Штогадовыя раённыя спаборніцтвы па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба не заўсёды ўдаецца правесці па снезе. Але гэты год падарыў магчымасць назіраць спаборніцтвы ў сапраўды зімовае надвор’е. І хоць на вуліцы было холадна, на трасе — зусім горача.

Удзел у спаборніцтвах прымалі вучні 2009-2014 гадоў нараджэння з 17 школ Пружаншчыны. Лыжныя гонкі са стральбой з вінтоўкі праходзілі ў трох узроставых катэгорыях.

У першы дзень юныя спартсмены спаборнічалі ў спрынце. У залежнасці ад узросту ўдзельнікам неабходна было прайсці 1800, 2400 і 3000 метраў, пераадолеўшы пры гэтым тры кругі з двума агнявымі рубяжамі. На кожным з іх спартсмен рабіў па 5 стрэлаў са становішча лежачы. За промахі даводзілася «намотваць» дадатковыя метры дыстанцыі. Усё як у дарослых.

У малодшай узроставай катэгорыі сярод дзяўчынак пераможцай стала вучаніца сярэдняй школы № 1 імя ЧБВА Дар’я Аблавушка. Другое месца заняла прадстаўніца СШ № 3 Вікторыя Грышкевіч. А замкнула тройку прызёраў Яна Скрабнева, якая прадстаўляла СШ № 4. У хлопцаў у гэтай жа ўзроставай катэгорыі не было роўных вучню чацвёртай школы Уладзіславу Адаську. Другое і трэцяе месца занялі прадстаўнікі трэцяй і Параслянскай сярэдніх школ — Данііл Кемеж і Арсеній Косміна.

У сярэдняй узроставай групе не пакінула ні адзінага шанцу сваім сапернікам вучаніца СШ № 3 Крысціна Шэпель. Дзяўчынка раней ужо перамагала ў раённых спаборніцтвах і ўдзельнічала ў «Снежным снайперы» нават на рэспубліканскім узроўні, пра што мы расказвалі на старонках газеты.

Соф’я Арцямук з СШ № 4 заняла ганаровае другое месца. А на трэцім размясцілася прадстаўніца гімназіі Ганна Стасевіч. У юнакоў у гэтай узроставай катэгорыі першым на фініш прыйшоў Павел Манчык са Слабадской СШ. Раман Салавей, вучань СШ № 4, размясціўся на другім месцы. Замкнуў тройку прызёраў прадстаўнік СШ № 3 Мікалай Севасцьянаў.

І, нарэшце, старэйшая ўзроставая катэгорыя. Тут пераможцай у дзяўчынак стала вучаніца СШ № 3 Ганна Кашуба. На другім месцы размясцілася Ганна Кардзіс з СШ № 4. А трэцяй стала гімназістка Крысціна Мацяш. У хлопцаў пераможцам стаў вучань усё той жа трэцяй школы Ілья Гацура. На другім месцы — спартсмен з СШ № 4 Міхаіл Салапонаў. Трэцяе дасталася прадстаўніку Кляпацкай СШ Дзмітрыю Цімашэнскаму.

На другі дзень спаборніцтваў спартсменаў чакала змешаная эстафета. У кожнай узроставай катэгорыі ўдзельнічалі каманды ў складзе двух чалавек: дзяўчынка і хлопчык. Адрозненне ад першага дня было толькі ў тым, што на кожным агнявым рубяжы спартсмен меў права зрабіць восем стрэлаў для паражэння пяці мішэняў.

У выніку пераможцай у малодшай узроставай групе стала каманда сярэдняй школы № 4. Ганаровае другое месца заняла каманда СШ № 3. На трэцім месцы размясцілася зборная гімназіі. У сярэдняй групе, наадварот, перамагла каманда трэцяй школы, а другой стала каманда СШ № 4 — памяняліся месцамі. Тройку замкнула каманда Мокраўскай СШ. У старэйшай узроставай групе перамогу святкавалі спартсмены ўсё той жа трэцяй школы. На другім месцы размясцілася каманда СШ № 4. На трэцім — Шарашэўскай сярэдняй школы.

Усе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі зарад энергіі і бадзёрасці, а прызёрам і пераможцам уручылі граматы, медалі і кубкі. Найлепшыя «снежныя снайперы» прадставяць наш раён на абласным этапе спаборніцтваў, які павінен адбыцца ў канцы студзеня — пачатку лютага.
Руслан Басак.
Фота аўтара
Многа фота са спаборніцтваў: https://vk.com/album-23306785_300969867 і https://ok.ru/budni/album/973626889608