Людзей, якія апантаныя работай, пастаянна знаходзяцца ў пошуку, нешта прыдумваюць і ўвасабляюць у жыццё, называюць кулібінымі. Яны паказваюць астатнім, што многае ў жыцці можна зрабіць сваімі рукамі, не чакаючы дапамогі збоку, зрабіць якасна і на доўгія гады. Прычым не толькі для сябе, але і для роднага прадпрыемства. Такія ўмельцы працуюць і на ААТ «Пружанскі льнозавод». Будзем знаёмы: Іван Кудлач і Уладзімір Кароткі.
Іван Аляксеевіч родам з Нясвіжскага раёна. Пасля заканчэння інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі ў 1972 годзе малады чалавек трапіў у тагачасны калгас «Парыжская камуна», цэнтрам якога быў г.п. Шарашэва. Прайшоў шлях ад загадчыка майстэрні да намесніка старшыні. Быў час, калі працаваў на прадпрыемстве «Пружанская сельгастэхніка» (сёння ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс») начальнікам станцыі тэхабслугоўвання, і два гады — кіраўніком у саўгасе «Пружанскі». З 1999 года і па дзень сённяшні дом родны — ільнозавод, дзе прайшоў шлях ад начальніка цэха да галоўнага інжынера, пасля выхаду на пенсію ўжо 10 гадоў займае пасаду механіка кантрольна-прапускнога пункта.
Са слоў дырэктара прадпрыемства Мікалая Жогала, Іван Аляксандравіч — чалавек вельмі граматны ў плане тэхнікі. Можа вырашыць любую пастаўленую задачу, так сказаць, канструктар з вялікай літары. Для яго няма нічога невырашальнага, таму і звяртаюцца па дапамогу многія работнікі льнозавода, і атрымліваюць слушныя парады наконт рамонту той жа тэхнікі. І яна служыць пасля дзясяткі гадоў без паломак і нараканняў. Сам Мікалай Сцяпанавіч часта ставіць умеламу механіку адказныя задачы на льнозаводзе, бо ўпэўнены, што ўсё будзе зроблена на выдатна, з дастатковым запасам трываласці.
Не менш добрых слоў заслугоўвае і электрагазазваршчык Уладзімір Кароткі, ураджэнец Украіны, які ў Беларусі жыве з 1979 года. Частку жыцця аддаў арміі, адкуль і пайшоў на пенсію. Дарэчы, падчас службы пабываў і ў Польшчы, і ў Германіі, закончыў служыць у Пружанах. Але не ў яго характары сядзець склаўшы рукі, таму ніводнага дня не затрымаўся дома. А што ж, калі адчуваеш, што патрэбен, то і жыць хочацца. Яго прыцягвае любая работа, што звязана з жалезам, нават служыў там, дзе рамантаваліся самалёты. Нешта скляпаць, зварыць, скруціць — гэта пра Уладзіміра Фёдаравіча. Мае сваю зварку, таму заняты любімай справай і на рабоце, і дома.
У 2019 годзе часова ўладкаваўся на працу на льнозавод. Але, як адзначае кіраўніцтва прадпрыемства, такога работніка згубіць было б недаравальна. Таму Уладзімір Кароткі ў хуткім часе быў пераведзены на пастаянную работу.
І тут панеслася! Склаўся сапраўдны тандэм — галава і рукі. Калі Іван Кудлач прыдумвае нешта рацыянальнае для льнозавода, то Уладзімір Кароткі абавязкова ўвасабляе гэта ў жыццё. Для прадпрыемства лепшага і знайсці нельга было. Разам сканструявалі два навясныя культыватары да энерганасычаных трактароў, прычэпы для перавозкі рулонаў, дзесяціпавярховы трыерны блок для ачысткі льнасемя, мадэрнізавалі прэспадборшчык «Ферабокс». Таксама на ўсе пагрузчыкі зрабілі захопныя прыстасаванні для рулонаў ільнотрасты. На імпартных ачэсвальніках ільну перарабілі пярэдні мост. На першых выпусках бельгійскіх самаходных прэспадборшчыкаў дадумалі дадатковую падвеску кабіны, пасля чаго нават вытворцы зацікавіліся вынаходкай і ў будучым яе ўзялі за аснову.
А яшчэ Уладзімір Фёдаравіч склаў свой трактар, кансультуючыся з Іванам Аляксандравічам, у якога ўжо была такая тэхніка. Пасля зваршчык асабіста перарабіў «ГАЗ-53» для аказання тэхдапамогі ў палявых умовах. Проста дзіву даешся, калі сустракаешся з такімі ўмелымі людзьмі. Вось жа Бог узнагародзіў кемлівасцю, працавітасцю і жаданнем заўсёды быць годным чалавекам.
І гэта ў свае семдзесят гадоў мець столькі імпэту і запалу! Зайздросце, маладыя! Гэтая юбілейная дата для мужчын прыпала на минулы тыдзень: віншаванні ў аўторак ад кіраўніцтва льнозавода прымаў Уладзімір Кароткі, а ў суботу — Іван Кудлач. Чаго жадалі?
І далей тварыць, прыносіць карысць і сабе, і людзям, заставацца такімі ж апантанымі працай. Няхай жа, паважаныя, вам заўсёды спадарожнічаюць моцнае здароўе, удача і шчасце, якіх вы сапраўды заслужылі!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік