Воскресенье, 6 октября 2024

«Серебряная» дистанция семьи Бугвин

1 022

Па рабоце даводзіцца часта сустракацца з сямейнымі “доўгажыхарамі”. Наслухаешся розных гісторый і пачынаеш (магчыма, некарэктна) параўноўваць сямейнае жыццё з бегам на доўгія дыстанцыі. Лёгка бегчы ў самым пачатку – па зразумелых усім узнёслых прычынах, якія не маюць патрэбы ў пералічэнні. Параўнальна лёгка і на “фінішнай прамой”, калі гадоў так праз пяцьдзясят ведаеш, што ўсе галоўныя перашкоды засталіся ззаду і прайсці заключны адрэзак часу разам — ужо справа гонару. Найцяжэй пасярэдзіне: трэба змагацца, каб адкрылася “другое дыханне”…


Таму самую вялікую павагу ў мяне выклікаюць менавіта “сярэбраныя” юбіляры. Вось і чарговыя нашы героі – жыхары аг. Сухопаль Міхаіл і Таццяна Бугвіны, з якімі я пазнаёмілася на іх працоўных месцах, уразілі сваёй жыццесцвярджальнай сілай і настроем. — Жыццё пражыць – не поле перайсці. Ніколі нельга здавацца! – сцвярджае Таццяна Яўгенаўна, кантралёр па якасці малака на малочнатаварным комплексе ААТ “Жураўлінае”. — Цяжкасці, якія ўзнікаюць у жыцці, толькі загартоўваюць сям’ю.
– Мы з Танюшкай 24 гадзіны ў суткі побач, і гэта, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, не перашкаджае, – з цёплай усмешкай кажа Міхаіл Мікалаевіч, які працуе тут жа жывёлаводам. – Ну, згадзіцеся, як з каханым чалавекам можна сумаваць? Свая жанчына як добрае віно, з гадамі становіцца толькі прыгажэй і прыгажэй. Бліжэй за яе для мяне няма нікога.
Згаджуся з Міхаілам: прыгожая ў яго жонка. Нядзіўна, што іх каханне загарэлася імгненна, з першага позірку. А пазнаёміў іх старэйшы брат Міхаіла, які акурат на той час з арміі вярнуўся.
— Сустрэліся ў кампаніі агульных сяброў, і я адразу сэрцам прыкіпеў да Таццяны. Сціплая, маўклівая і спрытненькая як ланька, яна зацьміла сабой іншых дзяўчат. Літаральна праз месяц вырашылі ўзяць шлюб. І ні разу не пашкадавалі аб сваім выбары.
— Прызнацца, не было калі і шкадаваць, і выдумляць сабе праблемы. Іх і так было вельмі многа. Праз год пасля вяселля ў нас нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Аляксандрам, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “абаронца”. Сёння сынок – сапраўдны абаронца, а ў дзяцінстве яго даводзілася абараняць ад хвароб, якія так і сыпаліся. Але мы спадзяваліся толькі на лепшае. Сямейная бяда нас з Мішам настолькі згуртавала, што сёння, праз гады, разумеем адзін аднаго нават без слоў, – прызнаецца Таццяна Яўгенаўна.
Бугвіны не апускалі рукі і ўсе свае намаганні прыклалі, каб іх дзеці (праз сем гадоў пасля Аляксандра нарадзіўся Андрэй), ды і яны самыя, былі шчаслівымі. Кожны дзень імкнуліся дарыць адзін аднаму маленькія і нечаканыя знакі ўвагі. Як узгадала Таццяна Яўгенаўна, неяк 8 Сакавіка Міхаіл Мікалаевіч адразу пасля змены, у рабочым адзенні, не пераапранаючыся, паехаў у Пружаны, каб купіць жонцы прыгожы букет. Не менш цёплыя ўспаміны выклікае і залаты пярсцёнак, які падарыў на 10-годдзе вяселля. Такімі ж уважлівымі “рыцарамі” былі і застаюцца, як запэўніла жанчына, яе дзеці: калі прыязджаюць, то ва ўсім дапамагаюць.
— І прыгаворваюць: “Мама, ты ў нас адна дзяўчынка, больш адпачывай”…
Дзеля дабрабыту дзяцей Таццяна Яўгенаўна з мужам шмат працавалі, заўсёды трымалі вялікую ўласную гаспадарку: дзве каровы, свіней, курэй і іншую жыўнасць. Але і сёння, калі дзеці падраслі і вылецелі з бацькоўскага “гнязда”, у хляве рохкаюць парасяткі…
– Сыны ў нас вельмі добрыя. У любога суседа нашага спытайце, то скажа, што Саша з Андрэем выраслі працавітымі, адказнымі і прыстойнымі людзьмі. Не цураюцца ніякай работы: і есці прыгатуюць, і посуд памыюць.

Прызнаюся, што і Бугвіны-малодшыя, з якімі мы пазней пагаварылі па тэлефоне, узнёслых эпітэтаў у адрас бацькоў таксама не шкадавалі.
– Дзякуй маме і тату за тое, што сталі для нас з братам узорам сапраўднай сям’і, у падмурак якой закладзены лепшыя чалавечыя якасці – высокае каханне, глыбокая павага, бязмежны давер, узаемадапамога і гатоўнасць дараваць за ўсё. Няхай ім шчасціць і далей! – такое цудоўнае віншаванне перадаў бацькам малодшы, сямнаццацігадовы Андрэй, які вучыцца ў Брэсцкім каледжы сувязі на тэхніка-электрыка.
– Дзякуй бацькам за клопат, якім мяне адорвалі ўсё жыццё. За бацькавы ўрокі працавітасці і адказнасці за кожнае сваё слова, за матуліны прысмакі (гэта ж трох мужыкоў ёй кожны дзень трэба было карміць!), ласку і цяпло рук, – вітаў бацькоў і 24-гадовы Аляксандр, які, між іншым, падрыхтаваў “сярэбраным” юбілярам ці не лепшы падарунак – днямі абараніў дыпломную работу ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога…

Хутка дзеці з’едуцца ў бацькоўскую хату, каб нарэшце асабіста павіншаваць бацькоў. Маці паставіць на стол розныя прысмакі. І абавязкова спячэ свой фірменны торт “Графскія разваліны”, які, нягледзячы на сваю назву, стаў для сям’і Бугвінаў сімвалам трывалага сямейнага жыцця.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.