Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў параду, як не паддавацца на правакацыі. Ён расказаў аб гэтым студэнтам у Віцебску на сваім вопыце 2020 года, калі былі пратэсты і пандэмія, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнта спыталі, якую параду ён даў бы моладзі, каб не паддацца на правакацыю. «Ёсць два правілы. Па-першае, трэба разумець сітуацыю і прадмет. Па-другое, не трэба спяшацца. Цярпенне — гэта самае галоўнае. Я не ўзор у гэтым плане. Я больш эмацыянальны: наперад, на барыкады, трэба ўвязацца ў бойку, а потым разбяромся. Часам так бывала. Але з узростам я ўжо так: думаю, не, трэба перачакаць, трэба паглядзець, потым будзе відаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён у гэтым плане заўважыў, што гэта ўласціва для беларускай памяркоўнасцi разам з лепшымі рысамі характару яўрэйскага народа. Як вядома, па тэрыторыі краіны некалі праходзіла мяжа яўрэйскай аседласці. «І мы ад іх, як ад разумных людзей і нацыі разумнай, шмат чаго ўзялі», — заўважыў Прэзідэнт.
«Памяркоўнасць, не нашкодзіць — гэта не заўсёды дрэнна. Але часам тармозіць прагрэс. Таму я часам так сяку з-за пляча. Галоўнае — цярпенне», — упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка на ўласным вопыце расказаў, што калі да канца не разумее нешта ў той ці іншай сітуацыі, то не спяшаецца з прыняццем рашэння. «Цярпенне. Нават калі вельмі-вельмі складана — цярпенне», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт у гэтым плане ўспомніў пратэсты ў 2020 годзе ў Мінску, калі на піку ў іх удзельнічала каля 47 тыс. чалавек. «Я нідзе аб гэтым не гаварыў. Сітуацыя была сур’ёзная», — адзначыў ён.
Тады кіраўніку дзяржавы прапаноўвалі розныя варыянты дзеянняў, у тым ліку заклікалі «паказаць ім»: «Ды іх вось, там, паглядзіце, ходзяць… Яны заўтра…. Вось, да Палаца Незалежнасці…»
«Я кажу: спакойна. Я разумею, што калі яны галоўны цэнтр улады захопліваюць, — гэта ўжо сігнал усім, народу, што ўлада памянялася. Я гэта разумеў. Але я адчуваў: спакойна, не трэба спяшацца. Вось яны хадзілі-хадзілі… Але калі мы іх пужнулі каля Палаца Незалежнасці, яны зразумелі, што тут жарты скончыліся — аўтаматы ў руках. Але ж мы ні ў каго не стралялі. Вытрымка, вытрымка… Да апошняга. Калі ўжо цябе пачынаюць забіваць, тады трэба адказваць», — расказаў беларускі лідар.
Тое ж самае датычылася і прымаемых рашэнняў у перыяд пандэміі, калі Беларусь пайшла па сваім шляху, не ўводзячы лакдаўн і не раздаючы «верталётныя грошы». «Тое, што такіх, як мы, Беларусь, дзе залежныя і ад рэсурсаў, сыравіны, ад рынкаў, хацелі проста разваліць, разбурыць і некуды далучыць, — гэта факт», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як сваім рашэннем забараніў Міністэрству аховы здароўя закрываць арганізацыі і прадпрыемствы, запатрабаваўшы ў першую чаргу займацца сваім галоўным абавязкам — лячыць людзей. «А ўніверсітэты буду закрываць я ці нехта па маім даручэнні. Адкрыта была такая жорсткая ў гэтым ключы размова (з міністрам аховы здароўя. — Заўвага БЕЛТА). І ўсё гэта прааналізаваўшы, перабалеўшы гэтым усім… Трэба цярпенне, не трэба тут спяшацца. Адзіная ў свеце краіна — мы пайшлі сваім шляхам. Нічога не закрываючы, мы лячылі людзей, ратавалі. Я сам хадзіў па гэтых рэанімацыях. Дзе толькі я ні быў. І вірус гэты так званы падхапіў, перахварэў», — успомніў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сапраўдны корань хваробы часта менавіта ў галаве. «Хвароба — гэта не ў сэрцы, не лёгкія, не печань. Яны схільныя да захворвання. Вось тут перш за ўсё хвароба — трэба мазгі лячыць. Тады менш будзем хварэць. Тэрапія, педыятрыя і іншае — гэта вопыт, гэта веды. Вось чым традыцыйная кітайская медыцына моцная: не скальпель, а менавіта псіхалогія, травы, яшчэ нешта, харчаванне, паветра, вада і гэтак далей, аб чым я вам гаварыў. Вось гэта важна. А астатнія маніпуляцыі, без якіх, вядома, не абысціся, вось там урачы. Яны цуды цяпер навучыліся рабіць — нашы беларускія ўрачы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Вяртаючыся да пытання аб тым, як пазбегнуць правакацый, кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў: «Трэба ведаць прадмет і не трэба спяшацца. Мая вам парада. Ніколі не спяшайцеся. Сцісніце зубы і цярпіце, глядзіце, пакуль вы не пераканаецеся дзякуючы свайму вопыту і ведам, правільна вы вырашылі зрабіць ці не».