У мінулую суботу ў Палацы культуры адбылася штогадовая цырымонія ўручэння прэмій дзецям Пружанскага раёна «Дараванне». Упершыню гэта мерапрыемства было праведзена ў 2012 годзе і з тае пары стала традыцыйным. Напрыканцы кожнага года ўрачыста падводзяцца вынікі дасягненняў пружанскай моладзі на міжнародным, рэспубліканскім і абласным узроўнях.
Нельга аспрэчваць тое, што падобная ўрачыстасць для кожнага дзіцяці і падлетка — адна з самых запамінальных падзей у яго юным жыцці. Таму рэжысёры, сцэнарысты, акампаніятары і самадзейныя артысты штогод прыкладаюць усе намаганні, каб гэта «мінута славы» стала сапраўды яскравым момантам адыходзячага года. І сёлетняе мерапрыемства было менавіта такім.
Арганізатары «Даравання — 2022» знайшлі, можна сказаць, выйгрышны падыход. Канец года і дзеці, і дарослыя заўсёды чакаюць з надзеяй у душы. Малыя ўпэўнены, што іх хутка парадуюць навагоднімі падарункамі. Таксама і дарослыя, нягледзячы на назапашаны з пражытым прагматычны вопыт, вераць у цуды Новага года, спадзяюцца, што год наступны прынясе больш прыемных навін. Таму з’яўленне на сцэне галоўных герояў навагодніх святаў — Дзеда Мароза і Снягуркі — было ўспрынята залай бурнымі авацыямі: значыць, надышоў час падарункаў.
Гэта і пацвердзіў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, з выступлення якога пачалася цырымонія ўручэння прэмій юным талентам. Міхаіл Міхайлавіч назваў прысутных у зале дзяцей самай лепшай візітоўкай нашага раёна.
— Дзякуючы вашым намаганням Пружаны штогод гучаць у розных кутках Беларусі і свету, — зазначыў старшыня райвыканкама.
Пераважная большасць адзначаных на міжнародным узроўні — прадстаўнікі творчых накірункаў. Сярод узнагароджаных вучні дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы, а таксама Ліноўскай і Ружанскай ДШМ. Прэміямі адзначаны і ансамблі танца «Круцёлачкі» (кір. Аксана Ільюшонак), «Рубікон» (Святлана Салавей), харавыя калектывы «Канфеці» (Юлія Макаранка), «Вітанак» (Ірына Буланькова), «Карамелькі» (Наталля Баган), «Вясёлка» (Кацярына Кукса), ансамблі дамрыстаў «Радужныя ноткі» (Марына Пстыга), трубачоў (Дзмітрый Ляўчук), «Паўлінка» (Кацярына Гуга), аркестры «Скамарошына» (Людміла Кавалевіч) і «Імпрэз» (Валянціна Захаркіў). Усе яны — яскравы доказ таго, што наша краіна экспартуе за мяжу любоў да музыкі, уласную культуру і мірныя звычаі беларускага народа.
На рэспубліканскім узроўні Пружаншчына таксама заняла нямала прызавых месцаў у творчых конкурсах, але сярод атрымальнікаў прэмій, якія ўручаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, былі і навучэнцы ўстаноў адукацыі, і спартсмены. Па сваю «мінуту славы» на сцэну ўзнімаліся вучні гімназіі, Параслянскай, Ружанскай, Варанілавіцкай СШ, Шаняўской СШ імя М.Засіма, а таксама выхаванцы Ружанскага шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю, Пружанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Кожнаму Мікалай Пятровіч жадаў чарговых поспехаў у 2023 годзе.
Самая вялікая колькасць узнагароджаных адзначана на абласным узроўні. Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які працягнуў цырымонію ўручэння, выказаў перакананне, што многіх прызёраў мы абавязкова ўбачым на такой жа цырымоніі ў 2023 годзе. А сёлетнімі героямі сталі вучні гімназіі, Ружанскай, Слабадской, Старавольскай, Шаняўской, Шарашоўскай, Ліноўскай, Параслянскай, Кляпацкай, Магілявецкай, Хараўской школ, СШ № 1 імя ЧБВА, СШ № 3, СШ № 4 і СШ № 5. З пазашкольных устаноў таксама былі намінанты, якіх выхавалі ЦТДМ, Ружанскі МПЦ, цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краяўзнаўства.
І ўпершыню за час правядзення раённай цырымоніі на сцэну былі запрошаны навучэнцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Сёлета двое вучняў гэтай установы на штогадовай абласной выставе-конкурсе ў рамках акцыі «Нашы дзеці» прадставілі творчую работу, якую падрыхтавалі пад кіраўніцтвам выхавальніцы Вольгі Варакінай і валанцёра з СШ № 1 імя ЧБВА Яны Вакульскай. Журы адзначыла твор Паўла Песнякова і Матвея Гамолы вышэйшым дыпломам. А на цырымоніі «Дараванне — 2022» прэмію ад кіраўніцтва раёна атрымаў Павел разам са сваёй настаўніцай. І, гледзячы на натуральную радасць узнагароджанага адразу разумееш праўдзівасць выказвання: «Магчыма ўсё!».
У наступным годзе будзе таксама нямала фестываляў, конкурсаў, алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў. Да некаторых пружанскія дзеці ўжо рыхтуюцца, іншыя чакаюць свайго часу. І прыклад узнагароджаных сёлета, а гэта 184 дзіцяці і 35 творчых, спартыўных калектываў сведчыць, што неадольных вышынь няма, яны абавязкова скорацца, калі верыць у сябе і сваю зорку.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з мерапрыемстваў у нашых групах па спасылках: https://vk.com/album-23306785_290360224 і https://ok.ru/budni/album/952773871752