Складаная эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы ў работу ўсіх медыцынскіх устаноў раёна, у тым ліку і шарашоўскага паста неадкладнай медыцынскай дапамогі.

Выклікаў цяпер шмат, таму заспець на месцы дзяжурную брыгаду і павольна паразмаўляць з ёй ў журналістаў «раёнкі» не атрымалася. Фельчар Наталля Шапавал і вадзіцель экіпажа Аляксандр Макасевіч не паспелі вярнуцца ад хворага, як паступіў новы выклік — з вёскі Дзетаветчына, амаль на ўскрайку сельсавета. Прывіталіся, адарылі нас шчырымі ўсмешкамі і ўскочылі назад у машыну, паспяшаліся ратаваць іншага чалавека…
Экіпаж працаваў, а кіраўніцтва шарашоўскай гарпасялковай бальніцы дазволіла нам на свае вочы ўбачыць, у якой абстаноўцы даводзіцца фельчарам адпачываць паміж выклікамі. Адметна, што напрыканцы мінулага года пост «хуткай дапамогі» ў Шарашэве справіў наваселле. Сёння ён размяшчаецца на другім паверсе бальнічнага будынка.
У новых памяшканнях, шчыра кажучы, даволі камфортна: тут ёсць асобныя пакоі і для адпачынку, і для прыёму ежы. Вось толькі, як мы пераканаліся, адпачываць і есці фельчарам зараз няма калі.

Сёння на варце здароўя амаль трох тысяч жыхароў Шарашэўскага сельсавета ў адну змену на пасту дзяжурыць адзін экіпаж з адным фельчарам (усяго на «хуткай дапамозе» працуюць чатыры медыкі). Пры неабходнасці дапамогу аказваюць пружанскія спецыялісты. Хочацца верыць, што сітуацыя хутка палепшыцца – і медыкі змогуць перавесці дух.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік