Воскресенье, 8 декабря 2024

«Самая вялікая каштоўнасць — гэта мір!» Былы остарбайтар Вольга Тарасевіч — пра юнацтва, абпаленае вайной

474

Памяць з’яўляецца нашай выключнай здольнасцю. Дзякуючы ўнікальнай магчымасці запамінаць і суадносіць падзеі, якія адбываліся ў мінулым, мы па-іншаму глядзім на значнасць сённяшняга дня, усталёўваем сувязь паміж дасягненнямі былых пакаленняў і сучаснасцю, выбудоўваем прычынна-выніковыя сувязі паміж гістарычнымі працэсамі. Апроч ведання гісторыі, як сусветнай, так і айчыннай, вельмі важна памятаць мінулае сваёй сям’і. Менавіта гэтым ісцінам вучыла сваіх дзяцей Вольга Тарасевіч.

Вользе Майсееўне Тарасевіч праз месяц споўніцца 95 год. Яна пражыла доўгае, сумленнае жыццё. Канечне, яно не заўсёды было ласкавым і бясхмарным. Але не спяшайцеся ўзгадваць свае штодзённыя турботы. Параўнаць іх з выпрабаваннямі, якія выпалі на долю гэтай бабулі, проста немагчыма, бо яна спазнала сапраўдны жах.

Пэўная частка біяграфіі Вольгі Майсееўны шчыльна звязана з Вялікай Айчыннай вайной. Матчыны ўспаміны і сямейную гісторыю беражліва захоўвае дачка Вера Радзівончык, яна дапамагае маці, якая з-за ўзросту ўжо нешта забывае, апавядаць пра жыццё.

«У нас больш няма дома…»


Паміж невялікімі вёскамі Рудаўка і Дзетаветчына на хутары жыла сям’я Чарняк. Бацькі Майсей і Фядосся гадавалі семярых дзяцей: старэйшым быў Віктар, потым нарадзіліся блізняты Аляксей (памёр яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай) і Сафія, якую ўсе звалі Зосяй, Пётр, Вольга, Лідзія і Арсеній.

Чарнякі былі моцнымі сераднякамі. Усе ў сям’і атрымалі добрую для свайго часу адукацыю. Жылі дружна, працавалі якасна і сумленна, мелі ўласную гаспадарку (быў нават пчальнік). Словам, жылі так, што менш гаспадарлівыя суседзі зайздросцілі. Вольга Майсееўна нават прыгадала выпадак, як з гэтай прычыны падпалілі іх клуню.

Майсей быў прыхільнікам савецкай ідэалогіі, падтрымліваў камуністаў, распаўсюджваў агітацыйную літаратуру. За гэтую дзейнасць яго арыштавалі польскія ўлады ў Стоўбцах, але хутка вызвалілі, і ў 1939 годзе ён з вялікай радасцю сустракаў Чырвоную Армію.

Так, у сваіх клопатах і перажываннях, якія на той момант здаваліся вельмі значнымі, сям’я сустрэла 22 чэрвеня 1941 года…

— У тую нядзелю з раніцы сталі чутны выбухі каля Пружан, потым стала ціха, а праз некалькі дзён з’явіліся немцы, — узгадвае Вольга Майсееўна.

Гітлераўцы загадалі здаваць веласіпеды на свой пункт базіравання ў Сухопалі. У Чарнякоў было два веласіпеды, якія павялі ў паліцэйскі ўчастак бацька Майсей і старэйшы сын Віктар, які працаваў настаўнікам і піянерважатым у школе. Ужо на зваротным шляху па наводцы мясцовага здрадніка мужчын затрымалі, пасадзілі ў Пружанскую турму. У хуткім часе Віктара расстралялі, а Майсей праз нейкі час трапіў у канцлагер, адкуль ужо не вярнуўся…

Долю остарбайтара ў сям’і Чарнякоў першай спазнала Зося. Адразу летам 1941-га прыйшоў загад вывезці працаздольнае маладое насельніцтва ў Германію. Зося ўвайшла ў «першую партыю» і ва ўзросце 17 гадоў пакінула родны дом. Яна наведала Беларусь толькі ў 1958 годзе…

Дзяўчына трапіла ў Польшчу да баўэра, зблізілася з польскай сям’ёй, такімі ж паднявольнымі работнікамі, а пасля заканчэння вайны выйшла замуж за новага сябра і засталася там.

