Суббота, 14 декабря 2024

Сапраўдны энтузіяст сваёй справы і дзейсны памочнік — усё гэта пра старасту Стараволі Юрыя Кузьміча

401

Гэты чалавек — сапраўдны энтузіяст сваёй справы, дзейсны памочнік старшыні сельсавета, які сваім ладам жыцця паказвае астатнім, як трэба і можна жыць. Толькі пад’язджаючы да яго дома, адразу бачна, што тут жыве руплівы гаспадар і майстар на ўсе рукі.

Старастам аг. Стараволя з’яўляецца Юрый Кузьміч, асноўнае месца працы якога — Пружанскае лясніцтва, дзе ён займае пасаду лесніка. Старшыня Велікасельскага сельсавета Таццяна Навіцкая характарызуе яго як чалавека адказнага, працавітага і… сціплага. У апошнім мы ўпэўніліся, калі завіталі да Юрыя Уладзіміравіча ў госці. Але аб усім па парадку.

Пачнем з таго, што мы ўбачылі каля сядзібы старасты. Усюды парадак, перыметр аздабляюць прыгожыя садовыя фігуркі: тут вам і алень, і конік з павозкай, каля ўваходу на двор вітае мужычок. Прыгожа і з густам. Ды і жывы конь маецца ў Юрыя Уладзіміравіча: адчуваецца сялянская душа, якая здавён прывучана клапаціцца пра жывое, жыць працай. Не менш прывабліва выглядае ўчастак цераз дарогу, дзе размяшчаецца альтанка, ёсць мангал. Шчыра папрацаваў — добра адпачыў. Усё апісаць немагчыма, але і гэтага дастаткова, каб зразумець, што стараста Стараволі — чалавек творчы, які пастаянна знаходзіцца ў пошуку будзь то работы ці новых ідэй.

Што да абавязкаў старасты, то Юрый Кузьміч пастаянна ўзаемадзейнічае з мясцовым Саветам, стараецца выконваць даручэнні старшыні сельвыканкама Таццяны Навіцкай, таксама вырашае пытанні мясцовага значэння ў сваім населеным пункце.

— Юрый Уладзіміравіч займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі аграгарадка: калі ўзнікла патрэба прывесці ў парадак могілкі ў Стараволі, арганізаваў людзей — і работа была выканана на належным узроўні. Ды і надзённых пытанняў хапае: то сачыць за вулічным асвятленнем, то дапамагчы аднавяскоўцам у набыцці паліва на зіму, — пра работу старасты нам расказвае старшыня сельскага Савета.

Юрый Кузьміч падчас размовы толькі ўсміхаўся і гаварыў, што нічога незвычайнага ён не робіць, раз згадзіўся быць старастам — значыць выконвай свае абавязкі.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік