Вторник, 22 апреля 2025

Самая юная команда за всю историю «Игр Разума»: «Мы не играем, мы тренируемся»

1 399

Ужо некалькі месяцаў прыкладна сотня пружанцаў двойчы ў месяц збіраецца, каб адпачыць з розумам. Менавіта такую фармулёўку для апісання новага для нас віду баўлення вольнага часу выкарыстоўваюць арганізатары “Гульняў Розуму”. Але мы ўсё ж не проста інтэлектуальна адпачываем, але і на самой справе мераемся розумам.

Шмат цікавых знаёмстваў прыносяць гэтыя сустрэчы. Неаднаразова перамогу  ў гульнях брала каманда “Лянота Цюленя”, якая складаецца з раней незнаёмых паміж сабой людзей. Двойчы святкавала поспех каманда з усяго чатырох удзельнікаў — “Міля”. “Хуткія кактусы” — гімназісты абышлі шэраг вопытных каманд і занялі другое месца падчас сваёй адзінай пакуль гульні.

Але асаблівую павагу выклікае самая малодшая каманда. Малодшая не толькі сярод пружанскіх гульцоў, але  і за ўсю гісторыю «Гульняў Розуму», якія праводзяцца ў суседніх гарадах. Пытанні гэтай гульні разлічаны на даволі эрудыраваных дарослых, і далёка не ўсе каманды знаходзяць правільныя адказы! Таму лагічна, што пяць гульняў запар вучні сёмых і восьмых класаў СШ №5 замыкалі турнірную табліцу.

Але на апошняй гульні здолелі абысці ажно  дзве каманды дарослых!

Дык вось, знаёмцеся – “Бліцкрыг-юні”. У рэдакцыю на сваё першае ў жыцці інтэрв’ю завіталі чатыры гульцы на чале з капітанам Славам Канашэвічам. Высветлілася, што падлеткі не проста бавяць час, а ўжо год адстойваюць гонар школы на турнірах “Што? Дзе? Калі?” абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Як і старэйшую каманду “Бліцкрыг”, іх сабраў настаўнік геаграфіі Юрый Уладзіміравіч Ляўчук.  Мяне найбольш уразіла, што гэтыя гульні з дарослымі дзеці ўспрымаюць як трэніроўкі перад сваімі асноўнымі спаборніцтвамі!

— А вось адкажыце чэсна, ці не крыўдна ўвесь час замыкаць турнірную табліцу? І ці не прапала жаданне ўдзельнічаць нароўні з дарослымі пасля першага паражэння?

— Першы вынік быў абсалютна заканамерны, нам проста хацелася паглядзець, што з гэтага выйдзе. У прынцыпе, гульня спадабалася, і калі аднойчы нам не хапіла толькі аднаго бала, каб апярэдзіць дарослую каманду, гуляць стала яшчэ цікавей.

— Вы, мабыць, усе выдатнікі? І наогул, наколькі на такога кшталту мерапрыемствах вам дапамагае школьная праграма?

— Выдатнік у нас толькі капітан, але ўсе мы добра вучымся. На гульнях серыі “Што? Дзе? Калі?” пытанні са школьнай праграмы бываюць рэдка, аказалася, што і на “Гульнях Розуму” таксама. Падручнік дапамог адказаць толькі на адно пытанне, якое выклікала цяжкасці ва ўсіх дарослых. Гэта пытанне пра «кустарнічак».

— Значыць, вы проста шмат чытаеце?

— Не ўсе ў камандзе аднолькава любяць чытаць. Нехта чытае больш, нехта — менш. Але ўсе мы цікавімся нейкімі тэмамі. Савелій Ляўчук і Мікіта Кудрэйка выдатна згулялі камп’ютарную тэму, бо яны ў ёй сапраўды разбіраюцца. Мікіта да таго ж захапляецца рок-музыкай, таму ў скарбонцы правільных адказаў у нас і гурт “Sabaton”, пытанне пра які адгадала яшчэ толькі адна каманда, і “AC/DC”. Саша Протас успомніў прозвішча легендарнага спартсмена Льва Яшына,  бо ён шмат ведае пра спорт наогул. Яшчэ мы адгадалі фільм “Эверэст”, бо Савелій разам з бацькам, нашым сэнсэем, у кінатэатры бачылі яго. Дзіўна, сам   Юрый Уладзіміравіч, які  гуляе за “Бліцкрыг”, гэта не ўспомніў. (Смяюцца).

— А раскажыце пра іншых членаў вашай каманды.

— Ганна Сахарук – адзіная дзяўчынка і ўпрыгожанне каманды. Любіць адказваць на пытанні па біялогіі і пра новыя тэхналогіі. Самы малодшы ў нас – Улад  Магілёў, ён толькі скончыў шосты клас, але, мабыць, больш за іншых радаваўся, калі мы абышлі дарослых. Мікіта Юркевіч і Андрэй Карэтка перайшлі ў восьмы клас, яны не толькі інтэлектуалы, але і шмат увагі надаюць спорту.

— Школьная праграма не дапамагае, чытаюць не ўсе… Дык у чым сакрэт?

— Нас усіх сабраў з розных класаў у адну каманду Юрый Уладзіміравіч Ляўчук. На працягу вучэбнага года, па суботах ён займаецца з намі дадаткова: дзеліцца сваімі ведамі, задае пытанні з розных гульняў, вучыць знаходзіць правільны адказ, зыходзячы з фармулёўкі пытання. Пасля гульняў у «Што? Дзе? Калі?» мы аналізуем свае адказы. Зразумела, калі нешта цікавіць, мы самастойна пачынаем вывучаць тэму глыбей.

— А для чаго вам гэтая дадатковая нагрузка?

— Па-першае, гэта вельмі цікава! Па-другое, гэта  развівае, трэніруе лагічнае мысленне, дае новыя веды. Мы самаўдасканальваемся. А яшчэ ўпэўнены, што новыя веды абавязкова некалі спатрэбяцца.

— Давайце вернемся да вашага асноўнага захаплення, да гульняў «Што? Дзе? Калі?». Раскажыце пра іх падрабязней.

— Гэта таксама вельмі цікава! Часам пытанні нават складанейшыя, чым на «Гульнях Розуму». Па выхадных мы ездзім у Брэст, Кобрын, Мінск і спаборнічаем са сваімі аднагодкамі. Мы не так даўно пачалі гуляць разам, таму нам ёсць да чаго імкнуцца. Вось у канцы мая вярнуліся з Мінска, дзе сталі 20-мі з 64 каманд.

Трэба сказаць, што школа нас вельмі падтрымлівае. Нам нават камандзіровачныя выдаюць!

— А што вы адчулі, калі на «Гульнях Розуму» ўся зала пачала скандзіраваць «Юні! Юні!»?

— Ой, гэта было так прыемна! Вялікі дзякуй усім за падтрымку. Гэта найлепшая ўзнагарода!

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

Фота Сяргея Свідзерскага.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *