Ці ўсе дакладна ведаюць, чым для нашага арганізма карысныя яблыкі? Аказваецца, у іх утрымліваецца не толькі вялікая колькасць вітамінаў, але і шматлікія мікра- і макраэлементы: магній, фосфар, ёд, жалеза і г.д. У сукупнасці яны дадаюць нам жыццёвых сіл, дапамагаюць спраўляцца са стрэсавымі сітуацыямі, паляпшаюць работу мозга і ўмацоўваюць сардэчна-сасудзістую сістэму. І зусім не малы пералік для звычайнага яблыка, добра знаёмага нам з ранняга дзяцінства. Пра цудадзейнасць гэтай садавіны добра ведаюць і на РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі», якая мае ў сваім распараджэнні сад на 120 га.
Спектр работ доследнай станцыі разнапланавы: прадпрыемства, акрамя саду, мае плошчы з бульбай, займаецца вырошчваннем незвычайнай для нашай мясцовасці сельскагаспадарчай культуры — соі, а таксама кукурузы. Аказвае садзейнічанне гаспадаркам па вырошчванні сельгаскультур, па складанні тэхналагічных картаў, выкарыстоўванні ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін. Яшчэ на прадпрыемстве можна набыць насенны матэрыял бульбы, збожжавых, зернебабовых і крупяных, шматгадовых і аднагадовых культур.
Як расказаў дырэктар доследнай станцыі Уладзімір Цімошчанка, рэалізуюць тут і пасадачны матэрыял пладова-ягадных культур, а таксама даюць кансультацыі па доглядзе, напрыклад, яблынь. У мінулым годзе заклалі сад яшчэ на пяці гектарах. Пладаносны на дадзены момант займае 106 га, дзе і ідзе на сёння інтэнсіўная ўборка ўраджаю, усяго налічваецца больш за 30 сартоў яблыкаў.
Сам сад разлічаны на паступовае ўбіранне яблыкаў, а гэтаму, у першую чаргу, спрыяе паслядоўнае паспяванне сартоў, што дае магчымасць прадпрыемству рацыянальна размяркоўваць свае сілы і зарабляць грашовыя сродкі. Раннія сарты «белы наліў», «жэнева», «каваленкаўскае» ўжо ўбраны. Цяпер чарга за асенне-зімовымі: «дарунак», «імант», «алеся», «шампіён».
Звычайна на ўборцы задзейнічана чатыры брыгады, у кожнай па 12 чалавек. Яблыкі вельмі акуратна здымаюцца з дрэва ў ёмістасць і перакладаюцца ў кантэйнеравоз. Ён перавозіць сабраны ўраджай у фруктасховішча, дзе плады будуць захоўвацца ў спецыяльных камерах пры аптымальнай для гэтага тэмпературы.
За дзень удаецца сабраць каля 40 тон вітаміннай прадукцыі, а закласці для наступнай рэалізацыі плануецца 2000 тон. На зборы яблыкаў, якія ўпалі, задзейнічана асобная брыгада: лёжкасць ападу значна ніжэйшая.
Што да рэалізацыі, то ў гэтым годзе прадпрыемства выйграла тэндар на пастаўку сваёй прадукцыі цэнтру па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна. Пастаўляюцца вітаміны цэнтральнай райбальніцы, едуць яны і ў Кобрын, і ў Бярозу.
Значную колькасць мясцовага ўраджаю спажываюць пакупнікі з Расійскай Федэрацыі — калі смачна, то смачна. Праз індывідуальных прадпрымальнікаў яблыкі з доследнай станцыі трапляюць на паліцы сеткавых магазінаў — «Еўраопта» і «Дабрацэна». Апад адпраўляецца на прамысловую перапрацоўку на прадпрыемствы вобласці, у тым ліку і на нашы «Белавежскія віны».
Прыгожа выглядае сад, багаты на ўраджай. Дрэвы нечым нагадваюць незвычайныя кветкі. Няхай жа для РУП «Брэсцкая АСГДС НАН Беларусі» гэта будзе не толькі прывабліва, але і прыбыткова.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік