Ужо пасля некалькіх хвілін зносін з Анастасіяй Самайловіч відавочна: гэтая дзяўчынка вылучаецца сярод сваіх аднагодкаў. Неверагодная актыўнасць, невычарпальная энергія, шырокая эрудыцыя, усебаковая адукаванасць, непадлеткавая мэтанакіраванасць — гэтыя і многія іншыя якасці дазваляюць ёй займаць лідарскую пазіцыю не толькі ў сваім дзявятым класе, які яна сёлета заканчвае. Больш за тое, Насця сёлета была прызнана лепшай на раённым конкурсе «Лідар года», на якім яна заявіла пра сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю і паказала аратарскае майстэрства.
— Нягледзячы на тое, што ў бягучым навучальным годзе давялося больш старанна вучыцца (наперадзе экзамены за курс базавай школы), гэта быў, бадай, самы насычаны перыяд, — прызнаецца Насця. — Летась, як член БРСМ, я прыняла ўдзел у валанцёрскім руху на тэрыторыі Польшчы: мы віншавалі з Калядамі выхаванцаў дзіцячых дамоў. Удзельнічала ў лідарскім форуме, які праводзіўся ў «Зубраняці». Варта зазначыць, гэта быў мой першы сур’ёзны вопыт удзелу ў лідарскім руху. І, павінна прызнацца, ён пакінуў свой след у маёй свядомасці: мяне натхнілі на далейшую работу ў гэтым накірунку.
Не дзіўна, што, калі настаўніца прапанавала гімназістцы прыняць удзел у раённым конкурсе «Лідар года — 2018», тая згадзілася.
У конкурсным відэароліку Анастасія Самайловіч расказала пра сябе, свае дасягненні і сваю лідарскую праграму. А расказаць ёй сапраўды ёсць што. Выдатніца вучобы ў гімназіі, яна рэгулярна займае прызавыя месцы на прадметных алімпіядах. Сёлета, напрыклад, набрала найбольшую колькасць балаў па англійскай мове, паказала трэці вынік па рускай. Акрамя таго, яна закончыла ДШМ імя Р.Шырмы па класе фартэпіяна, умее іграць на гітары. Больш за тое, падбірае музыку на мелодыі, якія палюбіліся, піша яе сама, складае вершы і выконвае кавер-версіі на папулярныя песні. У свой час дзяўчынка нават займалася танцамі. Дзевяноста дзевяць са ста мерапрыемстваў, якія праходзяць у гімназіі, не абыходзяцца без яе непасрэднага ўдзелу.
Нягледзячы на пастаянную занятасць, Насця заўсёды знаходзіць час для чытання.
— Можна сказаць, што ў мяне сапраўднае памяшальніцтва на кнігах, — усміхаецца дзяўчынка. — Шмат твораў ужо прачытала, але спіс тых, на якія трэба яшчэ знайсці час, у шмат разоў большы. Словам, чым заняць сябе летам, я ведаю.
Сваімі аратарскім майстэрствам і ўсебаковымі інтарэсамі гімназістка з Пружан змагла ўразіць і журы абласнога этапу «Лідар года». Хаця прызавога месца ёй не дасталося, усё ж заслужаная ўзнагарода — кубак і грамата ад ГА «БРСМ», аднаго з арганізатараў конкурсу, — яе знайшлі.
Пружанскі маладзёжны лідар года зазначае:
— Удзел у конкурсе толькі яшчэ больш падмацаваў маё жаданне стаць спецыялістам у галіне юрыспрудэнцыі.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.