ААТ «Агра-Калядзічы» — вядучая гаспадарка па вытворчасці малака ў раёне і вобласці. У мінулым годзе тут было атрымана 26010 тон малочнай прадукцыі — гэта трэцяе месца ў раёне і 11-е ў краіне. У разліку на карову надой склаў 8046 кілаграмаў. Вядома, што без трывалай кармавой базы дасягнуць такіх паказчыкаў было б складана. Для падобных надояў у рацыёне жывёлы павінен прысутнічаць не толькі кукурузны сілас. Сёлета ў гаспадарцы, напрыклад, пасеялі 400 гектараў шматгадовых траў, у тым ліку 370 гектараў бабовых і бабова-злакавых. Люцэрна ў чыстым выглядзе пасеяна на плошчы 135 гектараў.
Вялікая заслуга ў стварэнні кармавой базы вядучага агранома па кормавытворчасці Сяргея Мікалаевіча Усіка. Невыпадкова яго прозвішча сёлета занесена на Дошку гонару Пружанскага раёна.
Нарадзіўся Сяргей Мікалаевіч у 1974 годзе ў вёсцы Навасёлкі Сухопальскага сельсавета. Выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і, дзе, акрамя яго, гадаваліся сёстры Алена і Таццяна. Бацька працаваў на мясцовай малочнатаварнай ферме качагарам, а маці — санітаркай у Сухопальскай бальніцы. На жаль, бацькі ўжо пайшлі з жыцця, і Сяргей Мікалаевіч з сёстрамі даглядаюць бацькоўскі дом.
— Часта ўспамінаецца дзяцінства, сонечная раніца і цішыня, а мама рыхтуе сняданак, — гаворыць Сяргей Мікалаевіч.
Падчас вучобы ў Мураўскай школе хлопец марыў стаць афіцэрам або выкладчыкам фізкультуры. Вялікі ўплыў на юнака аказаў выкладчык рускай мовы і літаратуры У.Р. Чэрнік. Творы вядомых расійскіх літаратараў Сяргей Мікалаевіч з задавальненнем чытае і цяпер.
Служба ў арміі стала сапраўдным выпрабаваннем для вясковага хлопца. Сяргей трапіў служыць у асобную гвардзейскую 38-ю дэсантна-штурмавую брыгаду, якая дыслацыравалася ў Брэсце. Ваенны разведчык прайшоў тут школу мужнасці, здзейсніў дзясятак скачкоў з парашутам і ў родныя мясціны вярнуўся загартаваным і пасталеўшым.
— Пасля службы ў войску працаваў слесарам у калгасе імя Калініна і завочна вучыўся на агранома ў Пружанскім саўгасе-тэхнікуме, — успамінае Сяргей Мікалаевіч.
Па запрашэнні тагачаснага старшыні калгаса «Савецкая Беларусь» займаў у гэтай гаспадарцы пасаду агранома-насеннявода, а пасля рэарганізацыі калгаса ў ААТ «Руднікі» — галоўнага агранома. Завочна закончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Аграномія».
Пасля далучэння ААТ «Руднікі» да ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Мікалаевіч некаторы час працаваў кіраўніком вытворчага ўчастка «Руднікі», а потым — вядучым аграномам па кормавытворчасці.
Праца адказная. Агранома цяжка застаць у кабінеце: з ранняй вясны да позняй восені яго «кабінетам» становяцца палеткі і сенажаці.
Нямала клопатаў і дома: Сяргей Мікалаевіч з жонкай Наталляй Аляксандраўнай выхоўваюць трох дзяцей. Дачка Кацярына — ужо студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, сын Міхаіл — выпускнік Хараўской СШ, а Іван вучыцца ў другім класе.
Жывуць Усікі ў Калядзічах у доме прысядзібнага тыпу. Трымаюць на падворку свойскую жывёлу: свіней, курэй, трусоў. Клопатаў па гаспадарцы хапае на ўсіх членаў сям’і.
Бліц-апытанне
— Што для Вас галоўнае ў жыцці?
— Дабрабыт сям’і.
— Ці верыце Вы ў канец свету?
— Не веру.
— Які мультфільм падабаўся больш за ўсё ў дзяцінстве?
— «Ну, пачакай!».
— Вашы куміры, людзі, у якіх Вы многаму навучыліся?
— Гэта Д.М.Бурдук і П.С.Якімавец — былыя кіраўнікі ААТ «Руднікі» і ААТ «Агра-Калядзічы».
— Хто Вы па знаку задыяка?
— Шалі.
— Што возьмеце з сабою на незаселены востраў?
— Запалкі і нож.
— Што Вас выводзіць з сябе?
— Адсутнасць элементарнага парадку.
— Чым любіце займацца ў вольны час?
— Люблю працаваць ва ўласным садзе, дзе расце 28 пладовых дрэў. Таксама займаюся вырошчваннем вінаграду і буякоў.
— Якая музыка Вам падабаецца?
— Перавагу аддаю спакойнай класічнай музыцы.
— Які Ваш любімы пісьменнік або паэт?
— Аляксандр Пушкін, Мікалай Гумілёў, Сяргей Ясенін.
— Любімая мясціна на зямлі, дзе яна знаходзіцца?
— Зразумела, гэта мая родная вёска Навасёлкі ў Сухопальскім сельсавеце.
— Любімыя сельгаскультуры?
— Пшаніца і кукуруза.
— Што больш падабаецца: зіма ці восень?
— Восень.
— Якая гістарычная асоба найбольш цікавая для Вас?
— Маршал Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі.
— Якія краіны хацелася б наведаць?
— Егіпет і Індыю.
— Якое Ваша любімае сямейнае свята?
— Нараджэнне Хрыстова і Вялікдзень.
— Кніга ці кіно?
— Кіно, але люблю і чытаць.
— Мора або горы?
— Мора з гарыстай мясцовасцю вакол.
— Любімы від спорту?
— Лёгкая атлетыка.
— Адзінота або кампанія?
— Кампанія, але часам неабходна пабыць і аднаму.
— Дарыць ці атрымліваць падарункі?
— Дарыць.
— Задавальненне ад працы ці памер зарплаты?
— Задавальненне ад працы.
— Калі б усё давялося пачаць спачатку?
— Паўтарыў бы свой жыццёвы шлях, але з некаторай карэктыроўкай.
Мікола АРХУЦІК. Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА