Понедельник, 16 сентября 2024

Сцяжынкамі Мікалая Тарасюка прайшліся ўдзельнікі ночы музеяў у «Пружанскім палацыку» (+многа фотаздымкаў і відэарэпартаж)

1 449

Адзін раз у год музеі свету даюць унікальную магчымасць пабываць на «Ночы музеяў», калі наведвальнікі могуць бясплатна наведаць экспазіцыі і паўдзельнічаць у шматлікіх канцэртах, квэстах і іншых актыўнасцях. Змест і напаўненне праграмы залежыць ад канкрэтнай культурнай установы. 20 мая на «Ноч музеяў» запрасіў і музей-сядзіба «Пружанскі палацык». Сёлетняе мерапрыемства атрымала назву «Сцяжынкамі Мікалая Тарасюка».

Акунуцца ў творчы сусвет вядомага ва ўсёй краіне народнага майстра з в.Стойлы вырашылі невыпадкова: 22 мая Мікалаю Тарасюку споўнілася б 90 гадоў. Ён адышоў у вечнасць у 2015-м, але назаўжды пакінуў пра сябе светлую памяць, якая жыве ў яго «драўляным людзе» – сапраўднай энцыклапедыі сялянскага жыцця і беларускасці.

Цікавасць да творчасці Мікалая Васільевіча не знікае. Беражліва захоўваюць яе на радзіме майстра, у Стойлах, і, канечне, у «Пружанскім палацыку». Пра гэта казала дырэктар установы Ангеліна Маруфенка. Яна адзначыла, што выстава «Чалавек – Зямля – Дрэва» – сапраўдны гонар музея, у фондах якога захоўваецца больш за 100 работ майстра. З экспазіцыяй гасцей «Ночы музеяў» пазнаёміла навуковы супрацоўнік Таццяна Антанюк. Яна ж расказала пра тэматыку работ, іх сімволіку і глубокі сэнс.

А папярэднічалі экскурсіі выступленні вядомых у раёне творчых калектываў. Удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання «Смаляначка» Навасёлкаўскага СДК пачалі праграму з прывітальнай песні – свайго роду візітоўкі калектыву. Пасля гучалі беларускія песні – тыя, якія спявалі нашы бабулі і дзядулі. Мноствам усмешак і шчырымі апладысментамі суправаджалася выступленне юнай салісткі «Смаляначкі» Соф’і Яроцкай.

Народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая падзялілася свамі ўспамінамі пра Мікалая Тарасюка, узгадала, што яго было цікава слухаць, запэўніла, што пра яго абавязкова будуць памятаць. Марыя Мікалаеўна таксама павіншавала яшчэ аднаго вядомага ў раёне чалавека — журналіста з больш як 30-гадовым стажам, нашу калегу Ганну Хадаровіч, якая ў красавіку адзначыла юбілей і за сваю прафесійную дзейнасць напісала пра многіх таленавітых пружанцаў.

Канцэрт працягнула выступленне народнага фальклорнага гурта «Бабіна лета». Асабіста мяне яно перанесла на вясковыя вячоркі, адгукаліся песні і ў сэрцах гасцей мерапрыемства. Дапоўніла агульную атмасферу прэзентацыя пра жыццё і творчасць Мікалая Тарасюка.

Cледам за ёй зноў гучалі песні – беларускія і рускія – у выкананні фальклорнага калектыву ДШМ імя Р.Р. Шырмы пад кіраўніцтвам Кацярыны Гуга.

Пасля экскурсіі па выставе работ Мікалая Тарасюка гасцей запрасілі перайсці ў этнаграфічную залу. Тут адбылося адкрыццё выставы ручнікоў «Рукатворны шлях». Навуковы супрацоўнік Арына Сысаляціна распавяла, што раней ручнік быў нязменным атрыбутам пры нараджэнні, хрышчэнні, провадах у войска, на вяселлі, выкарыстоўвалі ручнікі нават пры варажбе. Госці даведаліся пра вобразы-сімвалы, якія змяшчаліся на ручніках.

Завяршылася ноч музеяў-2022 у «Пружанскім палацыку» праглядам фільма беларускага рэжысёра Віктара Аслюка «Драўляны народ», які атрымаў гран-пры Міжнароднага фестывалю ў Манпелье (Францыя). Пры дапамозе дакументальнай хронікі госці мерапрыемства нібыта пабывалі ў Стойлах, асабіста пазнаёміліся з майстрам і сапраўды прайшліся яго сцежкамі.

У планах работнікаў музея — стварэнне новага квэсту. А яшчэ, як расказала дырэктар, вельмі хацелася б запрасіць у палацык Ларысу і Аляксандра Быцко, якія ў культурна-асветніцкім цэнтры «Вясковы Рэнесанс» у вёсцы Стойлы наладжваюць батлеечныя спектаклі. У рэпертуары — і спектакль памяці Мікалая Тарасюка. Словам, тут пастараюцца зрабіць усё, каб памяць пра знакамітага земляка і яго драўляны люд жыла і захоўвалася.

Уладзіслаў Шпарла (тэкст, фота і відэарэпартаж)

Фотаальбом з мерапрыемства тут: https://ok.ru/budni/album/940975253896