Базай для правядзення рэспубліканскага семінара санаторна-курортная ўстанова была абрана нездарма. Як паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, за апошнія 5 гадоў гэта структурнае падраздзяленне істотна абнавілася. І не толькі знешне набыла нямала адметнасцяў, але і ў сэрвісным плане.

Да свайго 20-годдзя тут сур’ёзна мадэрнізавалі матэрыяльна-тэхнічную базу, зыходзячы з новых напрамкаў дзейнасці. Акрамя класічнага санаторна-курортнага аздараўлення, укаранілі сістэму СПА-паслуг, а таксама шэраг накірункаў па вузкаспецыялізаванай рэабілітацыі пацыентаў, якія перанеслі цяжкія хваробы.

На сённяшні дзень санаторый «Ружанскі» ў любым сезоне рэгіструе запаўняльнасць на 90 %, і, як зазначыў яго дырэктар Уладзімір Карпечкін, зараз вырашаецца пытанне аб мадэрнізацыі нумарнога фонду, каб пашырыць даступнасць для жадаючых трапіць сюды на курсы тэрапіі. Па гэтым паказчыку «Ружанскі» — у ліку першых у рэспубліцы, яго вопыт прызнаны каштоўным для пераймання. У чым і пераканаліся ўдзельнікі семінара падчас агляднай экскурсіі па карпусах установы.

Падчас пленарнага пасяджэння ўбачанае было абмеркавана, многія задавалі пытанне адносна распаўсюджання ружанскага вопыту на іншыя структурныя падраздзяленні. Увогуле сістэме аздараўлення нашай краіны ёсць чым пахваліцца.
Крыху статыстыкі
Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая на працягу амаль 35 гадоў незалежнасці не толькі захавала ўсе санаторыі, што дзейнічалі на яе тэрыторыі раней, але і пакінула іх пад дзяржаўным кіраваннем. Што істотна павысіла медыцынскую абарону мясцовага насельніцтва, станоўча паўплывала на працягласць яго жыцця і надало нашай зямлі турыстычную прыцягальнасць. За 2023 год у беларускіх санаторыях прайшлі аздараўленчыя праграмы амаль паўтара мільёна чалавек, з іх 3/4 — беларусы.
Сістэма паступова выходзіць з крызісу запатрабаванасці, які працягваўся амаль 3 гады, пачынаючы з эпідэміялагічна складанага 2020-га. Сёння запаўняльнасць аб’ектаў санаторна-курортнага лячэння складае 84%. Але гэта сярэдняя лічба, да росту якой прывяла актыўная праца санаторыяў Брэстчыны і Міншчыны. Астатнія рэгіёны сур’ёзна не дацягваюць да атрыманага паказчыка, над чым трэба працаваць у 2024 годзе. Пры гэтым акцэнт варта рабіць не на маркетынгавыя прапановы, а павышаць якасць паслуг, што патрабуе парадыгма Года якасці. Бясспрэчна, гэта і паўплывае на патрэбны рост попыту.

Падчас пленарнага пасяджэння ў сваім выступленні дырэктар санаторыя «Ружанскі», акрамя гэтага звярнуў увагу прысутных яшчэ і на прафесійную падрыхтоўку кадраў. У прыватнасці, установа надае ўвагу кваліфікацыі не толькі медыцынскага персаналу, але і работнікаў абслугоўваючай сферы. Нават повары тут маюць вышэйшыя катэгорыі сваёй прафесіі. Дагледжанасць і парадак на тэрыторыі бачны на кожным кроку, пры гэтым архітэктурнае напаўненне пашыраецца і становіцца ўсё больш разнастайным. Многія пастаяльцы гадзінамі гуляюць па вулічных дарожках, бавяць час ў альтанках, скверах і нават у мясцовым заасадзе.

Сюды з’язджаюцца жадаючыя аздаравіцца з розных куткоў Беларусі, у расіян «Ружа Хутар» таксама даволі вядомы брэнд.
— Але ў жаданні атрымаць прыбытак мы, як і іншыя галіны беларускай эканомікі, строга прытрымліваемся сацыяльнай накіраванасці, прымаючы ўладальнікаў пуцёвак ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, — зазначыў Уладзімір Іванавіч.
Крыху статыстыкі
З 1 мільёна грамадзян Беларусі, якія летась адпачылі ў санаторыях краіны, 795 тысяч атрымалі такую магчымасць, дзякуючы льготным пуцёўкам па месцы працы або ад прафсаюзных арганізацый.
У дадатак, у санаторыі не забываюцца і пра адкрытасць для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, ствараючы безбар’ернае асяроддзе ва ўсіх карпусах і прапануючы шэраг адпаведных паслуг. Хаця і на гэтым накірунку межаў свайго патэнцыялу ўстанова яшчэ не дасягнула. З улікам чаго ў наступныя гады будзе толькі нарошчваць актыўную работу. Такую выснову ўдзельнікі семінара падтрымалі і ў якасці задачы на 2024 год для ўсёй санаторна-курортнай сістэмы краіны.

Пасля афіцыйнай часткі прайшло ўзнагароджванне лепшых падраздзяленняў і іх работнікаў. У прыватнасці, за вялікі ўклад у развіццё сістэмы санаторна-курортнага лячэння граматай Рэспубліканскага цэнтра адзначаны дырэктар «Ружанскага» Уладзімір Карпечкін. Узнагароды таксама атрымалі начальнік упраўлення маркетынгу Наталля Нашылава, намеснік дырэктара Сяргей Каралёў, начальнік упраўлення рэалізацыі Галіна Смірнова.
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік
Паглядзець фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_301527478 і https://ok.ru/budni/album/975072835720