— У адну з паездак на радзіму цётка Зося сфатаграфавала сасну паміж Дзетаветчынай і Вялікім Краснікам. Менавіта да яе немцы сагналі моладзь з навакольных вёсак і грузілі ў машыны на вываз у Германію, — кажа Вера Мікалаеўна. — Уявіць страшна, што перажывала мая бабуля Фядосся…

А восенню 1941 года прыйшла чарга і яе самой, і астатніх дзяцей. Гітлераўцы сталі вывозіць жыхароў пушчанскіх вёсак, а самі населеныя пункты спальваць.

— Немцы прыйшлі нечакана, загадалі браць усё, што пажадаем, і рушыць наперад. Груба кідалі нас на павозкі, пхалі ў грузавікі, усё рабілі хутка, каб не даць людзям апамятацца. Ды, па вялікім рахунку, спробы даць адпор былі бессэнсоўнымі: што б мы з голымі рукамі зрабілі супраць аўтаматаў… І палілі, усё агнём палілі! — успамінае Вольга Майсееўна.

— Выпрабаванні лёсу напаткалі маіх бацькоў адначасова. І маму, і тату, і яшчэ шмат ні ў чым невінаватых людзей у адзін момант пазбавілі дома і вывезлі працаваць як рабоў. Людзі былі вымушаны кінуць усё, што шмат гадоў набывалі, тое, дзеля чаго працавалі не складаючы рук, — адзначае Вера Радзівончык.

У вёсцы Новы Двор на Гродзеншчыне яны перабылі зіму з 1941 па 1942 год, мясцовыя жыхары ставіліся да іх з разуменнем. Потым вялікую групу «працаўнікоў з Усходу» перавезлі ў Рось, далей — у Ваўкавыск, дзе была чыгуначная станцыя, і ўжо адтуль таварнякамі павезлі ва Усходнюю Прусію.

Цяжкая праца на чужыне


Калі сем’і беларусаў апынуліся ва Усходняй Прусіі, іх адразу з цягніка паставілі ў шэрагі, як рабоў, на продаж. І кіраўнікі маёнткаў, якія належалі нямецкім баўэрам, выбіралі сабе работнікаў. Перавагу аддавалі сем’ям, у якіх было больш «працаздольных адзінак».

Чарнякі трапілі ў пасёлак Альт Катэнаў (цяпер гэтае месца знаходзіцца на тэрыторыі сучаснага Калінінграда). Так Вольга Майсееўна разам з маці, двума братамі і сястрой апынулася на сельскагаспадарчым прадпрыемстве, «шэфства» над Чарнякамі ўзяў упраўляючы гаспадаркі Гросман.

Гэта адбылося восенню 1942 года. Прыехалі ў лёгкім, нягодным адзенні: з дому ж з‘ехалі амаль год таму. Але немцы пагутарылі паміж сабой і ў хуткім часе прынеслі «працаўнікам з Усходу» адзенне і «кломпы» — драўляны абутак.

Жыць сталі ў нейкім падабенстве барака, дзе ў кожнай сям’і былі свае невялікія памяшканні, з асобнымі дзвярмі ў маленькі пакой, была таксама і куханька з адным акном. Гатавалі сабе самастойна. Ежы хапала, хаця яна не адрознівалася разнастайнасцю і смачнасцю. Таксама ўпраўляючы выдаваў цукар і каву, якую беларусы нават аддавалі бяднейшым немцам: гэтага напою было з лішкам. Дагэтуль былая вязніца выпівае два кубкі кавы ў дзень: засталася звычка з тых часоў.

Даводзілася шмат працаваць. Дзяўчынцы было вельмі цяжка.

— Раскідвалі гной, ды столькі, што пухлі рукі. Нягледзячы на гэта, мяне ні разу не пакінулі дома, каб падлячыцца. Перавязвалі раменьчыкамі апухлыя рукі, каб не так балела, і адпраўлялі на палеткі, — расказвае Вольга Тарасевіч.

З цягам часу да маленькай Волькі прывыклі і, можна сказаць, нават палюбілі. Спрытная, жвавая дзяўчынка хутка і ладна працавала, таму, напэўна, і заслужыла павагу. Яе перавялі на больш простую працу, часта стары немец браў яе з сабой на выезды ў якасці вазніцы.

Таксама Вера Мікалаеўна ўзгадала цікавы факт з ранейшых аповедаў сваёй маці. Апроч остарбайтараў, на гэтым маёнтку працавалі палонныя французы і бельгійцы. І яны, бачачы, як маленькая дзяўчына з апошніх сіл змагаецца з віламі, рабілі выгляд, што не заўважаюць, апускалі вочы долу, стараліся хутчэй скончыць свой участак, каб пайсці адпачываць. Пазней на прымусовыя работы прывезлі палонных рускіх і ўкраінцаў. З іх прыходам у калектыве запанавала ўзаемадапамога і падтрымка. Так Вользе стала значна лягчэй пераносіць не толькі цяжкую фізічную працу, але і душэўныя выпрабаванні.

