Понедельник, 13 января 2025

Самоед Вайс проявил характер и попал в… школу

1 128

Самаед Вайс адразу стаў усеагульным любімцам у сям’і Купрэевых. Нягледзячы на памеры, ён сапраўды больш падобны на мяккую цацку, чым на сабаку, які можа праявіць характар. Як і ў людзей, так і ў сабак знешнасць бывае падманлівай.


Неўзабаве сям’я, у якой гадуюцца двое дзетак, сутыкнулася з сапраўднай праблемай: калі яшчэ дома Вайсу можна было даць рады, то падчас прагулак ён не выконваў ні адну каманду! Таццяне падказалі, што дапамагчы можа толькі кінолаг.
На сямейным савеце было прынята рашэнне аддаць Вайса ў “выпраўленчую ўстанову”. Але перашкодай стаў узрост: кінолагі звычайна працуюць з сабакамі да 1,5-2 гадоў — і ў некалькіх месцах ад трохгадовага хулігана адмовіліся. Пагадзіўся папрацаваць з дарослым сабакам Арцём Дрозд з Баранавіч. Забягаючы наперад, скажам, што працаваць яму давялося і з гаспадарамі.
Таццяна прызнаецца, што выпраўленне паводзін любімчыка сям’і каштавала нятанна. Затое праблема была вырашана ўсяго за месяц, і цяпер Вайс выконвае ўсе каманды, незалежна ад таго, дома ён ці на двары.
— Вайса забралі ад нас, і 10 дзён мы яго не бачылі. Перад першай сустрэчай Арцём папярэдзіў, што Вайс убачыць нас — і пачне “канцэрт”. Так і было. Нават не ведаю, як мне хапіла духу не забраць яго. Далей мы прыязджалі да яго кожныя 4-5 дзён і гадзінамі разам з Вайсам выконвалі загады Арцёма. Ён вучыў нас быць цвёрдымі, падбіраць правільныя інтанацыі, не даваць слабіну. Цяпер не сорамна выйсці з сабакам на двор, больш таго, не страшна адпусціць гуляць з ім і дачку. Аднаго шкада: цяпер з Вайсам аніякіх пяшчот.
Я ведаю, што з падобнымі праблемамі сутыкаюцца многія. Вялікі сабака — вялікая адказнасць. А мы ж у адказе за тых, каго прыручылі. Чым раней гаспадар непаслухмянай жывёлы звернецца да прафесіянала, тым хутчэй і лягчэй будуць выпраўлены хібы ў паводзінах.

Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.