Традыцыйная сям’я спалучаецца з такімі паняццямі, як каханне і вернасць. І патрабуецца неверагодная мудрасць, каб не проста існаваць побач, а шчасліва пражыць у шлюбе шмат гадоў.
Да дня памяці святых Пятра і Фяўронні, якія лічацца праваслаўнымі заступнікамі сям’і і шлюбу, у аддзеле ЗАГС райвыканкама сабралі пары, якія сёлета адзначаюць юбілейныя даты сумеснага жыцця. Віноўнікі ўрачыстасці пакідалі свае подпісы ў кнізе юбілейнай рэгістрацыі шлюбу і — з гумарам і сур‘ёзна — дзяліліся ўласнымі сакрэтамі сямейнага шчасця.
Віталі пары, якія прыйшлі да прыгожых юбілеяў сямейнага жыцця, начальнік аддзела ЗАГС Н.Р.Цібароўская і сакратар раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” В.І.Матвіенка. Ім прысвячалі песні спевакі вакальнага народнага ансамбля “2 + 2”.
На пытанне вядучай: “Што найбольш спадабалася ў выбранніцы?” — Іван Іванавіч Кадзешка адказаў проста: “Чалавечнасць”. Гэтую якасць жонкі Раісы Мікалаеўны, з якой адзначылі 35-годдзе сумеснага жыцця, як адну з самых каштоўных, шануе дагэтуль. Выпадковае знаёмства ў інтэрнаце, дзе некалі абодва жылі, стала лёсавызначальным.
Каханне, мудрасць і цярпенне – такія складаемыя шчаслівага сямейнага жыцця назвалі Іосіф Станіслававіч і Святлана Аляксандраўна Машкалы, якія ў шлюбе 30 гадоў. Самым вялікім сваім дасягненнем цяпер лічаць сына з дачкой. Дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, закончылі магістратуру, сталі паважанымі людзьмі. Значыць, правільна іх расцілі і выхоўвалі. А пачыналася ўсё з простага пытання. Святлана, якая заканчвала Гродзенскае музычнае педагагічнае вучылішча, канкрэтна спытала ў Іосіфа, з якім сустракалася не адзін год: “На якое прозвішча выпісваць дыплом?”.
А вось Аляксандру Віктаравічу Кузняцову (з жонкай Святланай Іванаўнай яны сёлета адзначылі трыццацігоддзе сумеснага жыцця, а абвянчаліся ў мінулую суботу), каб разгледзець сваю другую палавінку, спатрэбілася толькі імгненне. Яна – сведка нявесты, прасавала вэлюм, ён — сведка жаніха, зайшоў у пакой…
Ужо на другі дзень пасля вяселля сяброў малады афіцэр прынёс Святлане на работу букет руж, а на трэці – павёў знаёміць з бацькамі. Праз тыдзень Аляксандр паехаў несці вайсковую службу ў марской авіяцыі на Ціхаакіянскім флоце. А праз паўгода перапіскі і тэлефанаванняў паведаміў, што хутка вяртаецца ў Брэст, тады і згуляюць вяселле. Ужо ўдвух яны прадоўжылі службу ў Хабараўскім і Прыморскім краі, на Камчатцы. Пасля выхаду афіцэра ў запас пераехалі на малую радзіму Святланы, на Пружаншчыну.
«Ударам маланкі» назвала сустрэчу са сваім мужам Русланам Мікалаевічам Іна Антонаўна Валянцюк. Гэта адбылося яшчэ падчас вучобы ў педінстытуце. І праз год яны сталі мужам і жонкай.
— Цяпер я веру ў лёс. Мой муж – мая палавінка, і мы вельмі шчаслівыя на працягу 25-ці гадоў сумеснага жыцця.
Заставацца сумленнымі ў адносінах адзін да другога, быць уважлівымі і цярплівымі, – так гаварылі пра галоўныя прынцыпы сямейных адносін Аляксандр і Таццяна Шчарбанёвы, якія хутка адзначаць 15-годдзе шлюбу,
а таксама Павел і Алена Крачко, якія разам дзесяць гадоў. Прыгожыя, паспяховыя, маладыя яны, найперш, гавораць пра шчасце мець дзяцей. У сям’і Шчарбанёвых дзве дачкі, у сям’і Крачко трое дзетак.
— Галоўнае, каб дзеці былі здаровымі і радавалі бацькоў, каб мужы з жонкамі заўсёды былі побач, — з вышыні пражытых у шлюбе гадоў зазначалі юбіляры.
Пары з больш сціплым сямейным стажам расказвалі пра свае адносіны больш рамантычна: Дзмітрый і Валянціна Сачэўкі, якія адзначылі “драўлянае” вяселле, а таксама Аляксандр і Вольга Бабігорцы, якія толькі рыхтуюцца да “паркалёвага”, называлі самымі пяшчотнымі словамі свае палавінкі. Але сэнс зводзіўся да галоўнага – кахання і вернасці ў сям’і.
Менавіта гэта, назваўшы сям’ю адначасова трывалым і крохкім арганізмам, адзначыў у сваім выступленні і протаіерэй Ігар Мрыхін.
— Каханне і павага ўмацуюць і засцерагуць сямейныя адносіны, каб праз нараджэнне дзяцей працягваўся род чалавечы, — сказаў ён.
Галіна КАЛЯДА,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)