Абласны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба прайшоў у Баранавіцкім раёне. Пружанская каманда вярнулася з яго з асабістай і каманднай узнагародамі.

Турнір традыцыйна праводзіўся на лыжаролернай трасе ў аг. Мір. На працягу трох дзён, з 31 студзеня па 2 лютага, за званне мацнейшых спаборнічалі каля 230 юных біятланістаў 2008—2013 г.н. з розных куткоў вобласці.
Калі падчас раённага этапу надвор’е падвяло і не дазволіла хлопчыкам і дзяўчынкам стаць на лыжы, то ўмовы абласнога былі як у сапраўдным біятлоне. Дыстанцыя і колькасць агнявых рубяжоў для трох узроставых груп засталася нязменнай. У спрынтарскіх гонках удзельнікам малодшай групы трэба было пераадолець тры кругі па 600 м, біятланістам сярэдняй — тры па 800 м, спартсмены са старэйшай групы прабягалі тры кругі па кіламетры кожны.

Пружанскі раён прадстаўляла каманда з 12 чалавек. У яе ўвайшлі шасцёра хлопчыкаў і столькі ж дзяўчынак. Паспяховай спрынтарская гонка стала для шасцікласніцы СШ №3 г. Пружаны Крысціны Шэпель. Яна заняла другое месца ў сярэдняй узроставай групе (2010—2011 г.н.). Нагадаем, што летась Крысціна таксама добра выступіла на абласным этапе «Снежнага снайпера», а на рэспубліканскім у Раўбічах была шостай у мас-старце.

У заключны дзень у праграме спаборніцтваў значылася змешаная гонка. У сярэдняй узроставай групе на старт выйшлі Крысціна Шэпель і Дар’я Патоцкая з СШ №3, Павел Манчык (Слабудская СШ) і Ягор Лаптановіч (Параслянская СШ). Нядрэнная стральба і даволі добры ход па лыжні дазволіў камандзе стаць бронзавым прызёрам спаборніцтваў.
Трэба сказаць, што зусім крыху да бронзавага медаля не хапіла мінулагодняй чэмпіёнцы ў сярэдняй узроставай групе — вучаніцы СШ №5 Дар’і Чайкоўскай. На гэты раз яна чацвёртая ў спрынце ў старэйшай групе (2008—2009 г.н.). На пятым месцы пасля змешанай эстафеты размясцілася пружанская каманда біятланістаў малодшай узроставай групы (2012—2013 г.н.).
З ліку пераможцаў абласнога этапу сфарміравана каманда, якая прадставіць наш рэгіён на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Раўбічах. У яе ўвайшлі Дар’я Чайкоўская і Крысціна Шэпель. Старт намечаны ўжо на 13 лютага.
Уладзіслаў Шпарла