Понедельник, 16 сентября 2024

Шасцікласніца СШ №3 летам зарабіла сабе на смартфон, а ў мінулым годзе — на веласіпед!

946

— Ну, і што з таго, што ў нашай краіне няма мора і гор? Затое ў нас ёсць іншае багацце – бяскрайнія лясы! — з веданнем справы сцвярджае вучаніца 6 “Б” класа СШ № 3 Ганна Кароль.

Адкрыем сакрэт: ужо чацвёрты год гэтая дзяўчынка атрымлівае ў дар ад лесу асаблівыя падарункі. Напрыклад, тэлефон і нават веласіпед. І гэта вам не жарт і не казка.

— Усё, што патрабуецца з майго боку, — прызнаецца дзяўчынка, — гэта асаблівая любоў да “ціхага палявання”.
— Ды рэдкая працавітасць, якой можа пазайздросціць нават дарослы, — дадае яе маці Валянціна Іванаўна. — Кожнае лета Ганначка праводзіць у бабулі з дзядулем у Стараволі. І як толькі ў лесе з’яўляюцца чарніцы, прачынаецца ў пяць гадзін, пакуль камары спяць, і ідзе ў лес у ягады. Збірае іх хутка і шмат, як яе бабуля, — у дзень атрымліваецца вялікае вядро, каля 10 кілаграмаў. Калі грыбы ёсць, таксама збірае. Потым дары лесу здае і на атрыманыя грошы купляе сабе і сястрычкам розныя рэчы.

У мінулым годзе дзяўчынка здолела купіць нават горны веласіпед, а сёлета – набыла новы смартфон.

Ганна вырасла ў вёсцы і добра ведае, што пад ляжачы камень і вада не цячэ.

— Яна не з тых дзяцей, хто кажа бацькам: “Дай!” Мая дачка заўсёды ўпарта ставіць перад сабой мэту і ўласнымі намаганнямі яе дасягае. Яе не трэба прасіць аб дапамозе, Ганначка сама ведае, што ў дадзены момант можна добрае зрабіць, якую карысць прынесці. Я ёй вельмі ўдзячна за ўсё… Зараз пачалася школа, і ведаю, што дачку не трэба прымушаць рабіць урокі: усё вывучыць і ўсё паўторыць, — кажа маці клапатлівай і стараннай дзяўчынкі.

Адметна, што Ганна марыць стаць урачом-педыятрам.
— Проста люблю дзяцей і ў будучым хачу іх лячыць ад розных хвароб. А пакуль мая галоўная задача – добра вучыцца, як у звычайнай, так і ў музычнай школе, дзе я іграю ва ўзорным баянным аркестры “Імпрэс”. А гэта вельмі адказная справа! Таму на наступны год, напэўна, папрашу ў лесу “ў падарунак” баян. Музыка, кажуць, павышае прадукцыйнасць працы. Да таго ж, з музыкай будзе весялей хадзіць па лясных сцежках, — жартуе дзяўчынка.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.