Четверг, 25 апреля 2024

Сезон святаў вёсак у Пружанскім раёне адкрылі Баяры і Крупа (+ многа фота)

731

Шчырай сустрэчай з жыхарамі вёсак Баяры і Крупа Зеляневіцкага сельсавета распачалі ў мінулыя выхадныя работнікі Пружанскага аўтаклуба сезон святаў населеных пунктаў.

На свята сабраліся не толькі жыхары гэтых цяпер ужо маланаселеных вёсак, але і людзі, якія маюць тут свае карані. Прызнаюцца, што даўно з‘ехалі з вёскі, але пастаянна прыязджаюць на радзіму, наведваюць магілкі родных людзей. Абдымаліся, смяяліся і плакалі. І ўспаміналі, успаміналі…

Загадчыца аўтаклуба Людміла Кавалёва нагадала пра даўнюю гісторыю вёсак. Аказваецца, Баяры захавалі назву былой групы насельніцтва — баяраў: так у старажытнасці называлі вольных людзей або мяшчан, якія атрымлівалі ва ўласнасць зямлю за службу па ахове межаў. Упершыню Баяры ўпамінаюцца ў дакуменце за 1631 год як паселішча, якое належала магнатам Сапегам. А ў аснову назвы в. Крупа магла легчы назва расліны — «крупкі», што расце па берагах ручаёў.

У адрас вяскоўцаў гучала нямала прыгожых слоў і душэўных музычных віншаванняў. Асалодай было слухаць песні ў выкананні Тамары Гаранінай, Ірыны Лапаценка, Анастасіі Ціхановіч, Алесі Осіпавай, Сяргея Калюты, Лідзіі Сядко.

Традыцыйна атрымалі падарункі ад сельвыканкама старажылы: Марыя Аляксандраўна Пархуцік, Надзея Міхайлаўна Рудоміна, Галіна Васільеўна Гавейна, Соф‘я Уладзіміраўна Мацэвіч, а таксама Марыя Макараўна Латыш, Ірына Макараўна Маркевіч, Франц Францавіч Саўко, Наталля Барысаўна Старадубцава.

Не абмінулі ўвагай і тых, хто ўжо адзначыў сваё 50- і 60-годдзе, цудоўныя віншаванні прысвяцілі і сямейным парам, і нешматлікай моладзі, якая не пакінула роднае гняздо.

Па добрай традыцыі ўсіх гасцей свята частавалі духмяным караваем. Мінутай маўчання ўшанавалі памяць тых, каго ўжо няма на гэтым свеце…

Але, як аказалася, для сустрэчы вяскоўцаў была і іншая, вельмі значная нагода з пункту гледжання захавання гістарычнай памяці. Напярэдадні свята на баярскай вуліцы з‘явілася незвычайная карта. На ёй пазначаны месцы хат, прозвішчы і мянушкі колішніх жыхароў, а таксама ўказаны назвы мясцовасцей. На зваротным баку памятнага знака ў выглядзе імправізаванай хаткі — россып старых фотаздымкаў, з якіх усміхаюцца «баяры» і «баярыні».

Пасля віншавання прысутных старшыня Зеляневіцкага сельвыканкама Вольга Аўдзейчык расказала:

— Сёння мы сустрэліся не проста паглядзець адзін на аднаго: ёсць вялікая падзея, віноўнікам якой стаў адзін з нашчадкаў баярскіх жыхароў. Ведаю, што мясцовыя людзі пазнаёміліся з Ільёй Шамілавым крыху раней, калі ён пачаў збіраць матэрыялы для карты, на якой адлюстраваны значны перыяд вясковага жыцця.

Вольга Віктараўна ўручыла Шамілаву Ільі Ашаханавічу Падзячнае пісьмо ад Зеляневіцкага сельвыканкама за любоў да роднай зямлі, значны ўклад ва ўвекавечанне памяці аб малой радзіме.

Пакуль больш маладая частка вяскоўцаў наладжвала танцы каля імправізаванай сцэны, а больш сталыя людзі з задавальненнем слухалі жывую музыку, мы пагутарылі непасрэдна з аўтарам ідэі вясковай карты Ільёй Шамілавым.

— Я вельмі здзіўлены, што сабралася столькі людзей, — шчыра прызнаецца малады чалавек. — Але, напэўна, гэтага варта было чакаць. Мы стараліся зрабіць гэты знак, каб жыла памяць пра продкаў. І не толькі ў сэрцах іх нашчадкаў. Спадзяюся, што дачакаемся таго часу, калі на вёску, дзе жылі «баяры» і «баярыні» звернуць увагу турысты. І спадзяюся, што зможам паглыбіць сваю работу, больш даведацца пра гісторыю вёскі і яе наваколля.

На пытанне, што падштурхнула на такую працу, Ілья адказвае, што ў свой час убачыў падобную карту, створаную ў рамках праекта «Вясковы рэнесанс», на радзіме народнага майстра Міколы Тарасюка ў вёсцы Стойлы.

— Я настолькі ўразіўся такой магчымасцю захавання памяці, што захацеў зрабіць падобнае на сваёй малой радзіме. Дакладней, гэта малая радзіма маёй мамы, я нарадзіўся ўжо не тут, але прыязджаў да дзядулі. Засталіся ўражанні пра вёску, як мы бегалі тут, як пасвілі кароў — адбывалі «калейку». Да гэтага часу памятаю, як прамяні сонейка свяцілі на ложак, калі я прачынаўся. 20 гадоў тут не быў, і вось на мінулым тыдні мы ночавалі ў дзедавай хаце і я чакаў, калі зноў сонейка раніцай пасвеціць мне ў твар…

Я падзяліўся сваімі думкамі з матуляй Лідзіяй Васільеўнай і яна падтрымала мяне. І вось недзе ў 2018 годзе мы пачалі запісваць: хто дзе жыў, як звалі, якія былі мянушкі. Шмат дапамагалі старажылы, у тым ліку Галіна Васільеўна Мазоль, узгадвалі, дзе якія мясціны знаходзяцца, папраўлялі, калі што не так. Дарэчы, ужо калі забралі карту з друкарні, даведаліся, што яшчэ дзве мясціны на яе не ўнеслі — возера Лаза і грэблю, так што трэба дапісваць. І фотаздымкаў ужо цяпер даслалі шмат. Нягледзячы на тое, што ў тэхнічным плане шмат дапамагалі сябры, усяго не паспелі зрабіць. Але ў хуткім часе па QR-кодзе можна будзе паглядзець фотаздымкі мясцовых краявідаў.

Два фота, раздзеленыя паўстагоддзем. Лідзія Васільеўна Абярган (Шамілава) (злева) і Аляўціна Уладзіміраўна Ярмолік (Тупік).

Ілья Шамілаў прызнаецца, што пачаў прыводзіць у парадак дзедаву хату і двор і марыць расчысціць тэрыторыю паблізу, дзе, верагодна, было старажытнае пахаванне:

— Як добра было б, калі б удалося хоць крыху паўплываць на лёс не толькі нашай вёскі, але навакольных, ды і Лыскава, Ружан таксама, пашырыць веды пра іх, зацікавіць турыстаў, стварыць новыя маршруты! Зразумела, ад гэтага выйграюць усе.

Ірына Сядова. Фота аўтара

Фотаальбом са свята: https://ok.ru/budni/album/961759771272