля 150 будучых салдат, сярод якіх шасцёра прыбылі з Пружанскага раёна. Справа ў тым, што нашым землякам было прызначана праходзіць тэрміновую службу на 210-м авіяцыйным палігоне, які ўваходзіць у Бярозаўскі гарнізон. І цяпер яны разам з іншымі саслужыўцамі далі клятву на вернасць Радзіме і свайму народу.

Папярэдне прызыўнікі былі накіраваны ў пункт прыёму новага папаўнення в/ч 97063, дзе з 8 лістапада праходзілі курс маладога байца. На працягу двух тыдняў праводзілася тактычная падрыхтоўка, будучыя салдаты асвойвалі «азы» баявой падрыхтоўкі. Зразумела, значны час у вучобе адводзіўся вывучэнню вайсковага статута і страявой падрыхтоўцы. І, безумоўна, на працягу ўсяго навучання КМБ зладжваліся падраздзяленні, хлопцы знаёміліся між сабой, вучыліся разам вырашаць задачы.

Цырымонія прыняцця ваеннай прысягі пачалася з пастраення і вынасу баявога сцяга воінскай часці. Пад барабанны дробат падраздзяленні прадэманстравалі страявую падрыхтоўку, выходзячы на прызначаныя ім месцы. Першым да будучых салдат звярнуўся старшыня Бярозаўскага райвыканкама Вячаслаў Мятліцкі, які заклікаў годна прайсці армейскую школу, набрацца карысных уменняў і вярнуцца дадому сапраўднымі мужчынамі. Такія ж пажаданні выказвалі і іншыя выступоўцы — камандзіры, ветэраны-інтэрнацыяналісты і святары.

Асабліва пранікнёныя словы адрасавала навабранцам маці аднаго з іх Ганна Каляда з Пружан, якая ад імя ўсіх бацькоў нагадала байцам, што, нягледзячы на шчымленне ў сэрцы, кожная маці ўсё-такі хоча ганарыцца сваім сынам.
— Не страчвайце гонару і годнасці, імкніцеся быць першымі ў асваенні вайсковай навукі і з пачуццём добра выкананага абавязку абаронцы Айчыны вяртайцеся дамоў, — заклікала Ганна Васільеўна.

Па заканчэнні афіцыйнага мітынгу цяпер ужо салдатам быў дадзены некаторы час на тое, каб падзяліцца ўражаннямі з роднымі. Мы пацікавіліся думкамі аднаго з пружанскіх навабранцаў — Мікіты Трапука:
— Праз некалькі дзён для нас пачнецца сапраўдная армейская служба. Прызнаюся, што чакаю гэтага з пэўным хваляваннем, таму што больш, чым на год давядзецца перайсці ў новы рэжым жыцця. Хаця стаўлюся да гэтага вопыту, як да неабходнага для кожнага хлопца. Значыць, настроены з аптымізмам, упэўнены, што падчас армейскай службы нас чакае нямала цікавых момантаў.

Пасля цырымоніі камандаванне 210-га авіяпалігона спецыяльна сабрала бацькоў салдат у адным з класаў воінскай часці для шчырай размовы. Начальнік палігона Аляксей Карасёў запэўніў, што іх сыны трапілі ў чарговую школу, дзе іх настаўнікамі будуць ужо людзі ў пагонах.
— А больш нічога не змяняецца, таму што мы таксама адказваем за здароўе байцоў, за іх маральны і фізічны стан, — зазначыў Аляксей Генадзьевіч. — У дадатак прапаную трымаць цесны кантакт з намі, часцей тэлефанаваць і цікавіцца службай хлопцаў. Больш таго, настойліва заклікаю рабіць гэта не час ад часу, а рэгулярна, каб сыны ведалі, што іх чакаюць, а служба патрэбна не толькі Радзіме, а і ў першую чаргу сваім родным.

Начальніку палігона бацькі задалі нямала пытанняў, якія тычыліся ўмоў службы і быту, магчымасцей сустракацца і атрымліваць звальненні, узроўню падрыхтоўкі, у тым ліку і ў прафесійным плане. Кожны атрымаў падрабязны і разгорнуты адказ. Больш таго, вайскоўцы запрасілі бацькоў сумесна вырашаць узнікаючыя пытанні, не звяртаць увагі на распаўсюджвальнікаў непраўдзівых чутак, а напрамую даведвацца ў камандзіраў рэальныя абставіны.

І першае звальненне салдаты атрымалі менавіта ў гэты ўрачысты дзень. Няхай і самае кароткае — толькі да вечара, але наперадзе абавязкова будуць новыя сустрэчы з роднымі.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_299655113