У рамках рэспубліканскай акцыі «За бяспеку малой радзімы» ў Пружанскім РАНС адбыўся конкурс сярод грамадзян пенсіённага ўзросту па асновах бяспекі жыццядзейнасці «Мудрасць. Вопыт. Бяспека».
Пажылы ўзрост — гэта зусім не падстава сядзець у адзіноце перад тэлевізарам. І ў гэты перыяд можна цікава і карысна бавіць свой час. Патрабуецца толькі жаданне!
Яскравым пацвярджэннем гэтаму стала сумеснае мерапрыемства Пружанскага РАНС і аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва».
Мерапрыемства прайшло на базе Пружанскага РАНС, дзе выратавальнікі падрыхтавалі для ўдзельнікаў спаборніцкую праграму. Яна складалася з пяці конкурсаў: «Візітная картка», «Магістры асноў бяспекі», «Кемлівыя выратавальнікі», «Нашы рукі не ведаюць суму», «Спрытныя выратавальнікі».
Самыя актыўныя наведвальнікі аддзялення падзяліліся на дзве каманды. Трэба было паказаць свае веды, адказваючы на пытанні віктарыны, праявіць спрыт пры надзяванні амуніцыі выратавальнікаў, а таксама прадэманстраваць творчыя здольнасці. Зразумела, спатрэбіўся і жыццёвы вопыт.
Па выніках конкурснай праграмы перамагло сяброўства. Яе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, ганаровыя граматы і падарункі ад выратавальнікаў, а таксама вялізны зарад энергіі, шмат станоўчых эмоцый.
Начальнік Пружанскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Рыгор Рашанок, падводзячы вынікі, нагадаў пра неабходнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі ў побыце і пажадаў удзельнікам поспехаў і новых перамог.
Іна Карпіла, спецыяліст РАНС. Фота аўтара