Вторник, 13 января 2026

Сельгасарганізацыі Пружаншчыны да канца кастрычніка павінны падрыхтаваць тэхніку да асенне-зімовых работ

226

Пытанне, якое разглядалася на нечарговым пасяджэнні райвыканкама, пераклікаецца з распаўсюджанай прымаўкай: «Рыхтуй сані летам, а воз — зімой». І гучала яно так: «Аб падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ у 2025 годзе».

У многіх узнікне пытанне: «Чаму так рана? Наперадзе яшчэ цэлая восень, зіма і некалькі тыдняў вясны». Яно, здаецца, так, часу яшчэ шмат. Але час так імкліва пралятае, што не заўважаеш калі. Здаецца, нядаўна праводзілі веснавыя палявыя работы: аралі, сеялі, апрацоўвалі. А тут ужо і ўборка закончылася. Засталося ўбраць толькі кукурузу на зерне.

Перад тым, як прыняць рашэнне па заяўленай вышэй тэме, заслухалі загадчыка сектара механізацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандра Ільіна. Аляксандр Уладзіміравіч зрабіў аналіз стану механізаванага парку ў гаспадарках раёна. Зыходзячы з гэтага, было прынята рашэнне. Даручана кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый да 30 кастрычніка бягучага года завяршыць у адпаведнасці з устаноўленымі патрабаваннямі падрыхтоўку ўсёй рамонтна-абслугоўваючай базы сельскагаспадарчых арганізацый для работы ў асенне-зімовы перыяд. Забяспечыць ва ўсіх рамонтных майстэрнях ацяпленне рамонтнай зоны і адпаведныя бяспечныя і бытавыя ўмовы для работы людзей на рамонце тэхнікі ў зімовых умовах з выкарыстаннем наяўных і набытых топачных агрэгатаў на мясцовых відах паліва. Да гэтай жа даты забяспечыць пастаноўку ўсёй сельскагаспадарчай тэхнікі, якая не задзейнічана на завяршэнні палявых работ і абслугоўванні жывёлагадоўлі, на захоўванне ў парадку, вызначаным заканадаўствам і нарматыўна-тэхнічнай дакументацыяй. Таксама неабходна распрацаваць і зацвердзіць мерапрыемствы па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі і прадаставіць звесткі ва ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Для забеспячэння якаснага рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі даручана стварыць на месцах звенні ў складзе зваршчыка, токара, каваля, слесара, наладчыка. Быў дадзены яшчэ шэраг даручэнняў, якія будуць уплываць на якасны рамонт і падрыхтоўку тэхнікі, вузлоў і агрэгатаў. Распрацаваны графік, у якім устаноўлены тэрміны завяршэння асноўных рамонтных работ.

Персанальную адказнасць за выкананне задання па рамонце тэхнікі ў вызначаныя тэрміны нясуць кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый.

Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч даручыў праз некаторы час вярнуцца да гэтага пытання зноў, каб удакладніць некаторыя моманты падрыхтоўчых работ да веснавой сяўбы.

Віктар Ільюшчанка.

Ілюстрацыя Кацярыны Масік