— Аднойчы палонныя вырашылі збегчы. У тую ноч вельмі моцна стралялі. Мусіць, спроба нашых хлопцаў скончылася правалам, бо мы іх ужо ніколі не бачылі… — успамінае былая вязніца.

Вяртанне


Восенню 1944 года фронт набліжаўся да Усходняй Прусіі. У сувязі з гэтым немцы сталі збірацца і ад’язджаць на Захад, пры гэтым забіралі з сабою зерне і… бясплатных працаўнікоў. Нямала давялося вытрымаць Чарнякам, пакуль яны сустрэлі Чырвоную Армію. Сям’я была вызвалена ў студзені 1945 года.

— Пётр дасягнуў паўналецця і яго прызвалі ў армію. А бабуля Фядосся вярталася на Радзіму з дзвюма дочкамі — Воляй і Лідай — і малодшым сынам Арсеніем, — распавядае Вера Мікалаеўна.

Па ўспамінах Вольгі Майсееўны, на шляху дамоў іх застала суровая зіма. Але не толькі холад прымушаў пакутаваць: не было паратунку ад вошаў. З гэтай прычыны начавалі, дзе прыйдзецца, нават не спрабавалі ісці да людзей.

Цудам пашанцавала дабрацца да Маладзечна, адтуль «караван» былых вязняў перабраўся ў Ваўкавыск. Апошнія сілы імкліва пакідалі ахвяр вайны, стомленыя людзі ўжо не маглі ісці. І тады было вырашана адправіць Вольгу разам з сяброўкай Верай Чарнякевіч (яны разам вучыліся ў школе) у той самы Новы Двор, дзе правялі першую ваенную зіму, каб наняць каго-небудзь з падводай.

Лютай зімой у драўляных «кломпах» ішлі дзяўчынкі-падлеткі шукаць дапамогу. Абедзве абмарозілі ногі, смяротна стаміліся, і Воля без сіл апусцілася на снег, адмовілася працягваць рух, маўляў, скарылася перад бясконцымі выпрабаваннямі… Але Вера не дала ёй згаснуць, падтрымала, прымусіла падняцца і ісці далей. Да слова, Вольга Тарасевіч назвала дачку ў гонар сваёй сапраўднай сяброўкі.

Гаспадары з Новага Двара прынялі дзвюх змучаных дзяўчат, а ў хуткім часе далі прытулак і іх сваякам. У спрыяльных умовах былыя остарбайтары хутка ачунялі і рушылі на малую радзіму.

Чарнякі прыехалі ў Сухопаль, часова спыніліся ў цёткі. Адтуль хадзілі на свой хутар і паступова будавалі новы дом, значна меншы за папярэдні. Вользе, як старэйшай, зноў жа такі прыходзілася няпроста: добрая доля працы па гаспадарцы ляжала на яе кволых плячах, але сям’я трымалася разам і ўсе адзін аднаму дапамагалі.

У 1948 годзе Вольга Майсееўна выйшла замуж. Сям‘я пасялілася ў Борках, нарадзіліся двое дзяцей. Цяпер у бабулі трое ўнукаў і шэсць праўнукаў. Толькі заўчасна пайшоў з жыцця муж Мікалай, яму было ўсяго 53 гады.

— Мама часта гаварыла пра вайну. Бывае, што ветэраны не любяць вяртацца да гэтых жудасных успамінаў, стараюцца пакінуць траўміруючы вопыт на задворках памяці. Але мама лічыла патрэбным дакладна нам усё перадаць, выхаваць нас неабыякавымі людзьмі, — кажа Вера Радзівончык.

Таму свята Перамогі з’яўляецца для нашчадкаў вялікай сям’і Чарняк сапраўды вялікай, свяшчэннай падзеяй.

— Не дай Бог такога пабачыць, дзеткі! Паверце, самая вялікая каштоўнасць — гэта мір! Я шчыра хачу, каб больш ніхто не перажыў такога. Памятайце пра Вялікую Перамогу, не забывайце, каб ніколі больш не паўтарылася пекла на зямлі, — са слязьмі на вачах заклікала былая вязніца Вольга Майсееўна  Тарасевіч.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік і з сямейнага архіва В.М.Тарасевіч.