Воскресенье, 3 ноября 2024

Сбор ягод: ручному комбайну — зеленый свет!

833

У Беларусі дазволілі выкарыстоўваць для збору ягад ручныя камбайны. Адпаведная пастанова Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі «Аб зборы дзікарослых ягад» уступіла ў сілу 29 сакавіка.

Як вядома, яшчэ летась той, хто браў з сабой у лес «грабеньчык», каб з яго дапамогай хутчэй напоўніць вядро чарніцамі, сур’ёзна рызыкаваў атрымаць штраф: ягады дазвалялася збіраць толькі ўручную. Дакладна ўстаноўленых патрабаванняў да ручных камбайнаў не было ўстаноўлена. Гэты прабел запоўніўся толькі бягучай вясной, калі ў Лясны кодэкс былі ўнесены змяненні і Мінлясгаспадаркі прыняло адпаведную пастанову. Цяпер у інструкцыі прапісаны патрабаванні да прыстасаванняў для збору, нарыхтоўкі дзікарослых ягад у лесе, якія не нанясуць шкоды ягаднікам і не прывядуць да іх знішчэння.
Якім жа павінен быць «камбайн», які не ўяўляе небяспекі для ягаднікаў? У дакуменце прапісана, што такое прыстасаванне складаецца з зуб’яў, ёмістасці для ягад і трымальніка-ручкі. Пры гэтым адлегласць паміж зуб’ямі павінна складаць не менш за 0,5 сантыметра, корпус прыстасавання і зуб’і выраблены з пластмасы, металу, драўніны, гумы альбо іх камбінацыі. Рэжучых краёў у зоне адрывання ягад на грабёнцы быць не павінна. Такія патрабаванні невыпадковыя: правільна зробленае прыстасаванне не пашкодзіць расліны. Вопыт многіх іншых краін пацвердзіў гэта.
Акрамя таго, у інструкцыі прапісана і правільная тэхніка збору ягад. Так, у прыватнасці, пры зборы чарніц і буякоў прыстасаванне трэба накіроўваць пад вуглом і да верхняй часткі куста, прытрымліваючы парасткі другой рукой: тоўстая ніжняя частка сцябла не павінна апынуцца ў грабёнцы. А пры зборы журавін «камбайн» накіроўваецца па паверхні моху і парасткаў расліны.
Варта памятаць і не менш важную акалічнасць: рэкамендуецца весці збор толькі спелых ягад у перыяд іх масавага паспявання, у сухое надвор’е, пасля сыходу расы — гэта зніжае верагоднасць абрывання лісця.
Адпраўляцца ў ягады з камбайнам можна ўжо ў надыходзячым сезоне. У лесагаспадарчым ведамстве спадзяюцца, што такая мера пасадзейнічае павелічэнню аб’ёмаў нарыхтоўкі дзікарослых ягад і эфектыўнаму выкарыстанню лясной прадукцыі.