Пятница, 13 декабря 2024

Раённы Савет ветэранаў падвёў вынікі работы ў 2022 годзе

352

На нарадзе, якая прайшла ў апошні дзень студзеня, былі падведзены вынікі работы Пружанскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў (БГАВ) за 2022 год.

Члены раённага Савета ветэранаў.

У рабоце нарады прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка, старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый раёна, склад раённага савета ветэранаў і яго ганаровыя члены.

Са справаздачай аб рабоце ветэранскай арганізацыі ў мінулым годзе выступіў старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч.

Уладзімір Аляксандравіч расказаў, што ўсяго ў раёне па стане на 1 студзеня бягучага года пражывала 19 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і каля 11 тысяч ветэранаў працы і іншых катэгорый. Уцягнуць такую вялікую колькасць людзей у грамадскую работу можна толькі праз шырокую сетку пярвічных арганізацый. Іх створана 43. Работа раённага савета ветэранаў у 2022-м была накіравана на падрыхтоўку і правядзенне шэрага патрыятычных акцый, мерапрыемстваў, прысвечаных у тым ліку чарговай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дню Перамогі, Дню народнага адзінства і інш. Сярод іншых накірункаў дзейнасці арганізацыі — патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне гістарычнай памяці, арганізацыя актыўнага адпачынку людзей пажылога ўзросту і клопат пра іх бытавыя праблемы. Актыўна ўдзельнічалі ветэраны ў палітычным жыцці краіны, а падчас правядзення Рэспубліканскага рэферэндуму па прыняцці змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю 23 прадстаўнікі арганізацыі былі членамі ўчастковых выбарчых камісій, 41 — назіральнікамі.

Ветэраны актыўна ўдзельнічаюць і ў мерапрыемствах, якія праводзіць таварыства Чырвонага Крыжа, з’яўляюцца валанцёрамі. Член ініцыятыўнай валанцёрскай групы «Ветэраны» Алена Іванаўна Крупчук у снежні мінулага года дзялілася вопытам сваёй работы на злёце людзей «сярэбранага ўзросту» ў г. Драгічыне, дзе атрымала Падзяку Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

З удзелам і па ініцыятыве ветэранаў праводзяцца шматлікія культурныя мерапрыемствы, дыялогавыя пляцоўкі, творчыя і спартыўныя мерапрыемствы, вечары ўшанавання і памяці.

У тым, што грамадскае жыццё ў пярвічных арганізацыях БГАВ пастаўлена на высокі ўзровень, вялікая заслуга іх старшынь. Дарэчы, чацвёра з іх адначасова з’яўляюцца старастамі населеных пунктаў. Наогул са старастамі ветэранскія арганізацыі працуюць у цесным узаемадзеянні (дарэчы, усяго са 123 стараст у раёне 68 — ветэраны працы).

— Стварыўшы добры актыў, «пярвічкі» БГАВ дастойна выконваюць свае задачы па абароне законных правоў і інтарэсаў пажылых людзей і павышэнні іх грамадскай актыўнасці, — падкрэсліў Уладзімір Яцкевіч.

Пра сваю работу расказалі старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі райвыканкама Аляксандр Ліцкевіч і Пружанскага РАУС — Мікалай Замковіч, намеснік старшыні гарадской пярвічнай ветэранскай арганізацыі Святлана Несцерава.

Былі адзначаны актывісты ветэранскай арганізацыі. Падзякі раённага савета ветэранаў атрымалі старшыні «пярвічак»: Мікалай Замковіч (Пружанскі РАУС), Яўгенія Васілюк (Ліноўскі сельвыканкам), Валянціна Жамойда (ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс»), а таксама кіраўнік творчага клуба «Нам гады не бяда» Святлана Несцерава. Акрамя таго, кіраўніку і шэрагу ўдзельнікаў гэтага клуба за ўдзел у раённым туры рэспубліканскага фестывалю «Не старэюць душой ветэраны» былі ўручаны дыпломы аддзела культуры райвыканкама.

Нэлі Педчанка расказала аб рабоце па падтрымцы ўзроўню жыцця ветэранаў, адзінокіх пажылых людзей, фінансаванні розных праграм на гэтыя мэты.

Вынікі нарады падвёў Руслан Супрыновіч. Руслан Васільевіч падзякаваў ветэранам за актыўнасць, адзначыў, што ветэранскім «пярвічкам» варта выкарыстоўваць карысны вопыт работы лепшых.

Таццяна Капіца, адказны сакратар раённага савета ветэранаў