Понедельник, 11 ноября 2024

Сельскі сход у аграгарадку Мурава

376

На сельскім сходзе, які праходзіў у аграгарадку Мурава, разам прымаліся рашэнні аб надзённых пытаннях. Праводзіла сход старшыня Сухопальскага сельвыканкама Ірына Кузьміч.

Дарэчы, Ірына Іванаўна зусім нядаўна стала старшынёй, пасля таго як у Адзіны дзень галасавання яе абралі дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў. Да гэтага яна самааддана працавала загадчыкам мясцовага Дома культуры. З такім імпэтам і мэтанакіраванасцю Ірына Кузьміч прынясе нямала карысці людзям, што жывуць у населеных пунктах Сухопальскага сельсавета.

На сход грамадзян я напрасіўся сам. Убачыў аб’яву ў сацыяльнай сетцы. Мне было вельмі цікава сустрэцца з людзьмі, а асабліва паглядзець, як новы старшыня ладзіць работу з насельніцтвам. Забягаючы наперад, скажу, што гэтая работа ў Ірыны Іванаўны ўжо была добра наладжана. Зразумела, яна тут не чужая, а свая. Яе паважаюць, цэняць, таму і адгукаюцца на просьбы, заклікі. А іх у працэсе ўсяго сходу было нямала. Большасць з іх тычылася навядзення парадку на сваіх вуліцах, грамадскіх месцах, мясцовых могілках. Людзі гатовыя прыйсці на дапамогу свайму старшыні. Але гэта было пасля.

Спачатку прадстаўнікі Пружанскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях — намеснік начальніка РАНС Арцём Гаварко і старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Іна Хаваўка правялі серыю невялікіх, але змястоўных лекцый аб папярэджванні надзвычайных сітуацый, паводзінах дзяцей і кантролем за гэтым з боку бацькоў, дарослых з дэманстрацыяй проціпажарнага відэароліка.

Затым прайшлі выбары старасты аграгарадка Мурава. Усе аднагалосна выбралі Аляксандра Карунаса, маладога хлопца, які працуе ў ААТ «Мурава» загадчыкам машыннага двара. Ён нарадзіўся ў гэтым населеным пункце, тут жа стварыў сям‘ю. Разам з жонкай, якая працуе настаўніцай у мясцовай школе, выхоўваюць траіх дзяцей. Як бачыце, сям’я шматдзетная. Нягледзячы на гэта, Аляксандр Уладзіміравіч не адмовіўся ўзяць на сябе абавязкі старасты. Як сам кажа, трэба дапамагаць роднаму куточку, сваёй малой радзіме станавіцца прыгажэйшай, утульнай і самай лепшай, а яшчэ — выхоўваць моладзь, каб любіла і берагла сваю вёску, заставалася тут працаваць. Добра, калі знаходзяцца такія неабыякавыя людзі як Аляксандр Карунас. Значыць, жыццё наша будзе паляпшацца. Вяскоўцы абяцалі Аляксандру дапамагаць ва ўсім.

Тут, у Доме культуры, мы таксама пазнаёміліся з яшчэ аднымі цудоўнымі людзьмі — гэта культарганізатар Ірына Асаніна і кіраўнік гуртка Таццяна Кукла. Аб гэтых творчых людзях мы раскажам крыху пазней у праекце «Традыцыі, рамёствы роднай вёскі».

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара