Вторник, 13 мая 2025

«SATYRYCON — 2015»: король и шут в «Пружанском палацике»

1 337

Сапраўдны шут  швэндаўся ў мінулую пятніцу па залах палацыка. Экстравагантнай знешнасцю, утрыраванымі манерамі і гульнямі-рэбусамі ён забаўляў нябачанага дагэтуль караля, блізкіх да яго асоб і шматлікіх гасцей.DSC_4110

Адкуль жа ўзялася ў Пружанах гэтая сярэднявечная кампанія? Аб усім па парадку.

5 лютага ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» праходзіла ўрачыстае адкрыццё новай выставы, на якой прадстаўлены лепшыя працы з калекцыі міжнароднага конкурсу карыкатур у рамках фестывалю «SATYRYCON — 2015». Вось ужо больш за 30 гадоў гэты прэстыжны фестываль, які мае высокую ацэнку ў мастацкім асяроддзі, праводзіцца ў г. Легніца (Польшча) і збірае выбітных мастакоў, графікаў, дызайнераў з усяго свету.

Да гэтага выстава экспанавалася ў Польшчы, у гарадах Легніца і Варшава, нядаўна паспяхова прайшла ў брэсцкім гатэлі «HERMITAGE», а цяпер першым у музейнай прасторы Беларусі пераняў эстафету наш палацык, дзякуючы беларускаму ўдзельніку фестывалю – Ігару Паўлаву з Брэста, чые працы таксама прадстаўлены на выставе.DSCN5530

На адкрыцці з прывітальным словам да прысутных звярнуўся ганаровы госць – консул Рэспублікі Польшча ў Брэсце Раман Галюс, які адзначыў, што для культуры няма межаў. У адказ цёплыя словы падзякі і надзеі на далейшае супрацоўніцтва з польскім бокам выказаў Канстанцін Панімаш — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Мастацкі тон усяму мерапрыемству задавалі юныя артысты з брэсцкай тэатральнай школы «ЗНАМІ» адукацыйнага цэнтра «Інсайт», якія выехалі ўпершыню на “тэатральныя гастролі”. Сваім перформансам яны дазволілі гледачам акунуцца ў свет, намаляваны на карцінах, – свет энтузіязму (менавіта такая тэма была заяўлена для ўдзельнікаў фестывалю ў 2015 годзе).1

На думку мастакоў, энтузіязм страціў свой пазітыўны твар. Стаў «няправільным», «непатрэбным» і «злым». Большасць карцін перадаюць стан чалавека, механізм якога перапраграмаваны на самаразбурэнне і знішчэнне.

Шэраг мастакоў пракаментаваў глабальныя палітычныя праблемы чалавецтва. Напрыклад, польскі майстар Марцін Варжашак на карце «Еўропы 2050» паказаў усім еўрапейцам «ашаламляльны выгляд Стамбула» з вышыні Эйфелевай вежы, якая стала дзякуючы невычэрпнаму ісламісцкаму «энтузіязму» самым высокім з мінарэтаў Старога Свету. Удала падыграў яму Вітольд Барбара, які адлюстраваў у сваёй карыкатуры «Чума пацукоў» прапахлых сцёкавымі водамі пухнатых насельнікаў парыжскай каналізацыі, апантаных «справядлівай» ідэяй выйсці вонкі і пачысціць вуліцы Парыжа, узяўшы ў лапы аўтаматы Калашнікава – нездарма кароткая поўсць на галовах пацукоў падазрона паходзіць на чорныя маскі тэрарыстаў.

Некаторыя майстры агучылі праблемы асобна ўзятай асобы, высмеялі сумніўную экзістэнцыяльную ідэю пераадолення чалавекам уласнай сутнасці і пошуку «іншай» волі. Г.Шумоўскі адлюстраваў грубыя рэфлексіі чалавека-шампанскага, які, захлынаючыся бурбалкамі-эмоцыямі, спрабуе сарваць з галавы металічныя краты. Польскі мастак Т. Брода ў сваёй карціне «Свабода» (на мой погляд, лепшай з прадстаўленых на выставе) больш лаканічнай мовай раскрыў імкненне вызваліцца ад унутранага “я”: птушка, вызваленая з клеткі, сама раптам становіцца клеткай. І трэба шукаць прычыну, а не выхад.3

Дзіўны энтузіязм праявіла і варона на карціне ірландца С.Торабі «Эх, паўлінам бы быць!», якая зрабіла сабе тату з пёраў паўліна: народжаная лятаць у небе захацела хадзіць па зямлі. Па сумную славу накіраваўся і герой карціны «Да зорак» А.Саўчука – будаўнік новай вавілонскай лесвіцы ў нябёсы. І чым бліжэй ён набліжаецца да неба, тым гучней крычыць: я магу стварыць усё, што захачу! А з неба раздаецца шэпт: будуй, але са сваёй гліны!4

Пра тое, што чалавечая ганарыстасць здольная ператварыць у пекла жыццё іншага «я», распавёў у карціне «Маладыя» К.Канопельскі: зліццём мужчынскага і жаночага пачатку кожная новая сям’я з чыстага ліста піша свой мікракосмас — свайго «Вітрувіянскага чалавека». І, каб яго ідэальна ўпісаць у квадрат і ў круг, не варта імкнуцца поўнасцю падчыняць сабе блізкую істоту – гэта прывядзе да трагедыі, да растварэння, да знікнення віду.2 Для такіх людзей-каткоў з’яўленне трэцяга ў сям’і ператвараецца ў катаржную працу, а дзіцячая калыска, як на карціне Л.Дрэвіньскага, – у чорную садовую каляску.5 І эгаісты бягуць ад сваіх родных у чужую прастору. Да чаго гэта, у рэшце рэшт, прыводзіць, паказаў балгарскі мастак Т.Папоў. На максімальнай хуткасці ён перамалоў у велізарным блендары разгульнае чалавецтва. Бязлітасны механізм падняў і змяшаў у паветры ўсё атрыбуты «вясёлага» жыцця, раскідаў навокал, маленькіх, як галька, зружавелых чалавечкаў і выдаў на выхадзе шэрую чалавечую масу. Аўтар спрабуе заклікаць людзей задумацца аб маральных асновах і чалавечнасці.

Расказаныя мастакамі гісторыі, а іх каля сямідзесяці, паказваюць: нішто не робіцца з большым энтузіязмам, чым здрады і мецяжы супраць самога сябе і блізкіх. Можа, таму тэмай наступнага фестывалю «SATYRYCON — 2016» заяўлена «Зло», якое ідзе, узяўшыся за руку, з энтузія-змам.

Каб прачытаць і расшыфраваць намаляваныя загадкі-рэбусы, не абавязкова апранацца шутом. Варта толькі паглядзець праўдзе ў вочы і назваць рэчы сваімі імёнамі.

Прыходзьце і ацаніце свае магчымасці!

Алена Зялевіч, старшы навуковы супрацоўнік  музея-сядзібы «Пружанскі палацык».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *