Вторник, 14 января 2025

Савецкае дзяцінства

861

Жадаеце атрымаць квіток у савецкае дзяцінства? Тады гайда ў Пружанскі палацык! Тут у пятніцу, 22 снежня, пачынае дзейнічаць выстава «Савецкае дзяцінства», на якой прадстаўлены цацкі, машынкі, веласіпеды, настольныя гульні часоў СССР. Выстава дазволіць дарослым успомніць сваё дзяцінства, а дзецям пабачыць, з чым гулялі іх бацькі, бабулі і дзядулі. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з цікавымі цацкамі з дрэва, пластмасы, гумы, а таксама зрабіць вясёлыя фотаздымкі.

Вядома, такога выбару цацак, як зараз, дзеці ў другой палове ХХ стагоддзя не мелі: звычайныя лялькі, плюшавыя, гумавыя або пластыкавыя сабачкі, мішкі, зайчыкі — ніякіх дзівосаў. Але не, адзін дзіўны звярок усё ж быў — Чабурашка. Гэта чыста савецкі персанаж, які быў знаёмы ўсім па добрых кнігах Эдуарда Успенскага і мультыках.

У кожнай дзяўчынкі былі пупсы, якіх можна было купаць і заварочваць у ручнік, і лялькі пабольш, якіх можна было расчэсваць і пераапранаць. Для іх можна было пашыць прыгожую сукенку на цацачнай швейнай машынцы. А калі некаму бацькі куплялі яшчэ і каляску для лялькі, гэта была сапраўдная падзея! Усе дзяўчынкі з двара збягаліся паглядзець.

У хлопчыкаў, вядома, былі машынкі і канструктары. Практычна кожны другі збіраў калекцыю мініяцюрных мадэляў машын. Былі і дзіцячыя педальныя аўто, у якіх можна было ездзіць. Але задавольваліся і звычайнымі дзіцячымі веласіпедамі на двух ці трох колах.

Хакей і футбол заўсёды былі папулярнымі відамі спорту, і савецкія дзеці з задавальненнем гулялі кампаніямі ў аднайменныя настольныя гульні. Камп’ютарных гульняў тады наогул не было, як і хатніх ПК. Ды і тэлевізары масава пачалі з‘яўляцца толькі напрыканцы 1970-80-х гадоў. Як дзеці раслі без мульцікаў? У многіх
сем’ях меліся праектары для дыяфільмаў. У іх устаўлялася плёнка са слайдамі казак, якія праецыраваліся на белую сцяну або «экран» з прасціны. Бацькі круцілі ручку праектара і чыталі тэкст.

У савецкіх дзяцей не было сучасных гаджэтаў, але дзяцінства ад гэтага не было менш шчаслівым. Наадварот, у ім не было месца зайздрасці і параўнанню, чый мабільнік круцейшы, але ўдосталь хапала сяброўскіх зносін, шчырасці…

Гэтыя мілыя савецкія цацкі… У параўнанні з сучаснымі наварочанымі прадметамі дзіцячых забаў яны здаюцца вельмі прымітыўнымі. І ўсё ж мы ўспамінаем пра іх з цеплынёй і добрай усмешкай, бо разам з імі прыходзяць успаміны аб бесклапотным дзяцінстве.

Атмасферу савецкага дзяцінства дапамог стварыць работнікам музея брэсцкі калекцыянер Аляксандр Хільковіч. Збіраць савецкія цацкі перыяду 1950-80-х гадоў малады чалавек пачаў падчас вучобы ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы. Аляксандр не проста збірае цацкі, але і вяртае іх да жыцця. Цікава, што ў яго калекцыі нямала педальнай «тэхнікі»: веласіпеды, «Масквічы» першай, другой, трэцяй і пераходных серый, трактар і нават конь педальны, які выпускаўся ў СССР у 1950-я гады.

Збіральнік цацак расказвае, што папаўняе сваю калекцыю на розных тэматычных пляцоўках, часам цацкі прыносяць сябры і знаёмыя. Некаторыя экзэмпляры Аляксандр купіў на рынках Беларусі і за мяжой, праз інтэрнэт, а некаторыя экспанаты былі знойдзены на гарышчах і ў бабуліных скрынях.

Зацікавіліся? Тады чакаем вас на выставе «Савецкае дзяцінства» з 22 снежня па 31 студзеня.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»